Эксперт: Беларусь паказваецца як частка Расіі
Навязванне расійскага наратыву адбываецца ўсё больш агрэсіўна. Ці зробіць гэта раскол у грамадстве яшчэ большым?

Ілюстрацыйны калаж «НЧ»
Сітуацыя ўнутры Беларусі ў многім залежыць ад знешнепалітычных фактараў. Галоўны сярод іх — расійскі. Гэта відавочна. Мінскі дыктатар Аляксандр Лукашэнка рэгулярна бывае ў Маскве, дзе вядзе перамовы з Пуціным. Вось і на днях ён зноў наведаў Крэмль, дзе к свайму 70-годдзю атрымаў ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага — за «асаблівыя заслугі ва ўмацаванні двухбаковых сувязей паміж Расіяй і Беларуссю». Якая дынаміка характарызуе адносіны двух тыранаў і як на гэта ўплываюць падзеі ва Украіне і іншыя сусветныя тэндэнцыі? Разбіралася «Польскае радыё».
Лукашэнка выкарыстоўвае Расію, яе рэсурсы і ўзбраенне, у тым ліку ядзерныя, для стварэння гарантый існавання сваёй улады. Але і Крэмль зацікаўлены ў сваім саюзніку. Пры гэтым варта мець на ўвазе, што Лукашэнка сістэматычна праводзіць палітыку русіфікацыі. І нават выказваецца меркаванне пра тое, што ён фактычна ператварыў Беларусь у «другую рускую дзяржаву».
Вітольд Радкевіч, галоўны спецыяліст варшаўскага «Цэнтра ўсходніх даследаванняў», які займаецца знешняй палітыкай РФ, аналізуе адносіны Крамля і Лукашэнкі:
— Досвед Украіны паказвае, што пытанне мовы не заўсёды мае вырашальнае значэнне. Вялікая колькасць рускамоўных украінцаў у вайне з Расіяй абараняюць незалежнасць Украіны. Таму пытанне мовы, на мой погляд, з'яўляецца не такім прынцыповым. Хаця ў выпадку Беларусі русіфікацыйныя тэндэнцыі, вядома, схіляюць да высновы, што тут нібыта ствараецца «руская дзяржава». Але ў мяне складваецца ўражанне, што Лукашэнка нават падкрэсліваў нейкія элементы беларускай ідэнтычнасці з мэтай захавання аўтаноміі ад Масквы. Вядома, ён гэта рабіў з цалкам эгаістычных меркаванняў. Лукашэнка пры гэтым падкрэсліваў постсавецкія элементы ў Беларусі, лічачы, што тут ён гэты савецкі «стандарт» захоўвае лепш, чым гэта робіцца ў Расіі. Але гэта ў нейкім сэнсе падкрэслівала адметнасць Беларусі.
У гэтым кантэксце, лічыць Вітольд Радкевіч, расійскія ўлады шукаюць розныя паралельныя спосабы ўплыву на свядомасць беларусаў.
— У Расіі пачалі цаніць «мяккае вымярэнне» ў палітыцы. Там пачалі рабіць крокі з мэтай паўплываць на палітычную і гістарычную свядомасць беларусаў. Я назіраю гэта па многіх ініцыятывах, якія ажыццяўляюцца ўжо некалькі гадоў, — розных з'ездах, канферэнцыях. Таму на гэты момант, здаецца, адбываецца навязванне расійскага гістарычнага наратыву грамадзянам Беларусі, г.зн. пэўнае гістарычнае бачанне, у якім Беларусь паказваецца як частка Расіі. Прапагандуецца бачанне Беларусі як дзяржавы, адназначна звязанай толькі з усходнім вектарам, як часткі арэала «рускага свету».
Глядзіце таксама

Вітольд Радкевіч мяркуе, што на даным этапе ідэнтычнасць насельніцтва Беларусі можа быць фактарам, які ўплывае на грамадска-палітычныя працэсы.
— Цяпер набывае значэнне пытанне гістарычнай самабытнасці, адчування сваёй гістарычнай ідэнтычнасці, маўляў, у нас ёсць свая гісторыя, мы ведаем, кім былі нашы продкі, кім мы з'яўляемся. На якой мове адбываецца ўсведамленне гэтага, вядома, таксама важна. Але, напрыклад, у арабамоўных краінах — Егіпце, Сірыі ці Ліване вельмі моцныя мясцовыя ідэнтычнасці.
І таму спробы Расіі паўплываць на гістарычную ідэнтычнасць іншых краін значна больш патэнцыяльна небяспечныя. Яны могуць прыводзіць да змен, не ведаю, ці незваротных, але вельмі-вельмі сур'ёзных. І калі нейкі працэнт беларускага грамадства пачне ідэнтыфікаваць сябе з гэтым наратывам, то потым будзе вельмі цяжка дабіцца яго змены. Гэта ўяўляе небяспеку, бо можа прывесці да распаду грамадства. І калі цяпер ідзе гаворка пра тое, што адны «за», а іншыя супраць Лукашэнкі, то гэта адбываецца ўнутры адной беларускай ідэнтычнасці. Але калі пачаць дадаваць да гэтага сур'ёзныя падзелы па ідэнтычнасці, гэта будзе больш сур'ёзным выклікам.
Глядзіце таксама

На думку Вітольда Радкевіча перамены ў Беларусі могуць адбыцца толькі ў выніку пэўных працэсаў на знешнепалітычнай арэне.
— З пункту гледжання незалежнасці Беларусі, функцыянавання яе як незалежнай дзяржавы, пакуль што паступаюць толькі дрэнныя навіны. У прынцыпе, як і па шматлікіх іншых пытаннях у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, у рэшце рэшт ўсё залежыць ад вынікаў расійска-ўкраінскай вайны. І ў залежнасці ад таго, якімі будуць яе вынікі, будзе фармавацца ўсё навокал Беларусі, і гэта акажа вырашальны ўплыў на далейшае развіццё падзей.