Як гендарныя праблемы рэжыму сталі праблемамі ўсёй краіны
«Беларусі патрэбная жанчына», «Хачу прэзідэнтку» — з такімі плакатамі выходзілі людзі на пратэсты ў 2020 годзе. Ні тады, ні цяпер рэжым відавочна не згодны з народам. Цяжкая доля беларускага прэзідэнта яўна не для жаночых плячэй — заяўляе дыктатар. І гэта відавочная маніпуляцыя.
«У Беларусі не дай Божа жанчыну выберуць», — кажа Лукашэнка. І праўда, няма ж нічога страшнейшага для нашай гаротнай краіны за жаночае кіраванне! Вось ужо дзе бяда...
На выпадак, калі ў Лукашэнкі праблемы з памяццю, я нагадаю: у 2020 годзе ў Беларусі абралі жанчыну, піша Наста Захарэвіч на «Свабодзе». А ўся далейшая катастрофа ў краіне адбываецца праз тое, што ён — мужчына — з гэтым выбарам народа не пагадзіўся і ўладу не аддаў. Менавіта праз яго — мужчыну-кіраўніка — беларусы і беларускі аказваюцца ва ўсё большай міжнароднай ізаляцыі. Праз яго з краіны з'ехалі буйны бізнэс і безліч медыкаў, праз яго ў людзей праблемы з доступам да замежных лекаў лепшай якасці. Праз яго няма авіязносінаў паміж Беларуссю і краінамі Еўрасаюза, нацыя надзвычай палярызаваная, а палітзняволеныя губляюць здароўе і паміраюць за кратамі. Праз яго бацькі гадамі не бачаць дзяцей, а дзеці не могуць правесці бацькоў у апошні шлях.
Але хвалявацца, кажа ён, трэба пра тое, каб жанчына не прыйшла да ўлады. Мне так і згадваецца жарт вядомага беларускага коміка Славы Камісаранкі: «Вусатая ж ты какетка!» Ну, праўда ж, можна падумаць, што на цяперашніх так званых «выбарах» і сапраўды будзе выбар. Лукашэнка зноў намалюе сабе столькі адсоткаў, колькі яму захочацца, але мала нам дыктатуры, нам яшчэ расказваюць пра тое, як жанчыны нібыта не могуць справіцца з цяжкай працай.
Як заўжды, жанчыны «не справяцца» з цяжкай і адказнай працай, да якой далучаюцца статус, улады і грошы. З цяжкай працай без прэстыжу і за капейкі мы не проста спраўляемся — мы, кажуць, для яе створаныя прыродай. Так і ўяўляю Бога, якім яго малююць аматары «прыроднага падзелу»! Сядзіць, выбірае, каму што даць, і кажа: вы, мужчыны, створаныя для яскравых выклікаў, таму вы зможаце быць прэзідэнтамі, і вы, жанчыны, створаныя для яскравых выклікаў, таму вы зможаце спалучаць мацярынства, прыбіранне, гатаванне ежы, лагістыку сямейных перамяшчэнняў і падмыванне пацыентаў у рэанімацыі.
І здавалася б, ну як еўрапейскі палітык у 2024 годзе можа несці такую лухту пра тое, што на жанчын нельга вешаць вялікі цяжар і таму нас нельга абіраць у прэзідэнткі? Але ён можа несці што захоча, і яму ні-чо-га за гэта не будзе.
Я магу доўга і паслядоўна расказваць, што ў найбольш развітых краінах міністэрствамі абароны часта кіруюць жанчыны і што неабходнасць быць галоўнакамандуючай — такі сабе аргумент супраць жаночага прэзідэнцтва. Магу падрабязна тлумачыць, чаму мачысцкі стыль кіравання, які так любіць Лукашэнка, не пасуе цяперашняму развітому свету і як гэты стыль літаральна руйнуе Беларусь. Але ці захоча ён слухаць? Ці здольны пачуць: а) што ён не лепшы за ўсіх і б) жаночую крытыку?
Мяркую, што не можа і не хоча, інакш даўно б перадаў уладу той, каго беларусы і беларускі абралі ў 2020-м. Але я ў розных крыніцах чытала, што, калі бачыш, як хтосьці б’е слабейшага, гэтаму чалавеку, які праяўляе агрэсію, трэба сказаць: «Я ўсё бачу». Кажуць, дапамагае яго прытармазіць і вярнуць у рэальнасць.
Дык вось: мы ўсё бачым.