«Наша задача цяпер — усімі сіламі захаваць дзяржаўнасць, якую імперыя хоча паглынуць»

Пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч даў інтэрв'ю «Брэсцкай газеце», у якім выказаўся пра Каардынацыйную раду і дэмсілы.

Аляксандр Мілінкевіч. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Аляксандр Мілінкевіч. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

— Вы ў свой час стаялі ля вытокаў Руху «За Свабоду», які набраў больш за ўсіх галасоў на выбарах у Каардынацыйную раду. Як бы вы ацанілі гэтыя выбары з пункту гледжання арганізацыі і далейшых перспектыў гэтай структуры?

— Гэта былі выбары, на якіх рэальна лічылі галасы. Правесці такія выбары ў Беларусі на дадзены момант немагчыма, гэта факт. Тое, што ў гэтых выбарах прыняло ўдзел вельмі мала людзей — таксама факт. Не будзем цяпер гаварыць пра прычыны — яны на паверхні. Агулам, лічу, для дэмакратычных сіл гэта добрая школа, трэніроўка.

Але калі казаць пра перспектывы, яны, вядома ж, не ў тым, каб праводзіць трэнінгі, а ў тым, што рабіць, куды ісці і для чаго. Пакуль, шчыра кажучы, я не пачуў ад удзельнікаў кампаніі, пры ўсёй павазе, выразных адказаў. На мой погляд, менавіта гэтага не хапіла ўсім без выключэння палітычным сілам і грамадскім структурам, якія вырашылі вылучацца ў КР.

— То-бок, вы не пачулі нават ад пераможцаў яснай і выразнай павесткі?

— Не толькі я. Думаю, многія таксама не пачулі. Класічныя выбары ж як праводзяцца? Спярша тыя, хто змагаюцца за галасы выбаршчыкаў, агучваюць свае мэты і задачы, потым людзі выбіраюць, каму аддаць перавагу. А не так, што вы галасуйце за назву, а мы потым разбярэмся, што рабіць…

Мне здаецца, тут была відавочная недапрацоўка з боку ўсіх удзельнікаў працэсу. Што, увогуле, не дзіўна.

Я падкрэсліваю, што ў Беларусі практычна за ўвесь перыяд дзяржаўнасці (а да гэтага — тым больш) не было такіх выбараў, да якіх усе прывыклі ў Польшчы, у Германіі ці ў Швецыі. Нам яшчэ шмат чаму трэба вучыцца.


Глядзіце таксама

Але тут важна іншае. На мой погляд, першачарговай задачай на дадзеным этапе з'яўляецца аб'яднанне намаганняў у барацьбе за суверэнітэт і дэмакратычную будучыню нашай краіны. Калі абраная Каардынацыйная рада паслужыць пляцоўкай для такога яднання — яна прынясе карысць. Калі там будзе ісці толькі барацьба за ўплыў і рэсурсы, думаю, што гэта на шкоду.

— А можа, якраз-ткі нядрэнна, калі ў КР будуць спрачацца, часам нават сутыкацца розныя пункты гледжання? У адрозненне ад таго, што ўсе мы 30 гадоў назіраем у лукашэнкаўскай Беларусі?

— Не, я не супраць розных пунктаў гледжання, не супраць дыскусій. Вядома ж, яны павінны прысутнічаць у дэмакратычнай супольнасці. Я зараз кажу пра тое, што будзе дрэнна і вельмі шкодна, калі мы пачнём высвятляць адносіны, пераходзячы на асобы, будзем спрачацца пра тое, хто больш зрабіў для Беларусі, а хто менш. Вось гэтага, паводле майго пераканання, трэба максімальна пазбегнуць. Ва ўсялякім разе, цяпер.

— Што вы агулам думаеце пра беларускія дэмсілы? Пра іх лідарку Святлану Ціханоўскую?

— Дэмакратычныя сілы рэальна шмат робяць для захавання беларускай ідэнтычнасці і годнасці нацыі. У цяперашніх, вельмі няпростых умовах і тыя, хто ў эміграцыі, і асабліва тыя беларусы, якія ўнутры краіны і для якіх важна, каб Беларусь захавала сваю дзяржаўнасць і стала свабоднай, вельмі многае робяць у плане папулярызацыі роднай мовы, прасоўвання культурных ініцыятыў. Цяпер гэта асабліва важна. Так, не ўсё можна рабіць, не рызыкуючы трапіць пад каток рэпрэсій. Але, наколькі мне вядома, вялікі пласт ўсё ж атрымліваецца зрушыць.

