Кубэ, Мясьнікян, Панамарэнка: не беларусы, якія стаялі на чале нашай краіны з 1918
Больш за 10 асобаў, якія нарадзіліся ў Расеі, Літве, Нямеччыне, Польшчы, Украіне, Латвіі мелі аказію стаяць ля стырна Беларусі з 1918 года. Хто гэтыя людзі? Узгадаем у гадавіну народзінаў аднаго зь іх.
1918-1919 Аляксандар Мясьнікян
Народжаны ў далёкім Нахівэчань-на-Доне ў 1886 годзе Аляксандар неўзабаве стане першым чырвоным кіраўніком Беларусі, якога паставіла наводзіць свае парадкі Масква. Не прызнаваў існаваньне беларускай нацыі і выступаў супраць беларускай дзяржаўнасьці. Пасьля працы ў Беларусі пасьпеў адзначыцца на камуністычнай ніве ў роднай Армэніі.
Мясьнікян, ці Мясьнікоў (ня хітрая зьмена прозьвішча, каб больш гучала па вялікарасейску, што пасьля паўторыць ураджэнец Віцебшчыны Машэра) загінуў, па афіцыйнай вэрсіі, у авіякатастрофе ля Тблілісі ў 1925 годзе.
1919 Вінцас Міцкявічус-Капсукас
Пераемнікам армяніна стаў літовец Вінцас Міцкявічус-Капсукас. Са стварэньнем новай квазідзяржавы ЛітБелССР менавіта Вінцас узначаліў гэтае ўтварэньне.
З прыходам палякаў Міцкявічус-Капсукас выпраўляецца на ўсход, у Смаленск, дзе становіцца рэдактарам газэты «Зьвязда». Іншых высокіх пасадаў не займаў і памёр у Маскве ў 1935 годзе.
1920-1921 і 1927-1928 Вільгельм Кнорынш
Латыш Кнорынш меў два заходы па кіраваньні савецкай Беларусьсю. Геапалітычныя погляды таварыша Кнорынша былі відавочна акрэсьленыя ў 1918 годзе: «Мы лічым, што беларусы не зьяўляюцца нацыяй, і што тыя этнаграфічныя асаблівасьці, якія іх адлучаюць ад астатніх расейцаў, павінны быць зжытыя».
У кастрычніку 1920 года ў артыкуле «Мір і Беларусь» зазначыў, што на падпісаньне Рыжскай мірнай дамовы з Польшчай трэба ісьці дзеля «перамогі рэвалюцыі, для ўсёй вялікай Савецкай Расейскай Федэрацыі. Дзеля інтарэсаў усёй вялікай сусьветнай рэвалюцыі мы павінны ахвяраваць сваімі мясцовымі, маленькімі інтарэсамі».
Так званыя «маленькія людзі» з «маленькімі інтарэсамі» «маленькіх краінаў», як бачым, існавалі як тады, так працягваюць і сёньня.
Расстраляны ў Маскве ў 1938 годзе.
1922-1924 Вацлаў Багуцкі
Вацлаў быў палякам з-пад Варшавы і быў адданым камуністычным дзеячом Польшчы. За свае перакананьні быў прызначаны на адказную пасаду кіраўніка Беларусі. Расстраляны ў 1937 годзе.
1924 Аляксандар Асаткін-Уладзімерскі
Аляксандар паходзіў з Кастрамскоой губэрні Расеі і нічым асаблівым за некалькі месяцаў кіраваньня ў Беларусі не адзначыўся. Расстраляны ў 1937 годзе.
1924-1927 Аляксандар Крыніцкі
Ураджэнец горада Цьвер у Расеі. Адзін з праваднікоў сталінскай палітыкі зьнішчэньня «буржуазных элемэнтаў» на вёсцы. Пасьля Беларусі займаўся адбудовай камунізму ў рэгіёнах Расеі, дзе і быў расстраляны ў 1937 годзе.
1928-1929 Ян Гамарнік
Ян нарадзіўся ва ўкраінскім Жытоміры ў 1894 годзе і ўзначальваў партыйцаў Сталіна ў Беларусі, дзе праводзіў палітыку калектывізацыі. Застрэліўся наконадні непазьбежнага арышту, як сьцьвярджалася ў прысудзе па «справе Тухачэўскага», «заблытаўшыся ва ўласных сувязях з антысавецкімі элемэнтамі і, відавочна, баючыся выкрыцьця». Пасьля сьмерці абвешчаны «ворагам народу». На пахаваньні ў 1937 годзе прысутнічалі 3 чалавекі — удава, дачка і шафёр.
1930-1932 Канстантын Гей
Канстантын нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1896 годзе. На пасадзе першага сакратара ЦК КП(б)Б браў актыўны ўдзел у барацьбе супраць гэтак званай «нацдэмаўшчыны»: пры ім быў сфальсыфікаваны працэс па справе створанага ў нетрах ГПУ — «Саюзу вызваленьня Беларусі».
Пасьпеў таксама спрыяць камуністычнай партыі ва Ўзбэкістане і ў Расеі. Прысуджаны да расстрэлу 25 лютага 1939 году ў сталіцы яго радзімы.
