Невуцтва па-француску. Чаму ў краіне Асьветніцтва і Дэклярацыі правоў чалавека ў культуры і адукацыі пануе русафілія?
Францыі, краіне Асьветніцтва і Дэклярацыі правоў чалавека, у ХХІ ст. трэба сесьці за школьную парту і прайсьці нанава курс агульнай культуры. Парадокс, але адна з эўрапейскіх лідарак — Францыя — дасюль дрэнна ведае эўрапейскую гісторыю і геаграфію, пастаянна завальваючы іспыты па гэтых дысцыплінах. Доказам чаму пастаянна зьяўляюцца ўкраінская і асабліва беларуская тэмы.
Калі вайна ва Ўкраіне пачала крыху расплюшваць вочы французам, то гвалт беларускага рэжыму ніяк не мяняе культурныя русафільскія пазыцыі Парыжу. Дзейнасьць беларусаў-ак у Францыі, візыты Сьвятланы Ціханоўскай у Парыж ніяк не кранаюць гэты сакральны сымбалічны пласт, што ахоўвае Француская Акадэмія, якая дасюль блытае і зьлівае ўва адное паняткі russe i biélorusse. Дасюль у кнігарнях і на выставах чытаем, што Суцін нарадзіўся ў расейскім мястэчку недалёка ад Менску — Сьмілавічах, а Шагал паходзіць з расейскага места Віцебск (а часам з расейскай вёскі Віцебск!). Сама ж Беларусь часта падаецца, як краіна на Захадзе Расеі! Набор дзівосных апісаньняў беларускай рэальнасьці па-француску заслугоўвае асобнай кнігі анэкдотаў.
А зусім нядаўна — у кастрычніку падчас працы ў вялікай публічнай бібліятэцы ў Цэнтры Пампіду — мне зноў удалося пераканацца ў францускім невуцтве, выкліканым, між іншым, русафільскай адукацыяй і культурай французаў. Так, на паліцах сусьветнай літаратуры цалкам адсутнічае надпіс «беларуская літаратура», але беларускія аўтары пазначаныя ў каталёгу. Насамрэч, там прадстаўленая ўся сусьветная і ў прыватнасьці ўся эўрапейская літаратура. Вядома, добра прадстаўленая расейская літаратура, салідна — польская і значна кампактней — украінская літаратура. На бакавіне паліцаў пазначана: «расейская і ўкраінская літаратура».
Я пачаў шукаць беларускіх аўтараў і знайшоў іх… Янка Купала пазначаны, як украінскі аўтар, ягоны пераклад п’есы Les Gens d’ici («Тутэйшыя») месьціцца ў добрай кампаніі Жадана і Кабылянскай. Размоўнікі беларускай мовы разьмешчаныя сярод слоўнікаў і граматыкаў украінскай мовы. І гэта падаецца яшчэ камплімэнт… Бо Быкаў, Бахарэвіч і Алексіевіч пазначаныя, як расейскія аўтары, і іх творы разьмешчаныя на даўжэзных паліцах расейскай літаратуры.
Нікога не бянтэжыць, што некаторыя творы Быкава і Бахарэвіча перакладзеныя зь беларускай, што пазначана ў кнізе. За дваццаць год нічога не зьмянілася: роўна дваццаць год таму я падыходзіў да супрацоўнікаў бібліятэкі і пісаў кіраўніцтву наконт памылкі. Напісаў я і гэтым разам…
Праўда, у іншым парыскім месцы сытуацыя крыху зьмянілася: так, вядомая сеткавая кнігарня Gibert Joseph зьмяніла надпісы на паліцах з расейскай на расейскамоўную літаратуру (littérature russophone), куды ўключаныя такія аўтары, як Алексіевіч ці Куркоў. Праўда, часта туды трапляюць і беларускамоўныя аўтары. У год атрыманьня С. Алексіевіч нобэля ейныя кнігі стаялі на паліцы «расейская літаратура». Пасля таго, як я абмяняўся лістамі з кіраўніцтвам кнігарні, надпіс быў зьменены на «расейскамоўная літаратура», што крыху лепей за таго, што было, хоць і гэта недакладна, нават абуральна.
Абуральна і тое, што тысячы цяперашніх беларусаў-ак Парыжу, Францыі часта прымаюць правілы гульні францускага невуцтва і называюць Беларусь — Biélorussie, не папраўляюць тых, хто адносіць беларускіх аўтараў да russes, ня пішуць лістоў у розныя інстанцыі, не зьвяртаюцца да экспэртаў у славістыцы, якіх у Францыі шмат. Бо раней — пасьля Другой сусьветнай вайны — беларусы, напрыклад, вядомы ўсім Леў Гарошка — пісалі ў міністэрствы, а таксама зьвярталіся за дапамогой да рэлігійных уладаў у сымбалічнай абароне беларусаў. І Міністэрства ўнутраных справаў адказвала і падтрымлівала беларускую дыяспару Францыі ў пытаньні назвы — biélorussien замест biélorusse, а таксама ў пытаньні самастойнасьці і суб’ектнасьці беларусаў, якіх імкнуліся ня блытаць і не адносіць да расейцаў ці палякаў, як гэта часта здаралася ў мінулым.
Бачна, у 2024 годзе змаганьні паваеннай беларускай эміграцыі цалкам забытыя і новыя хвалі беларусаў ва ўмовах францускага невуцтва пачынаюць усё з нуля. Трэба спадзявацца, што зьмяніць сытуацыю можна будзе не праз вайну на радзіме, а праз вядомы французам шлях асьветніцтва…
Уладзь Гарбацкі