Удары хусітаў — удары па хусітах. Што нясе канфрантацыя ў Чырвоным моры?
Ранак мінулай пятніцы прынёс навіны аб ударах, нанесеных авіяцыяй Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі па аб’ектах, размешчаных на тэрыторыі Емену, якія выкарыстоўваюцца хусітамі для атакаў на караблі ў Чырвоным моры. Нельга казаць, што гэтыя навіны былі зусім нечаканымі, але яны, у сваю чаргу, могуць зрабіць крыху менш нечаканымі і іншыя, больш драматычныя падзеі.
І адкуль такія бяруцца?
Хоць слова «хусіты» пачало з’яўляцца ў навінных стужках досыць даўно (прынамсі, дзесяць год таму, калі яны развязалі грамадзянскую вайну ў Емене), тым не менш толькі ўвосень мінулага года яны пачалі прэтэндаваць на значную частку ўвагі журналістаў і экспертаў. Першапачаткова мірны і з шырокімі поглядамі на жыццё рух, які ўзнік у пачатку 90-х мінулага стагоддзя, нарадзіў куды менш талерантнае адгалінаванне. Гэтае адгалінаванне, якое атрымала назву «Ансарала» («Памочнікі Бога»), выступала супраць тагачаснай дыктатуры, што панавала ў Емене з канца 70-х. Але ў ейнай ідэалогіі досыць выразна прасочваліся антыізраільскія і антыамерыканскія настроі. Некаторыя сцвярджаюць, што на іхняе фармаванне свой уплыў пакінулі дзеянні міжнароднай кааліцыі ў Іраку ў 2003-м. Але некаторыя факты сведчаць, што шырока вядомы цяпер лозунг хусітаў: «Бог найвялікшы, смерць Амерыцы, смерць Ізраілю, праклён габрэям, перамога ісламу!», з’явіўся ў групоўкі прынамсі за пару год да пачатку Ірацкай аперацыі.
Паколькі хусіты прытрымліваюцца шыіцкага кірунку ў ісламе, дык іхнімі натуральнымі хаўруснікамі зрабіліся шыіцкая ліванская групоўка Хезбала і Іран, які заўжды за любую антыізраільскую і антыамерыканскую бучу, асабліва калі гэтая буча — шыіцкая. З іншага боку, такія пазіцыі аддзяляюць іх ад іншых краін арабскага свету, у першую чаргу тых, хто не па-сяброўску настроены ў дачыненні шыітаў і Ірана.
Гэта вылілася ў канфлікты паміж хусітамі і кааліцыяй арабскіх краін на чале з Саўдаўскай Аравіяй. У 2015-м кааліцыя, у якую ўвайшлі таксама Бахрэйн, Катар, Кувейт, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Ярданія, Марока, Судан і Егіпет, нанесла паветраныя ўдары па аб’ектах хусітаў. Адказу з боку хусітаў давялося чакаць сем год, затое ён грымнуў і ў простым, і ў пераносным сэнсе. 17 студзеня 2022-га хусіты ўпершыню нанеслі ўдары ракетамі і дронамі па прамысловых цэлях у ААЭ, вынікам чаго былі пажары і гібель трох замежных рабочых. Такім чынам, хусіты ўпершыню прадэманстравалі наяўнасць у іх здольнасці нанасіць удары па замежных аб’ектах — як палітычную, так і тэхнічную.
Жыхары пустэльні, якія нясуць пагрозу марскому гандлю
Але ў большай ступені, чым для наземных аб’ектаў, дзеянні хусітаў нясуць пагрозу для марскога судаходства. Геаграфічнае размяшчэнне Емену дазваляе хусітам кантраляваць рух караблёў з Індыйскага акіяну праз Баб-эль-Мандэбскую пратоку ў Чырвонае мора і далей да Суэцкага каналу.
Калі з тэрарыстычнай атакі на Ізраіль 7 кастрычніка мінулага году пачалася вайна ў Газе, хусіты адразу прынялі бок хамасаўцаў. З 19 кастрычніка яны пачалі нанасіць удары па тэрыторыі Ізраіля, але ў хуткім часе аб’ектамі атакаў зрабіліся гандлёвыя караблі ў Чырвоным моры. Вайсковы спікер хусітаў Ях’я Сар’я абвесціў, што атакаваны будзе любы карабель, які накіроўваецца ў порты Ізраілю. А паколькі па сілуэту карабля досыць складана вызначыць, у які порт ён накіроўваецца, дык пад удар рызыкуе трапіць абсалютна любы карабель. На пачатак 2024-га пад удары хусітаў трапілі як мінімум 17 караблёў.
