688-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі

Пасля абстрэлу Херсона ёсць загінулыя; Расія выкарыстоўвае ракеты Паўночнай Карэі, а ЗША ўводзяць за гэта санкцыі; за мінулыя суткі УСУ знішчылі больш за 800 акупантаў — такія апошнія навіны з украінскага фронту.

Ілюстрацыйная выява: «Getty Images»

Ілюстрацыйная выява: «Getty Images»

***

Эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) прыйшлі да высновы, што расійскім войскам удаецца праводзіць планавыя ратацыі дзякуючы перавазе на ўсёй тэрыторыі Усходняй Украіны і адсутнасці ціску ўкраінскіх контрнаступальных аперацый.

«Расійскія войскі ўтрымліваюць ініцыятыву на ўсёй тэрыторыі Усходняй Украіны, а адсутнасць украінскіх контрнаступальных аперацый, імаверна, здымае ціск на аператыўнае разгортванне, якое раней часткова абмяжоўвала здольнасць расійцаў праводзіць ратацыі», — гаворыцца ў паведамленні інстытута.

Тым часам намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ваеннай выведкі Украіны генерал-маёр Вадзім Скібіцкі заявіў, што расійскія войскі ва Украіне налічваюць 462 000 вайскоўцаў і што гэта ўвесь сухапутны кампанент іх сіл.

Ён дадаў, што большасць расійскіх падраздзяленняў ва Украіне ўкамплектаваныя на 92-95% ад іх меркаванай поўнай колькасці і што памер расійскай групоўкі ва Украіне дазваляе расійскім войскам праводзіць ратацыі па ўсёй тэрыторыі ваенных дзеянняў.

Скібіцкі таксама заявіў, што расійскія войскі адводзяць у тылавыя раёны падраздзяленні, колькасьць якіх складае 50% або менш за запланаваную, і вяртаюць іх на фронт пасля аднаўлення і папаўнення. 

***

Выведка Вялікабрытаніі прааналізавала ўплыў FPV-дронаў, якія УСУ выкарыстоўваюць для паражэння тэхнікі расійскіх акупацыйных войск, на сітуацыю на левабярэжжы Херсонскай вобласці, а таксама патлумачыла, чаму расійскім акупантам цяжка ім процідзейнічаць. 

Як адзначылі ў ведамстве, УСУ выкарыстоўваюць такія дроны разам з артылерыяй. Выведка прыводзіць звесткі расійскага ваенкара, згодна з якімі 90% расійскай вайсковай тэхнікі ў раёне вёскі Крынкі Херсонскай вобласці было знішчана.

«Няздольнасць Расіі процідзейнічаць БПЛА FPV, імаверна, звязаная з недахопам расійскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ў гэтым раёне», — гаворыцца ў паведамленні.

***

Расійцы не пакідаюць спроб прасунуцца наперад. За мінулыя суткі яны атакавалі на 7 кірунках, нанеслі 3 авіяўдары і здзейснілі 16 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. За суткі на фронце было 64 баявыя сутыкненні.

На працягу сутак авіяцыя Сіл абароны Украіны нанесла ўдары па 2 раёнах засяроджання асабістага складу захопнікаў. 

Падраздзяленні ракетных войскаў разбілі 2 раёны засяроджання асабістага складу, узбраення і вайсковай тэхнікі, пункт кіравання і склад боепрыпасаў расійцаў.

***

За мінулыя суткі Расія страціла ў вайне супраць Украіны каля 840 салдат, 10 танкаў, 16 баявых браніраваных машын, 11 артылерыйскіх сістэм і сродак супрацьпаветранай абароны.

Паводле даных Генштаба УСУ, агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 12.01.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага складу — парадку 368 460 (+840) чалавек;
  • танкаў — 6060 (+10) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 11 254 (+16) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 8 710 (+11) адз.;
  • РСЗА — 957 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 642 (+1) адз.;
  • самалётаў — 329 (+0) адз.;
  • верталётаў — 324 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 6 836 (+1);
  • крылатых ракет — 1 806 (+0);
  • караблёў / катэраў — 23 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 11 612 (+16) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1 339 (+2).

***

У выніку дзённага абстрэлу Херсона загінулі два чалавекі, паведамляе кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.

Раней ён паведамляў пра загінулую жанчыну, а неўзабаве ўдакладніў, што ў аўтамабілі знойдзена абгарэлае цела, асоба загінулага высвятляецца.

Паводле яго, за мінулыя суткі расійскія войскі здзейснілі 73 абстрэлы Херсонскай вобласці.

***

Генеральная пракуратура Украіны атрымала першыя доказы магчымага прымянення расійскімі войскамі ракет, вырабленых у Паўночнай Карэі, заявіў у чацвер, 11 студзеня, генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін. Паводле яго слоў, ракеты паўночнакарэйскай вытворчасці выкарыстоўваліся, у прыватнасці, 2 студзеня пры абстрэле Харкава.

«Вынікі папярэдняй навукова-тэхнічнай экспертызы пацвярджаюць, што выпушчаная 2 студзеня па цэнтральнай частцы Харкава ракета з'яўляецца ракетай малой далёкасці, распрацаванай Паўночнай Карэяй», — сказаў Косцін.

Ён дадаў, што цяпер праводзіцца комплексная экспертыза, якая павінна канчаткова ідэнтыфікаваць выкарыстаную ракету. Акрамя таго, працягваецца пошук фрагментаў ракет, выпушчаных расійскімі войскамі падчас нядаўніх абстрэлаў Харкаўскай і Адэскай абласцей.

Дзярждэпартамэнт ЗША пазней учора абвясціў пра ўвядзенне санкцый у дачыненні да трох расійскіх юрыдычных асоб і адной фізічнай асобы, «датычных да перадачы Расіі і тэставання балістычных ракет з КНДР для выкарыстання супраць Украіны».