Вайна за Чырвонае мора. Дасье ў карыкатурах
У ноч на 12 студзеня авіяцыя і баявыя караблі ЗША і Вялікабрытаніі нанеслі ўдары па ваенных аб'ектах групоўкі хусітаў у Емене. Падобна, на карце свету з'явілася новая гарачая кропка. На гэтую тэму адрэагавалі і карыкатурысты розных краін.
У Пентагоне паведамілі, што мэтай удараў ЗША і саюзнікаў у Емене былі беспілотнікі, балістычныя і крылатыя ракеты, берагавыя радары і сродкі паветранага назірання хусітаў. Па ўдакладненых даных, нападу падвергліся 60 цэляў.
Як ні кур'ёзна, аднак куды большую цікавасць на Захадзе выклікала не сама атака, а казус кіраўніка Пентагона Лойда Осціна. Напярэдадні аперацыі ён знік. Ужо пасля атакі стала вядома, што ён у шпіталі з ракам прастаты. Аднак, як высветлілася, шэф Пентагона не перадаў свае паўнамоцтвы ніводнаму з намеснікаў. Таму не зразумела, хто аддаваў загад аб удары па хусітах? Гэтая тэма вельмі цешыць заходніх карыкатурыстаў. Адзін з іх прапануе чытачам знайсці на сваім малюнку зніклага генерала.
У спецзаяве прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн назваў вайсковую аперацыю прамым адказам на напады хусітаў на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры. Нагадаем, што пасля пачатку аперацыі ў сектары Газа мусульманскі свет ахапілі антызаходнія настроі. Хусіты адкрытым тэкстам абвясцілі Ізраілю вайну і пачалі атакаваць танкеры, чыі ўладальнікі былі неяк звязаныя з Ізраілем або з краінамі Захаду. Падчас 27 нападаў хусітаў на гандлёвыя судны пацярпелі больш за 50 краін. Экіпажы больш чым з 20 краін падвяргаліся пагрозам або былі ўзяты ў закладнікі. Візуальна адзін з мастакоў убачыў блакаду наступным чынам.
Зрэшты, напады хусітаў на караблі гэта вярхушка айсберга. Чым даўжэй працягваецца блакада, тым больш складанымі становяцца эканамічныя праблемы. Чырвонае мора — адзін з галоўных суднаходных гандлёвых маршрутаў паміж Азіяй, Блізкім Усходам і Еўропай. Трафік праз яго складае каля 10 працэнтаў сусветных перавозак. Праз хусітаў больш за 2 тыс. судоў былі вымушаны адхіліцца на тысячы міль, што выклікала тыднёвыя затрымкі ў дастаўцы тавараў. Выданне Opinion прапануе ўсім марскім экіпажам, караблі якіх вымушаны аб'язджаць Афрыку з-за хусітаў, набываць гадзіннікі для адліку часу затрымкі пастаўкі грузу.
Трэба прызнаць, што акцыя супраць хусітаў выклікала супярэчлівыя адзнакі ў грамадствах ЗША і Вялікабрытаніі. Справа ў тым, што тут вайсковыя аперацыі павінны санкцыянаваць парламент. Аднак ні Байдэн, ні Сунак напярэдадні ўдараў з парламентарыямі не раіліся, што выклікала раздражненне дэпутатаў.
Акрамя таго, некаторыя падазраюць, што той жа Сунак развязаў канфлікт, каб паўтарыць фокус Маргарэт Тэтчэр. Рэйтынг яе кабінета ў 1982-м выратавала паспяховая вайна з Аргенцінай за Фальклэндскія (Мальвінскія астравы). Нядзіўна, што выданне Independent адлюстравала прэм'ер-міністра з ваенным барабанам на якім фраза пра Фальклэнды перакрэслена на карысць фразы пра Чырвонае мора.
Што да эфектыўнасці ўдараў, то тут ёсць адзін важны нюанс. Рэгіёны, якія кантралююць хусіты, зусім нядаўна былі аб'ектамі бясконцых авіяцыйных і ракетных нападаў саудытаў. Гэта выклікала сапраўдную гуманітарную катастрофу, пра што шмат разоў нагадвалі мастакі. Як прыклад, малюнак мастака рэсурсу Cartoon Movement. Аднак, як бачым, хусіты не толькі не капітулявалі перад Эль-Рыядам, але яшчэ і кінулі выклік Захаду.
Важны аспект крызісу ў Чырвоным моры — роля Ірана, які патрануе аднаверцаў хусітаў. Удар па хусітах гэта відавочна ўскосны ўдар па Тэгерану. Не выключана, што іранцы ў адказ будуць усё больш актыўна ўвязвацца ў супрацьстаянне з Захаду. Карыкатурыст Мар’ян Камінскі (Аўстрыя) ужо зараз адлюстроўвае канфлікт ЗША і хусітаў як амерыкана-іранскае супрацьстаянне.
Не прымусілі сябе чакаць і ваяўнічыя заявы хусітаў. «Любы амерыканскі напад не застанецца без адказу. Ён будзе больш маштабным, чым атака ў ноч на 12 студзеня», — заявіў лідар групоўкі хусітаў. Падобна, вайна ў Чырвоным моры сур'ёзна і надоўга. Амерыканскі мастак Майкл Рамірэз выявіў бакі супрацьстаяння з дапамогай экскурсу ў свет арыенталогіі.