Дзеля нанясення ўдараў хусіты выкарыстоўваюць самыя разнастайныя сродкі, у тым ліку — ракеты, дроны, а таксама хуткаходныя катэры, каманды якіх ажыццяўляюць захопы транспартных караблёў, быццам, «дзеля праверкі, ці не ў Ізраіль яны ідуць». Такім чынам, напрыклад, 30 снежня мінулага году быў ажыццёўлены захоп буйнога кантэйнеравозу «Ханчжоў» пад сцягам Сінгапуру. Карабель быў хутка вызвалены сіламі міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША (пры гэтым былі патоплены тры катэры хусітаў і загінула 10 чалавек, з ліку экіпажу «Ханчжоў» і байцоў кааліцыі ніхто не пацярпеў). Але галоўным вынікам інцыдэнту было тое, што адна з найбуйнейшых транспартных кампаніяў у галіне марскіх перавозак — Maersk, якой належыць і «Ханчжоў», абвясціла на 48 гадзінаў перапынак у сваіх аперацыях у Чырвоным моры. 2 студзеня перапынак быў працягнуты «да далейшых паведамленняў».
Калі зірнуць на марскі трафік у Чырвоным моры, ён нагадае мурашыную сцежку, па якой у абодвух кірунках — ад Індыйскага акіяну да Суэцкага каналу і ў зваротны бок бесперапынным шнурочкам ідзе вялікая колькасць караблёў. На гэты марскі маршрут, які ёсць найкарацейшым шляхам, што знітоўвае істотныя цэнтры сусветнай эканомікі ў Еўропе, Паўночнай Афрыцы, Паўднёвай, Паўднёва-Усходняй і Усходняй Азіі, прыпадае 40% камерцыйных перавозак паміж Азіяй і Еўропай, 30% сусветных кантэйнерных перавозак і 12% сусветнага трафіку тавараў у цэлым. Штодзённа праз Суэцкі канал праходзіла 30 млн барэляў сырой нафты.
Адмова марскіх транспартных кампаніяў ад выкарыстання гэтага маршруту ў значнай ступені запаволіць вытворчасць самых розных тавараў. Вынікам хусіцкіх атакаў сталася тое, што трафік праз Баб-эль-Мандэбскую пратоку ў апошнія два месяцы 2023-га знізіўся на 35%. Сусветны гандаль у цэлым за снежань мінулага году скараціўся на 1,5%. Старадаўні маршрут вакол усёй Афрыкі, да якога транспартныя кампаніі вымушаны вяртацца праз атакі хусітаў, толькі за кошт паліва падвышае транспартныя затраты больш чым на 900 тыс. эўра для кожнага караблю. Гэта значыць, што кошт перавозкі аднаго стандартнага кантэйнеру ўзрастае з 1 600 даляраў да 4 500. А гэта, адпаведна, адаб’ецца на выніковых цэнах для спажыўцоў, што закране і такіх далёкіх ад усіх гэтых блізкаўсходніх праблемаў беларусаў.
Больш за тое, дзеянні хусітаў прыводзяць да перапынення ланцугоў паставак, што непасрэдна ўплывае на сусветную вытворчасць тавараў. Кампанія Tesla ўжо абвесціла аб прыпыненні працы свайго заводу ў Берліне. Таксама пра затрымку камплектуючых, што негатыўна ўплывае на вытворчасць, кажуць у кампаніі Ikea.
Чырвоныя лініі Чырвонага мора
Страты, якія праз удары хусітаў ужо нясе сусветная эканоміка, патрабуе хуткай і рашучай рэакцыі. Прынамсі, такой пазіцыі прытрымліваецца міжнародная кааліцыя, якая па ініцыятыве ЗША была ўтвораная ў снежні мінулага году. 18 снежня было абвешчана аб пачатку аперацыі «Вартавы росквіту», задача якой — гарантаваць бяспеку марскім перавозкам праз Баб-эль-Мандэбскую пратоку і Чырвонае мора.
