Перапісаць Оруэла не выйдзе

Прапаганда і лукашэнкаўскія паліттэхнолагі заблыталіся ва ўласным мэсэджах, і тое, што яны называюць «прэзідэнцкай гонкай», стала ўсё больш нагадваць цырк, дзе працуюць адны клоўны.

Ілюстрацыйнае фота: meduza.io

Ілюстрацыйнае фота: meduza.io

Электаральная кампанія ў Беларусі ўсё больш нагадвае тэатр абсурду. З аднаго боку, улады і прапаганда забіваюць у галовы насельніцтва думку, што цяперашні кіраўнік страшна папулярны і безальтэрнатыўны. З іншага — спрабуюць стварыць ілюзію нейкага плюралізму, «перадвыбарчай гонкі», піша на «Позірку»Аляксандр Класкоўскі.

Наведваючы 14 лістапада абноўлены стадыён «Трактар» у Мінску, Аляксандр Лукашэнка як бы паміж справай казырнуў колькасцю подпісаў, сабраных за яго вылучэнне: «Мяне ўчора інфармавалі, што на сённяшні момант больш за 700 тысяч подпісаў сабрана».

Пры гэтым ён з напускной нядбайнасцю адзначыў, што не было калі старанна сачыць за выбарчай кампаніяй: шмат ездзіў па краіне і за мяжу, кантраляваў завяршэнне ўборачнай кампаніі.

Ды канешне, можна падумаць, што для чалавека, так апантанага ўладай, уборачная кампанія важнейшая за электаральную.

Са сталінскай сціпласцю

Іншая справа, што за подпісы сапраўды можна не турбавацца. Па-першае, кіраўніка і сапраўды падтрымлівае, паводле ацэнак шэрагу незалежных экспертаў, 25-30% насельніцтва, прычым гэта публіка дысцыплінаваная.

Па-другое, на ўсю катушку працуе адміністрацыйны рэсурс. Кіраўнік Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін адкрыта заявіў з тэлеэкрана, што пры зборы подпісаў за Лукашэнку «традыцыйна спаборніцкі эфект у абласцях прысутнічае». Ад імя ініцыятыўнай групы правадыра арганізуецца мноства пікетаў. А па арганізацыях подпісы збіраюць у абстаноўцы, калі адмовіцца азначае паставіць сябе пад удар.

Па-трэцяе, ЦВК працуе паводле прынцыпу «чаго жадаеце» і абвесціць любую спушчаную зверху лічбу.

Пры гэтым Лукашэнка дэманструе сталінскую сціпласць. Правадыр народаў, як вядома, рабіў выгляд, што з цяжкасцю трывае свой культ, супраціўляецца яму.

Вось і кіраўнік Беларусі паведаміў, што хацеў ужо было згарнуць збор подпісаў за сябе, але кіраўнік яго адміністрацыі Дзмітрый Круты пераканаў — маўляў, «людзям трэба даць магчымасць падтрымаць свайго лідара».

Пры гэтым Лукашэнка артыстычна заклапаціўся тым, што «людзі не вельмі ідуць на тое, каб ставіць подпіс за іншага кандыдата». Яшчэ б ім не баяцца — пасля чыстак тых, хто падпісаўся за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у 2020-м.

Праўда, цяпер усе «канкурэнты» правадыра — фігуры бутафорскія, але грамадзяне лічаць за лепшае не рызыкаваць.

Іншая справа, што аднаго Лукашэнку ў бюлетэні, вядома, не пакінуць. Для дэкору дададуць двух-трох кардонных персанажаў, якім выведуць патрэбную колькасць подпісаў за вылучэнне.

«У Беларусі не дай бог жанчыну абяруць»

Праўда, з гэтымі спарынг-партнёрамі атрымліваецца суцэльны цырк. Лукашэнка пракаментаваў «выхад з прэзідэнцкай гонкі» (фармулёўка дзяржагенцтва «БелТА») палкоўніка міліцыі запасу Вольгі Чамаданавай і генерал-маёра запасу Сяргея Бобрыкава.

