«Гэта наша маладосць». Чаму беларусы, якія супраць вайны, наведваюць Расію

У шмат каго з нас ёсць знаёмыя, якія працягваюць наведваць Расію, нават цалкам усведамляючы і асуджаючы яе злачынствы. Якая матывацыя можа быць у нашых суайчыннікаў? Спыталі ў іх. 

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Імёны герояў змененыя ў мэтах бяспекі.

«Калі я думаю пра нашую маладосць – згадваю менавіта гэта»

"Алыя Ветразі". Ілюстрацыйны здымак

"Алыя Ветразі". Ілюстрацыйны здымак

Беларусы Паліна і Яраслаў жанатыя больш за 20 гадоў, маюць дваіх дзяцей. Калі яны пазнаёміліся, Паліна яшчэ была студэнткай у Беларусі, а Яраслаў ездзіў на заробкі ў Расію. Некаторы час маладзёны жылі на дзве краіны.

Паліна двойчы прыязджала да каханага ў Санкт-Пецярбург. Яна ўспамінае, што будучы муж вельмі адказна рыхтаваўся да іх сустрэчаў, бо хацеў зрабіць уражанне на Паліну – падбіраў для іх самыя рамантычныя мерапрыемствы, захапляльна расказваў гісторыі знакавых месцаў горада, а пасля маладыя людзі доўга гулялі пры святле тамтэйшых «белых начэй». Паліна распавядае пра гэта з усмешкай і вялікай цеплынёй.

«Гэта дакладна былі адны з самых шчаслівых дзён у маім жыцці», – прызнаецца жанчына.

Яна кажа, што пра палітыку яны тады не думалі зусім – «часы былі не тыя, а можа проста нам было не да таго». «Я ведаў двух закаханых, якія жылі ў Петраградзе ў дні рэвалюцыі, і не заўважылі яе», – цытуе наша суразмоўца Барыса Пастэрнака.

Адным з самых незабыўных уражанняў для Паліны і Яраслава стала традыцыйнае санкт-пецярбургскае свята выпускнікоў «Алыя Ветразі».

«Мы стаялі на набярэжнай Нявы, глядзелі на прыгожыя алыя ветразі – сімвал надзеі і маладосці – і абдымаліся. Калі я думаю пра нашую маладосць – згадваю менавіта гэта», – кажа Паліна.

Нягледзячы на цёплыя ўспаміны, Расію як краіну для жыцця маладыя людзі асабліва не разглядалі, і даволі хутка пачалі ўладкоўваць свой побыт на радзіме, у Беларусі. Паліна кажа, што ў РФ за апошнія 20 гадоў яны ездзілі толькі «пару разоў, у асноўным па працы». Для падарожжаў і новых уражанняў абіралі краіны Еўропы.

Падзеі 2020 года ў Беларусі і напад Расіі на Украіну моцна паўплывалі на жыццё іх сям’і. Праз пагрозу палітычнага пераследу дарослы сын Паліны і Яраслава быў вымушаны з’ехаць за мяжу, у Еўропу. «Мы стараемся ездзіць да сына пры любой магчымасці. У нас вельмі блізкія адносіны», — прызнаецца жанчына.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны яна некалькі разоў ездзіла ў Расію – зноў жа па працы. На пытанне, ці можна была пазбегнуць такіх паездак, жанчына адказвае: «Так, але насамрэч гэта неабходна для падвышэння маёй кваліфікацыі. Ды і не думаю, што мая прысутнасць там можа моцна на штосьці паўплываць».

Паліна кажа, што не надта любіць распавядаць пра гэтыя паездкі, не публікуе фота ў Інстаграм з гэтай краіны. «Не магу сказаць, што мне сорамна. Проста няма жадання гэта рабіць. Ды і Інстаграм у Расіі працуе толькі з дапамогай дадатковых сервісаў», – сумна ўсміхаючыся кажа Паліна.

«Сыну, канешне, гэтыя мае паездкі не падабаюцца, хаця і папрокаў ад яго не чую – у нас так не прынята. Але я бачу, што гэтая тэма выклікае ў яго шмат пачуццяў, таму стараюся ўвогуле не казаць, што збіраюся наведваць РФ», – прызнаецца наша суразмоўца і дадае:

«А калі сын усё ж даведваецца, то заўжды вельмі шмат кажа пра тое, што наведваць Расію зараз гэтак жа небяспечна, як і Украіну. Напэўна, у нейкай ступені ён мае рацыю».