Першапачаткова ўдзел у аперацыі дэкларавалі дзесяць краінаў, цяпер іхняя колькасць вырасла да 20. Сярод краінаў-удзельніц можна адзначыць ЗША, Брытанію, Канаду, Бахрэйн, Аўстралію, Данію, Грэцыю, Нідэрланды, Нарвегію, Шры-Ланку, Сейшэлы. Раней у спісе прысутнічалі Францыя, Італія, Гішпанія, але яны адмовіліся ад далейшага ўдзелу. Таксама не прымаюць удзелу ў аперацыі Егіпет і Саўдаўская Аравія, хоць яны маюць непасрэдны інтарэс у бяспецы марскіх маршрутаў у Чырвоным моры.
3 студзеня кааліцыя абвясціла хусітам ультыматум, у якім патрабавала спыніць атакі на караблі. 10 студзеня ўжо Рада Бяспекі ААН прымае рэзалюцыю з аналагічным патрабаваннем. Пры гэтым ні Расія, ні Кітай не скарысталіся сваім правам вета, хоць і ўстрымаліся ад галасавання. Разам з імі ўстрымаліся яшчэ дзве краіны: Мазамбік і Алжыр.
Гэтыя ультыматумы і папярэджанні на хусітаў не падзейнічалі. Больш за тое, у дзень прыняцця рэзалюцыі ААН хусіты нанеслі моцны ўдар па групоўцы караблёў міжнароднай кааліцыі. Па інфармацыі, агучанай Цэнтральным камандаваннем узброеных сілаў ЗША, хусіцкая групоўка «Ансарала» ў ноч на 10 студзеня выпусціла па амерыканскіх і брытанскіх караблях у Чырвоным моры 18 дронаў, дзве крылатыя ракеты і адну балістычную супрацькарабельную ракету.
Усе аб’екты былі перахоплены чатырма амерыканскімі і адным брытанскім эсмінцамі, але сам факт атакі на баявыя караблі кааліцыі быў успрыняты як пераход хусітамі чырвонай лініі. У ноч на 12 студзеня авіяцыя кааліцыі нанесла ўдары па 60 цэлях у 16 лакацыях. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра месцы запуску дронаў і ракетаў, а таксама склады з узбраеннем. Пры гэтым час для нанясення ўдараў быў абраны адмыслова з мэтай мінімізаваць чалавечыя ахвяры.
Пакуль цяжка ацаніць ваенныя вынікі ўдараў (хусіты сцвярджаюць, што яны — мінімальныя, хоць спадарожнікавыя здымкі дэманструюць разбурэнні шэрагу аб’ектаў). Відавочна, што яны ня спыняць атакі хусітаў, у тым ліку — супраць баявых караблёў кааліцыі. Як відавочна, што ўдары па хусіцкіх аб’ектах таксама працягнуцца. Галоўнае пытанне: які тэрмін можа працягвацца гэтая гульня.
Што далей?
Нягледзячы на відавочную розніцу ў вайсковым і эканамічным патэнцыяле, хусіты не выглядаюць хлопчыкамі для біцця. Гісторыя процістаяння кааліцыі на чале з Саўдаўскай Аравіяй з’яўляецца добрым таму пасведчаннем. Аб тым жа сведчыць і тая зброя, якую яны маюць. Варта нагадаць хаця б той факт, што яны ўжо ўвайшлі ў гісторыю як адзін з бакоў першага баявога сутыкнення ў космасе. Гэта адбылося 31 кастрычніка мінулага году, калі ізраільцяне пры дапамозе сваёй супрацьракетнай сістэмы «Страла-2» перахапілі запушчаную хусітамі балістычную ракету. Перахоп адбыўся за межамі зямной атмасферы, то бок у космасе.
Зразумела, што ўсё гэтае ўзбраенне хусіты атрымліваюць ад свайго галоўнага саюзніка — Ірану. Але ад умення прымяняць тую зброю таксама шмат чаго залежыць. Ну і, канечне, істотную ролю адыгрывае воля да працягу абранага кірунку дзеянняў. А гэта ў хусітаў прысутнічае. Пасля ўдару ў пятніцу (і ягонага працягу ў суботу) лідары групоўкі абвясцілі пра «непазбежны адказ» на «праяву барбарскай агрэсіі» з боку міжнароднай кааліцыі. Праўда, канкрэтных дзеянняў з іхняга боку яшчэ не было.
