Каго любіш? — Беларусь! Але ці ўзаемна?

Раскол у грамадстве з часам становіцца толькі большым, і пакуль не ўяўляецца магчымым яго пераадолець. Але ж мусіць быць штосьці, што нас усіх яднае... Ці не можа быць гэта любоў да Беларусі?

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

Хто такія беларусы? «Ай, ну што за пытанне? Адказ — відавочны!» — напэўна, гмыкнуць многія, і пры гэтым кожны... дасць уласны адказ, адрозны ад іншых.

Так-так, вы будзеце смяяцца, але адзінага адказу на гэтае, здавалася б, відавочнае і даўно прапісанае ў тлумачальных слоўніках і «Вікіпедыі» пытанне — няма.

Хаця, здавалася б, акрэсленне ідэнтычнасці даволі простае: па сутнасці, гэта ўсяго толькі аднолькавасць, раўназначнасць, піша Валера Руселік на budzma.org. Дык чаму ж тады ў нас, беларусаў, усё гэтак складана?

Праекты беларускай ідэнтычнасці

Вы ж ведалі, што ў сваіх даследаваннях сацыёлагі фіксуюць наяўнасць адразу некалькіх праектаў беларускай ідэнтычнасці?

Галоўныя з іх — два: нацыянальна-рамантычны і нацыянальна-савецкі. Простымі словамі, гэта «свядомыя», якія топяць за беларускую мову, беларусаў як асобную нацыю, катэгарычна адмаўляюць ідэю славянскага трыадзінства і арыентуюцца на Еўропу. А таксама — «саўкі» (альбо «ябацькі»?), якія льюць слёзы па савецкім пламбіры за сем капеек, ідэалізуюць каштоўнасці і погляды савецкіх часоў («а ў Савецкім-та Саюзе ўсё было лепей: і каўбаса таннейшая, і адукацыя лепшая, і людзі больш людскія!») і пры гэтым... сімпатызуюць беларускай мове і культуры — прынамсі, той, якую памятаюць са школьнай праграмы.


Глядзіце таксама

Таксама асобна вылучаецца сучасны расійскі праект — гаворка пра «ватнікаў» і «рускамірцаў», якія ненавідзяць беларускую мову і адмаўляюць беларусам у самастойнасці, топяць за інтэграцыю і нават зліццё з Расіяй. Гэткія злобныя маргіналы з сінімі пашпартамі. Бондарава, прывет!

Ну і яшчэ адна досыць вялікая частка беларускага грамадства — гэта нашы суайчыннікі, якія нейкага дакладнага выбару паміж пералічанымі трыма праектамі не робяць. Тутэйшыя, абыякавыя, нейтралы — акрэсленняў багата.

Вось вы сябе да якога беларускага праекта адносіце? І чаму?

Высновы, агульныя для ўсіх груп

Пакуль сацыёлагі спрачаюцца наконт таго, наколькі вялікая кожная са згаданых груп, можна зрабіць і некаторыя высновы, агульныя для ўсіх.

Па-першае, мы не можам гаварыць пра беларускую ідэнтычнасць як пра нешта адно цэлае. Гэта сапраўдны букет абсалютна розных ідэнтычнасцей. То-бок на пытанне «Што такое — быць беларусам?» адназначнага адказу няма.

Адсюль вынікае і другая выснова: у беларускім грамадстве існуе глыбінны каштоўнасна-ідэнтычнасны раскол, падагрэты палітычным супрацьстаяннем унутры краіны і супрацьлеглымі геапалітычнымі сімпатыямі.

Пры гэтым (чарговая выснова) любяць Беларусь, беларускую мову і культуру не толькі тыя, хто размаўляюць па-беларуску. Мы ўсе мусім усвядоміць, што многія беларусы любяць Беларусь не так, як мы з вамі альбо нават кожны з нас паасобку.


Глядзіце таксама

Дарэчы, насамрэч у букеце беларускіх ідэнтычнасцей кветак можа быць яшчэ больш — залежыць ад таго, як падысці да пытання. Прапаноўваю яшчэ адну градацыю:

1) беларускія беларусы — тыя, хто знаходзяцца ў Беларусі і могуць фізічна дакрануцца да Мірскага замка, мінскага метро і родных ніў;

2) настальгічныя беларусы — тыя, хто з'ехалі з Беларусі з палітычных, эканамічных ці нейкіх іншых прычын, але захавалі любоў да радзімы і атаясамленне сябе з ёю;

3) дзеці беларускіх эмігрантаў — беларусы, якія разам з бацькамі з'ехалі з Бацькаўшчыны зусім маленькімі і забылі Беларусь, альбо і наогул нарадзіліся ўжо ў замежжы;

4) замежныя беларусы — беларусы-аўтахтоны, якія спрадвек жылі на этнічных беларускіх землях па-за тэрыторыяй сучаснай Беларусі.

Як вам гэткі букет? Думаю, калі паднапрэгчыся, то можна знайсці і іншыя беларускія ідэнтычнасці. Да прыкладу, ёсць беларусы, у якіх продкі былі зусім не беларусы, але вось жа ўсвядомілі сябе гэтыя людзі беларусамі — хто ж ім забароніць?

Галоўнае пытанне — што нас лучыць

Між тым, галоўнае пытанне тут — дык а чаму прадстаўнікі ўсіх гэтых ідэнтычнасцей называюць сябе беларусамі? Што нас, беларусаў, усіх задзіночвае? Беларуская мова і культура? Беларуская дзяржава? Мара пра нейкую ідэальную незалежную Беларусь, у якой кожная з беларускіх ідэнтычнасцей здолее сябе рэалізаваць? Ці нешта яшчэ? Ці штосьці іншае?

Вось вы як адказалі б на гэтае пытанне?

Адказ

Дарэчы, для самога сябе я адказ знайшоў. Вось глядзіце: калі чалавек сам сябе называе беларусам, то гэта, хутчэй за ўсё, азначае, што ён любіць Беларусь. Ну не будзе нармальны чалавек ідэнтыфікаваць сябе з чымсьці гэткім, што выклікае ў яго гідкасць і пагарду. Бондарава, яшчэ раз прывет!


Глядзіце таксама

Ну і як тут не прыгадаць неўміручае: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!»

Асабіста мне — дастаткова. Калі мяне з чалавекам лучыць любоў да Беларусі, да беларушчыны — нам ужо ёсць пра што паразмаўляць. Як беларусу з беларусам.

Адмовіцца ад агрэсіі

І менавіта таму, дарэчы, першае, што мы мусім зрабіць — адмовіцца ад агрэсіі кшталту: «О, ты не размаўляеш па-беларуску — усё, ты здрайца, маскаль, недачалавек».

Альбо: «Разговариваешь по-беларусски — ты зациклен и несовременный, пытаешься удержаться за давно неактуальную мову и культуру».

Ну ці: «Говори нормально — по-русски!».

А таксама ад гэтага ідыёцкага палівання беларусаў гаўном — незалежна ад таго, ці гэта Міхалок паўтарае ідыёцкую дражнілку «трус-трус беларус», ці нават нейкі беларускі добраахвотнік называе беларусаў «мёртвым народам» і «баязліўцамі». Адмовіцца ад усіх гэтых зняважлівых «беларусьлядзіяў» і «быдларусаў» — не істотна, ад каго і ў якіх абставінах гэта гучыць.

Бо інакш што нас наогул будзе задзіночваць?