Гэтым летам Паліна і Яраслаў збіраюцца ізноў наведаць свята «Алыя Ветразі» ў Санкт-Пецярбургу.

«Нашыя дзеці выраслі, фактычна мы з мужам ізноў засталіся ўдваіх, – кажа Паліна. – Насамрэч так хочацца зноў адчуць сябе маладымі і закаханымі. Можа, там у нас гэта атрымаецца».

«Калі бываю ў Маскве, заўсёды падыходжу да помніка Купалы, каб запытацца, як ён там»

Помнік Янку Купалу ў Маскве

Помнік Янку Купалу ў Маскве

Раман вымушаны наведваць Расію, таму што сканчвае там ВНУ па творчай спецыяльнасці. У той жа час малады чалавек з’яўляецца даследчыкам беларускай культуры і прызнаецца:

«Беларуская справа для мяне заўжды на першым месцы».

Ён кажа, што зацікавіўся нашай культурнай спадчынай задоўга да 2020 года, «да таго, як гэта стала мэйнстрымам». Але падзеі таго самага 2020-га таксама зрабілі моцны ўплыў на Рамана і змянілі яго жыццё. Наш суразмоўца прайшоў праз адміністрацыйны арышт у Акрэсціна, яму намагаліся «прышыць» крымінальную справу, а потым звольнілі з працы ў Мінску.

Ён кажа, што калісьці, пасля сканчэння беларускага каледжа, абраў расійскую ВНУ, бо толькі там можна было атрымаць адпаведную кваліфікацыю ў ягонай спецыяльнасці.

Пра тое, як ён адчувае атмасферу, якая пануе ў краіне-агрэсарцы, наш суразмоўца кажа:

«Вельмі заўважныя праявы імперскасці ў людзях, нават у тых, якіх я паважаю праз іх чалавечыя якасці, якія моцна мне дапамагаюць, напрыклад, у вучобе. Але такое адчуванне, што гэта ў іх упітваецца проста з малаком маці.

Памятаю, калі я толькі паступіў, адна мая аднагрупніца-расіянка вельмі іржала з беларускай пяцірублёвай купюры, якую ўбачыла ў мяне. «Ха-ха-ха, пяць рублёў». А мой ранейшы дэкан (зараз гэты чалавек ужо памёр) любіў распавядаць, як у маладосці напіваўся падчас гастроляў, і касцюмерша азіяцкага паходжання казала яму: «Ты такі п’яны, што ўжо вачэй не бачна». Ён адказваў: «У мяне можа зараз не бачна, а ў цябе – увогуле заўжды». Ён знаходзіў гэта такім феерычна смешным, што распавядаў нам нават праз гады. Студэнты таксама смяяліся».

Раман прызнаецца, што знайсці агульную мову з аднагрупнікамі яму складана.

«Я вельмі стараюся ставіцца да іх проста як да людзей, любіць іх за чалавечыя якасці, але ж тое, што яны кажуць, – проста не магу ўспрымаць. Гэта цяжка. Сяброўства ў нас не атрымліваецца.

Я для іх – фрык, які памяшаўся на палітыцы, на Беларусі. Але мне ўсё роўна».

Наш суразмоўца кажа, што калі прыязджае ў Маскву на вучобу, наведвае шмат тэатральных пастановаў – для студэнтаў яго спецыяльнасці гэта бясплатна.

«Побач з адным тэатрам там стаіць помнік Купалу. Ён вельмі неблагі, прыгожа падсвечваецца. Я заўсёды падыходжу да яго, бо гэта маё месца сілы ў Маскве. Бывае што нават і размаўляю ціхенька з помнікам, а потым адчуванне, нібы з кімсьці родным і блізкім пагаманіў.

Да таго ж у Трэцякоўцы – Старой і Новай – я знаходжу працы беларускіх мастакоў – Бялыніцкі-Біруля, Шагал

А ў гістарычным музеі там ёсць кальчуга, вывезеная з Полацку, вельмі старая. Пра яе распавядаў Уладзімір Арлоў. У «Рускім музеі» выстаўленая знакамітая карціна Рэпіна – «Беларус», люблю гладзець у вочы гэтага прыгожага мужчыны на карціне.

Ілля Рэпін. «Беларус»

Ілля Рэпін. «Беларус»

Вось гэта – мае беларускія мясціны ў Маскве», — прызнаецца Раман.