ДзяржСМІ, як бачым, гуляюцца з лексікай сапраўдных — нібы ў Амерыцы — выбараў. Хоць ну якая тут, к чорту, гонка, калі ўсе месцы ўжо размеркаваны!

«Вядома, яны прыхільнікі прэзідэнта. І яны ішлі: "Мы ведаем, што прэзідэнт выйграе, але мы не дадзім яго пакрыўдзіць". Як быццам мяне нехта мог пакрыўдзіць. А потым паглядзелі, паглядзелі: унутры арганізацый не вельмі гэта разумеюць. І яны: "Лепш мы здымемся"», — так Лукашэнка паспрабаваў растлумачыць дзіўныя манеўры Чамаданавай і Бобрыкава.


Глядзіце таксама

Сам Бобрыкаў, які ўзначальвае праўладны «Беларускі саюз афіцэраў», раней растлумачыў: зняўся, «каб забяспечыць згуртаванасць афіцэрскага корпуса, не дапусціць дваякіх думак сярод вайскоўцаў, каб падтрымаць дзеючага кіраўніка дзяржавы і нашага лідара».

Дык навошта было гарадзіць агарод? Падобна да таго, што проста спачатку атрымаў адну каманду, а потым — іншую. Нешта там паліттэхнолагі кіраўніка намудрылі.

Пры гэтым генерал, магчыма, і не падазрае, што фактычна прайгравае тэрміналогію з антыўтопіі Оруэла, якая апісвае таталітарную дзяржаву: «двудумства», «думказлачынства».

Сістэма загнала сябе ў трагікамічную сітуацыю. Зразумела, што гэта «выбары Лукашэнкі», аніякай альтэрнатывай у рамках гэтага дзейства і не пахне. Але трэба выканаць рытуал, паказаць бачнасць плюралізму, інтрыгі. У выніку — смех у зале: і свой удзел у кампаніі, і выхад з яе спарынг-партнёры тлумачаць аднолькава — маўляў, хочам падтрымаць Лукашэнку.

Цяпер засталося пяць прэтэндэнтаў, якія збіраюць подпісы за вылучэнне. Пасля таго, як з «гонкі» выбыла палкоўнік Чамаданава, шанцы экстравагантнай Ганны Канапацкай трапіць у бюлетэнь павялічваюцца. Вядома, яны зусім не стоадсоткавыя. Але калі яе, якая раней уваходзіла ў «Аб'яднаную грамадзянскую партыю» (ліквідаваная Вярхоўным судом летась), зарэгіструюць, то гэта будзе азначаць, што ўлады вырашылі злёгку пагуляць і на полі апазіцыі.

Да таго ж, кіраўніку, магчыма, захочацца сімвалічна апярэдзіць у «гонцы» і жанчыну, каб праліць бальзам на сваю рану 2020 года, калі правадыра дэ-факта абставіла хатняя гаспадыня Святлана Ціханоўская.

Дарэчы, Лукашэнка зноў адзначыўся сэксізмам, прыкрыўшы гэта клопатам пра «далікатных стварэнняў»: «У Беларусі не дай бог жанчыну абяруць. < ... > У прэзідэнта ЗША не тыя паўнамоцтвы, што ў расійскага ці беларускага прэзідэнта. Тут трэба ўнікаць ва ўсё: і накарміць, і напаіць ... Гэта найцяжэйшая праца. Не трэба грузіць так жанчыну. У нас не цырыманіяльная гэтая пасада».

Ён паскардзіўся, што ў Еўропе слабыя лідары: «...Сёння амерыканцы ўжо пачалі аб Шольца ногі выціраць». Зрэшты, выказаў надзею, што «з'явяцца дэ Голі, з'явяцца. І Коль таксама з'явіцца. Шырак быў — мужык сапраўдны, за народ».

Пра моцных жанчын на чале дзяржаў кіраўнік прамаўчаў. Хоць Маргарэт Тэтчэр або Ангела Меркель таксама зусім не цырыманіяльныя функцыі выконвалі — і вельмі паспяхова.