1932-1937 Мікалай Гікала
Мікалай нарадзіўся ў Адэсе. Да працы ў нашай краіне стаяў на галоўнай прыступцы ў Азэрбайджане і Ўзбэкістане. Гэты партыец узначальваў ЦК камуністаў Беларусі ў 1932-1937 гадах. Гікала спрыяў прымусовай калектывізацыі, удзельнічаў у разгортваньні масавых рэпрэсіяў у Беларусі. Уваходзіў у склад так званых «троек», якія выносілі, ў асноўным, расстэльныя прысуды. Жонка Мікалая Гікала Чыжова (дырэктар Інстытуту журналістыкі), была старшынёй камісіі па чыстцы ва ўстановах культуры, адукацыі і навукі. Сямейны падрад.
25 красавіка 1938 года Гікалу расстралялі самога.
1938-1941 і 1944-1947 Панцеляймон Панамарэнка
Першы сакратар ЦК КП Беларусі ў 1938-1947 гадах нарадзіўся на тэрыторыі сучаснага Краснадарскага краю Расеі. Панцеляймон Панамарэнка даваў згоду на арышт і асуджэньне дзяржаўных і партыйных работнікаў Беларусі. З 15 верасьня па 15 лістапада 1938 году ў якасьці ўдзельніка «тройкі» НКУС вынес 4650 расстрэльных выракаў.
Дажываць свой век вырашыў, па традыцыі, у Маскве, дзе і памёр у 1984 годзе.
1941-1943 Вільгельм Кубэ
Калі 13 лістапада 1887 года нарадзіўся хлопчык Вільгельм, ён і падумаць ня мог, што лёс занясе яго ў Беларусь, дзе ён і скончыць сваё жыцьцё. З сярэдзіны 1920-х Кубэ быў адданым паплечнікам новасторанай НСДАП Гітлера, і ў 1933 годзе стаў нават обэр-прэзідэнтам Бэрліну і Брандэнбургу.
З верасьня 1941 і да свайго забойства 22 верасьня 1943 года Вільгельм Кубэ ўзначальваў акупацыйную адміністрацыю. Пасада афіцыйна мела назву «генэральны камісар генэральнае акругі Беларусь». Аб чым ня любіла распавядаць савецкая камуністычная, а за ёй і беларуская лукашэнкаўская гістарыяграфія – дык гэта пра нечаканую асаблівасьць Кубэ: спробы выратаваць беларускае насельніцтва спрычыняліся да канфліктаў з вайсковымі і паліцэйскімі структурамі, — як адзначаў гісторык Юры Туронак.
За свае выступы супраць нечалавечага стаўленьня да габрэйскага насельніцтва і спробы зьменшыць памеры ягонага вынішчэньня атрымаў ад палітычных апанэнтаў ярлык «жыдалюбца». Вынікам усяго стаўся востры канфлікт з кіраўніком СС Генрыхам Гімлерам. Пасля забойства Кубэ, якое было зьдзейсьненае чырвонай партызанкай Аленай Мазанік, Гімлер, седзячы ў Бэрліне адрэагаваў наступным чынам: «толькі сьмерць уратавала яго ад канцлягера».
1943-1944 Курт фон Готбэрг
На зьмену Кубэ прыйшоў сапраўдны нямецкі мясьнік. Да прызначэньня на галоўную пасаду Курт фон Готбэрг быў кіраўніком СС і паліцыі ў Генэральнай акрузе Беларусь. Ён быў непасрэдным крытыкам і відавочным ворагам Кубэ, і зь яго прыходам непашчасьціла абсалютна ўсім.
Готбэрг лічыў, што беларусы не нацыя. Ён пісаў, што «ідэі нацыянальнай Беларусі зьяўляюцца выдумкай беларускіх эмігрантаў і бэрлінскіх салонных палітыкаў і ў сапраўднасьці проста не існуюць».
Пасьля арышту хаўрусьнікамі скончыў жыцьцё самагубствам ў траўні 1945 года.
1947-1950 Мікалай Гусараў
Мікалай нарадзіўся ў Астраханскай вобласьці Расеі. Першы сакратар ЦК камуністычнай партыі Беларусі з 1947 па 1950 год. У часы яго кіраваньня Беларусьсю была актывізаваная барацьба з «нацыяналізмам», «буржуазнымі плынямі» у беларускай культуры, праводзілася масавая гвалтоўная калектывізацыя ў заходніх раёнах Беларусі. Памёр у Маскве ў 1985 годзе.
1950-1956 Мікалай Патолічаў
Апошні на сёньняшні дзень не-беларус на чале Беларусі. Патолічаў нарадзіўся ў Расеі, у Ніжагародзкай вобласьці. Гэты дзеяч кіраваў нашай краінай з 1950 па 1956 год. З 1958 і аж да 1985 года праліваў пот на пасадзе міністра зьнешняга гандлю СССР. У Маскве і памёр у 1989 годзе, крыху не дацягнуўшы да зьнішчэньня імпэрыі Зла.