Што тычыцца Ціханоўскай, я ўжо не аднойчы выказваўся і гатовы паўтарыць: асабіста я захапляюся тым, як яна спраўляецца з роляй лідаркі. Яна шмат у чым выпадкова аказалася ў палітыцы. Ведаю, як ёй спачатку было складана, як яна вагалася па многіх пытаннях. І бачу, наколькі паспяхова прайшла яе эвалюцыя як палітыка.

Сёння яна можа на роўных кантактаваць з сусветнымі лідарамі, адстойваючы інтарэсы Беларусі, каб у свеце пра нас не забывалі.

Для палітыкаў еўрапейскіх вельмі важна, каб іх суразмоўца меў легітымнасць, каб ён атрымаў давер на выбарах з боку грамадства. Ні адзін беларускі палітык апошнім часам такой легітымнасцю не валодае, хто б што ні гаварыў. Таму Ціханоўскую можна і трэба крытыкаваць, я ж таксама з ёй не ва ўсім згаджаюся. Але трэба ёй дапамагаць.

А ўстаць на пазіцыю «давайце мы яе зрушым і абярэм кагосьці іншага» — значыць стаць на шлях самаразбурэння. Бо ўсім зразумела, што ніякія рэальныя выбары правесці ў Беларусі немагчыма, пакуль не адбудзецца змена рэжыму.

— А калі яна можа адбыцца, на ваш погляд? Пры ўсім пры тым, што рабіць якія-небудзь прагнозы вельмі цяжка. Але тым не менш…

— Ніхто цяпер у здаровым розуме і цвёрдай памяці не назаве вам дату. Мы ў працэсе гістарычным знаходзімся. Ідзе працэс крушэння імперыі. Ён ніколі не бывае хуткім і бязбольным — гэта трэба разумець.


Глядзіце таксама

Працягваецца крывавая вайна ва Украіне. У нас вайна не крывавая пакуль, на шчасце. Але адбываецца, фактычна, акупацыя, анэксія Беларусі з боку Расіі, якая вуснамі Пуціна абвясціла, што няма ніякіх украінцаў і беларусаў як самастойных народаў.

Наша задача цяпер — усімі сіламі захаваць дзяржаўнасць, якую імперыя хоча паглынуць.

Для гэтага трэба згуртавацца, усім адчуваць сябе беларусамі. Не па этнічнай прыкмеце (калі так, то я таксама на чвэрць немец), а па прыналежнасці да сваёй краіны, якую я не хачу нікому аддаваць.

— «Каханую не аддаюць?..»

— Так, толькі ў разуменні таго, хто гэта ўпершыню вымавіў, гаворка ідзе выключна пра ўладу. Мы ж гаворым пра краіну, пра народ, абсалютна еўрапейскі, які не хоча жыць у імперыі. Любая імперыя рана ці позна распадаецца. Паглядзіце, як цяпер жывуць і супрацоўнічаюць Канада і Францыя, Індыя і Вялікабрытанія.

Імперыя, якую сёння ўзначальвае Пуцін, абавязкова распадзецца, як бы хто ні хацеў. Пытанне толькі ў часе. Спадзяёмся, што час цяпер па гістарычных мерках ідзе хутчэй, чым нават сто гадоў таму. Так што пераважная большасць з нас, думаю, убачаць, калі наступіць гэты доўгачаканы момант ісціны.

— Ці спадзяецеся вы вярнуцца? Пагуляць па не чужому для вас Брэсту?

— Несумненна. Нельга жыць без веры. І ў мяне гэтая вера, вядома ж, ёсць. У Польшчы нас добра прымаюць. Але дома заўсёды лепш. Я таксама хачу дадому і вельмі спадзяюся там апынуцца, як толькі рэжым падзе. А Беларусь, несумненна, вернецца туды, адкуль яна родам — у еўрапейскую сям'ю народаў.