Кіраўнік СК РФ Быстрыкін назваў Дзярждуму «Дзяржаўнай дурай». Дэпутаты пакрыўдзіліся
На Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме кіраўнік Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін выступіў з прамовай, праз якую ў вышэйшых эшалонах улады гэтай краіны ўзнік цікавы «жабагадзюкінг».
Бастрыкін, распавядаючы пра злачынствы, якія здзяйсняюць мігранты, заклікаў зрабіць больш жорсткай міграцыйную палітыку, пішуць расійскія медыя. Ён уступіў у дыялог з дэпутаткай Дзярждумы, якая прысутнічала ў залі, і спытаў у яе, «што адбываецца» ў парламенце.
«Вельмі б хацелася даведацца, калі ўжо добрыя законы прыме наша Дзяржаўная дура», — наўпрост сказаў чыноўнік.
Выказванне не засталося незаўважаным. Неўзабаве на фразу Бастрыкіна адрэагаваў старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін. Ён заявіў: «Дэпутаты абраныя грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, ён абразіў народ».
Валодзіна падтрымаў дэпутат Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн. У сваім тэлеграм-канале ён напісаў, што падзяляе меркаванне спікера ніжняй палаты парламента, і таксама лічыць, што Бастрыкін сваім выказваннем абразіў выбаршчыкаў дэпутатаў. «Думаю, спадару Бастрыкіну варта папрасіць прабачэння за свае словы, недапушчальныя для чалавека, які займае такую адказную пасаду», — Хінштэйн.
З заявай аб недапушчальнасці падобных выразаў выступіў і дэпутат Яўген Папоў. Ён параіў Бастрыкіну самому прыйсці ў Дзярждуму і выказаць свае прапановы па міграцыйным заканадаўстве і адзначыў, што парламент можа сам выклікаць кіраўніка СК для справаздачы.
Бастрыкін не выбачыўся, замест яго сітуацыю пракаментавала афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Святлана Пятрэнка.
Паводле яе слоў, старшыня СК не хацеў абражаць дэпутатаў Дзярждумы, а спрабаваў «прыцягнуць увагу» да неабходнасці заканадаўчых змяненняў у сферы міграцыі.
Яна адзначыла, што кіраўнік СК, назваўшы Дзярждуму «Дзяржаўнай дурай», працытаваў «адзін са шматлікіх» каментароў з сацсетак.
«Аляксандр Іванавіч Бастрыкін ні ў якім разе не хацеў абражаць народных выбраннікаў, а толькі імкнуўся прыцягнуць увагу Дзяржаўнай думы да неабходнасці заканадаўчых змяненняў у сферы міграцыі. Для гэтага старшыня Следчага камітэта Расіі працытаваў адзін са шматлікіх каментароў у сацыяльных сетках, — сказала яна. — Замест таго, каб звярнуць увагу на праблему з міграцыяй, яе кантроль, рэгуляванне, неабходнасць змены заканадаўства, абмяркоўваецца толькі адна фраза, і тое вырваная з кантэксту».
Варта дадаць, што лічыць дэпутатаў Дзярждумы РФ «народнымі абраннікамі» можна прыблізна з той жа ўпэўненасцю, як і так званых беларускіх парламентарыяў. У Расіі даўно не праводзяцца сумленныя і адкрытыя выбары. Пасля кожнай электаральнай кампаніі Цэнтрвыбаркам паслухмяна агучвае тыя лічбы, якія яму называе Крэмль. Сапраўдных апазіцыянераў, калі казаць, напрыклад, пра прэзідэнцкія выбары, не дапускаюць нават да ўдзелу ў выбарах.
«Дзяржаўная
дура» — не ноўхаў Бастрыкіна. Так расійскі парламент сапраўды называюць у
сацсетках праз бессэнсоўнасць гэтага дзяржаўнага органа, які спраўна галасуе за
ўсе законапраекты, ухваленыя ў Крамлі.