Глядзіце таксама

Так што тут у Лукашэнкі іншая логіка, якая вынікае з пачуцця ўласнай выключнасці, пераканання ў тым, што ён незаменны.

Кіраўнік, які зламаў сам механізм канкурэнтных выбараў, і сапраўды пагардліва глядзіць на еўрапейскіх палітыкаў, вымушаных абірацца не фіктыўна і абмежаваных, як правіла, двума тэрмінамі. Гнілая дэмакратыя!

У духу Оруэла

Агулам жа цяперашняя электаральная кампанія адлюстроўвае якаснае змяненне сістэмы Лукашэнкі пасля падзей 2020 года. Так, пры ім апазіцыю заўсёды дыскрымінавалі, прыціскалі, але, тым не менш, на выбары яе прадстаўнікоў дапускалі.

Аднак у 2020-м ледзь не адбыліся перакульваючыя выбары. Пасля чаго было вырашана забіць усе цвікі па самую плешку. Усё больш выразна цяжкое таталітарнае амбрэ.

У выніку абсурд зашкальвае. Тры лозунгі кіруючай партыі ў рамане Оруэла «1984» гучаць так: «Вайна — гэта мір, свабода — гэта рабства, няведанне — сіла». Прапаганда Лукашэнкі і сапраўды працуе ў духу гэтай антыўтопіі, а ў чымсьці і пераплёўвае мастацкую выдумку.

Глядзіце: рэжым саўдзельнічае ў вайне, у краіну ўжо чародамі залятаюць шахеды, але пры гэтым правадыру ствараюць вобраз гаранта мірнага неба. А сам ён на блакітным воку запэўнівае, што Уладзімір Пуцін у 2022-м пасля вучэнняў сумленна выводзіў войскі з Беларусі на Далёкі Усход, ды вось нядобрыя ўкраінцы справакавалі.

Далей, кіраўнік і яго прапаганда малююць карцінку, у якой на Захадзе (асабліва ў Польшчы і Літве) масы стогнуць пад ярмом антынародных урадаў, а вось Беларусь, ператвораная ў адну вялікую турму, нібыта з'яўляецца царствам сапраўднай свабоды. Глядзіце, маўляў, як бясстрашна рынуліся прэтэндэнты ў «прэзідэнцкую гонку»!

Нарэшце, рэжым адсякае грамадства ад альтэрнатыўнай інфармацыі, знішчае «крамольныя» кнігі: «Няведанне — сіла».

У духу той жа антыўтопіі ўлады спрабуюць перапісаць гісторыю — у прыватнасці, навязваюць сваю трактоўку падзей 2020 года. Маўляў, у часткі грамадства было памутненне розуму, але цяпер гэтыя людзі ачухаліся. Вось бачыце, пішуць прашэнні аб памілаванні.


Глядзіце таксама

«БелТА» дае фотарэпартаж з пікету ініцыятыўнай групы Лукашэнкі на тэрыторыі «Парка высокіх тэхналогій». Гэта таксама мэсэдж. У 2020-м айцішнікі актыўна выходзілі на пратэсты, іх тут мяцеліў АМАП. Цяпер людзі пакорліва стаяць у чарзе перад палаткай з лозунгам «Трэба». Вось і бунтарскае гняздо раздушана — такі пасыл прапаганды.

Пры гэтым сам Лукашэнка раз за разам заклікае падначаленых не расслабляцца, нагадвае пра відавочных (за мяжой) і схаваных («пад ліштвой») ворагаў.

Ён чуе ў прыціснутым грамадстве затоеную пагрозу. Але, здаецца, так і не зразумеў, што справа не ў «інтрыгах калектыўнага Захаду» і «збеглых», а ў тым, што значная частка грамадства перарасла яго сістэму.

Лукашэнка па-ранейшаму паўтарае, што павінен «і накарміць, і напаіць» народ. Хоць мільёны беларусаў у 2020-м паказалі, што яны — не быдла ў стойле. Можна запалохаць людзей унутры краіны, можна кагосьці зламаць, зрабіць апатычным. Але перафарматаваць масавую свядомасць у духу антыўтопіі напэўна не атрымаецца.