Міжнародная рэакцыя на амерыкана-брытанскія ўдары выглядае досыць спакойнай. Прадказальна падтрымалі яе традыцыйныя саюзнікі ЗША. Традыцыйна выказаліся рэзка супраць традыцыйныя праціўнікі. Перш за ўсё — Іран і Расія. Таксама традыцыйнай робіцца і негатыўная рэакцыя прэзідэнта Турэччыны Эрдагана на падобныя дзеянні ягоных, быццам, саюзнікаў па НАТО. Праўда, мала хто лічыць, што жорсткія словы Эрдагана ў адрас ЗША будуць мець працягам гэтакія ж жорсткія дзеянні.
Ня варта сур’ёзна ставіцца і да засцярогаў наконт кансалідацыі ўсяго арабскага свету супраць ЗША і іхніх заходніх хаўруснікаў. Калі паглядзець на склад цяперашняй кааліцыі, у ёй можна заўважыць шэраг арабскіх краінаў. Саўдаўская Аравія не выказалася ў падтрымку атакі на аб’екты хусітаў, але й не асудзіла яе. Ейная рэакцыя, хутчэй, выглядае нейтральнай, з традыцыйнымі заклікамі да міру і бяспекі. Нейтральна выказаўся Кітай. Хоць сітуацыя ў раёне Чырвонага мора ставіць пад пагрозу ягоныя высілкі па стабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне, што вылілася ў мінулым годзе ў падпісанне дамовы паміж Саўдаўскай Аравіяй і Іранам. Але, як бачна, падпісанне дамовы — адно, а рэальнае пераадоленне варожасці і супярэчнасцяў — зусім іншае. Таму тым больш ня варта чакаць нейкага аб’яднання ў барацьбе супраць «калектыўнага Захаду» такіх краін як Іран і Саўдаўская Аравія (а разам з ёй — і ўсяго арабскага свету).
Што тычыцца ўплыву на сусветную эканоміку, дык тут таксама прагнозы, мо, не суцяшальныя, але й не катастрафічныя. Нафтавы рынак адрэагаваў на чарговую эскалацыю ў Блізкаўсходнім рэгіёне па традыцыі вяла. Цэны на нафту ледзь-ледзь скокнулі да адзнакі ў 80 даляраў за барэль, але ўжо паўзуць уніз. Пры гэтым прагнозы некаторых трэйдэраў, што ў сакавіку нафта пераадолее планку ў 100 даляраў за барэль (безадносна да сітуацыі на Блізкім Усходзе) успрымаецца большасцю экспертаў і ўдзельнікаў рынку больш чым скептычна.
У цэлым сітуацыя ў раёне Чырвонага мора выглядае досыць прадказальнай. Хусіты будуць нанасіць свае ўдары, міжнародная кааліцыя будзе нанасіць па іх удары ў адказ. Іран будзе абяцаць прадэманстраваць амерыканцам «кузькіну маць», але пры гэтым уважліва сачыць, каб нават ускрайку гэтай маці ня выслізнула з-пад ягоных шырокіх штанінаў. Бо поўнамаштабная вайна не патрэбна нікому. І іранцам, бадай, у першую чаргу. Бо ведаюць, што баланс сілаў не на іхнюю карысць складаецца.
Але акурат у гэтай прадказальнасці можа хавацца найвялікшая пагроза для рэгіёну (і, можа, ня толькі для яго). Усе імкнуцца пакінуць уражанне на праціўніка, задушыць яго дэманстрацыяй сваёй сілы і ўпартасці ў дасягненні мэтаў. Па выніку цесная Баб-эль-Мандэбская пратока паміж Еменам і афрыканскім узбярэжжам пачынае нагадваць густы суп з амерыканскіх авіяносных групаў, брытанскіх эсмінцаў, караблёў іншых краін міжнароднай кааліцыі, хуткасных катэраў хусітаў і іранскіх баявых караблёў.
У такой канцэнтрацыі варожых адна адной сілаў, ды яшчэ й з знятым «табу» на выкарыстанне зброі адна супраць адной, вельмі лёгка будзе і далей пераходзіць праз «чырвоныя лініі». І вось тут ужо ніхто не прадкажа, за якой з гэтых лініяў свет ад прадказальнай сітуацыі пяройдзе да некантраляванага росту эскалацыі. Такое ў гісторыі ўжо здаралася. І прыводзіла, у тым ліку, да глабальных канфліктаў. І тут застаецца толькі спадзявацца, што у нас будзе выключна тэарэтычная магчымасць вывучаць падобныя мадэлі развіцця сітуацыі.