Ігар Случак: Беларусізацыю трэба будзе ладзіць хутка, ніякага расколу грамадства гэта не выкліча
Ігар Случак заваяваў славу «моўнага інспектара», упартага змагара за беларусізацыю. Хтосьці мяркуе, што ён у гэтым пытанні занадта радыкальны. Ды і сітуацыя, маўляў, глухая: да ўладаў не дастукаешся. Сапраўды, сёння рэжым працягвае русіфікацыю, беларускамоўныя для яго — «бэчэбэшнікі», ворагі. Але калі ўявіць сабе змену палітычнай сістэмы, то таксама паўстане праблема: як не наламаць дроў, не раскалоць грамадства фарсаванай беларусізацыяй?
Пра гэта ды іншае — наша гутарка ў аўтарскай рубрыцы Вольгі Класкоўскай «Беларусь на разломе».
Моўны актывіст, юрыст і праваабаронца Ігар Случак, жывучы ў Беларусі, не адзін год церабіў, тузаў чыноўнікаў зваротамі пра беларусізацыю. Пасля падзеяў дваццатага года Ігар з сям’ёй нейкі час хаваліся ад пераследу на радзіме, але ў выніку мусілі выехаць за мяжу. Ці паўплывала гэта на яго грамадскую актыўнасць? Як Ігар Случак бачыць перспектыву перамен у краіне, найперш у моўным пытанні? Пачуем адказы з першых вуснаў.
— Ігар, беларуская мова — жыве?
— Я лічу, што так. Нараджаюцца новыя людзі, якія ў сем’ях гадуюцца па-беларуску. Суайчыннікі ў краіне таксама не забываюць пра беларускую мову. І я думаю, размаўлялі б на ёй часцей, калі б не ўнутрыпалітычная сітуацыя.
— Ці не лунаеце вы недзе ў аблоках, ці не занадта ідэалістычна гледзяцё на сітуацыю? Улічваючы, што пераважная большасць беларусаў усё ж гаворыць па-руску. Магчыма, ваш максімалісцкі, як хтосьці мяркуе, падыход адпуджвае значную частку грамадства, калі казаць пра перспектыву палітычных перамен у Беларусі?
— Я не думаю, што мая праца можа занадта адпуджваць грамадства. Нават тыя, хто цяпер размаўляе па-руску, проста не апынуліся яшчэ ў тых умовах, калі ў Беларусі можна будзе спакойна і вольна размаўляць па-беларуску, выкарыстоўваць родную мову ва ўсіх сферах жыцця.
Звычайны беларус сёння плыве па цячэнні і асабліва не хоча да чагосьці дадатковыя высілкі прыкладаць. А яны патрэбныя, каб, напрыклад, аддаць дзіця ў беларускамоўную школу. Гэта ж яе не толькі знайсці трэба, але яшчэ і заяву напісаць, каб дзіця навучалася па-беларуску. У рускамоўных такой праблемы няма.
Калі прыходзіш у той жа банк, усе паперы там на рускай. Шмат каму не хочацца траціць час, сілы, нейкую агрэсію ў свой бок выклікаць, патрабуючы, каб супрацоўнікі прадаставілі табе бланкі па-беларуску. Беларусы проста жывуць і думаюць, што так яно і трэба, яны прызвычаіліся да такой сітуацыі.
Калі б у нас у дзяржаве — не кажу ўжо, каб усё было па-беларуску, але хаця б каб абедзве мовы былі на роўных умовах, у роўнай канкурэнтнай барацьбе, то я ўпэўнены, што беларусы без праблем перайшлі б на беларускую. Яны яшчэ яе не забылі, гэта цяжка, калі ты носьбіт славянскай мовы. І гэтыя ж мовы паміж сабой падобныя — руская, беларуская, украінская. Гэта ж не германская ці балцкая моўная група.
Я ўпэўнены, у Беларусі надыдзе час, калі беларуская мова стане адзінай дзяржаўнай і ўсё будзе па-беларуску. Як і ўпэўнены, што для беларусаў не будзе вялікай праблемай перайсці на родную мову.
Сотні тысяч людзей, што выехалі з краіны ў сувязі з падзеямі дваццатага, у сваёй большасці вывучаюць і выкарыстоўваюць іншыя мовы — тых дзяржаў, у якія прыехалі. Але думаю, што ўспомніць сваю мову ў сваёй краіне не станецца для іх праблемай.
— Вашая беларускасць — ці яна абсалютная? Вы і ў сям’і, і з сябрамі ўвесь час камунікуеце па-беларуску? З якімі праблемамі вы сутыкаліся на радзіме праз гэта? Як да вашай беларускасці ставіліся чыноўнікі, супрацоўнікі афіцыйных установаў?
— Мая беларускасць абсалютная ў камунікацыі з беларусамі. Калі, напрыклад, іншая мова дапамагае мне вырашаць пытанні з носьбітамі іншых моў, у іншай дзяржаве, то я выкарыстоўваю англійскую, рускую.
З беларусамі рускую не выкарыстоўваю. Як і ў размове з іншымі славянамі, пакуль не бачу, што яны мяне не разумеюць.
Быў выпадак, я на нейкім мерапрыемстве камунікаваў з літоўцам. Ён размаўляў на рускай, але я быў упэўнены, што гэта беларус, таму размаўляў з ім па-беларуску. І ён мяне разумеў.
Так і з іншымі: любы славянін зразумее збольшага беларускую мову, бо з протаславянскай мовы яна захавала найбольш старажытных слоў. Яны ёсць і ў іншых славянскіх мовах, і цяжка іх не зразумець. Ведаеце, можна не зразумець, толькі калі ты не хочаш зразумець.
А што да жыцця ў Беларусі, то, вядома, цяжкасці ўвесь час узнікалі. Калі табе трэба штосьці атрымаць ад дзяржслужбоўцаў альбо ў краме ці дзесьці яшчэ, ты мусіш даўжэй паразмаўляць з людзьмі, каб яны зразумелі, што ты хочаш.
Дзяржаўная моўная палітыка ў Беларусі пабудавана такім чынам, што беларускамоўнаму жыць там нязручна. Уся інфраструктура зробленая для рускамоўных.
Але, напрыклад, большасць чыноўнікаў, з якімі я камунікаваў, не закочвалі вочы, не паказвалі выразнай непрыязнасці да беларускай мовы, усе даволі добра разумелі яе і часам нават на яе пераходзілі.
Закочвалі вочы такія, ведаеце, не вельмі адукаваныя людзі, маргінальныя. Цяжка цяпер знайсці тых, якія б крынжавалі праз тое, што хтосьці размаўляе па-беларуску. Гэта маргіналы з катэгорыі зацятых актывістаў, што змагаюццца супраць беларушчыны.
— Як выратаваць беларускую мову ад знішчэння? Ці гэта магчыма ва ўмовах, калі рэжым насцеж адчыніў дзверы «русскому миру»?
— Фармальна цяпер няма такой апантанай, адкрытай палітыкі вынішчэння мовы, яшчэ захоўваюцца восем працэнтаў беларускамоўных школ, беларуская мова мае статус дзяржаўнай, выкарыстоўваецца ў нейкіх цырыманіяльных мэтах час ад часу.
Які шлях да яе выратавання і большага пашырэння? Ён просты: гэта шлях актыўнасці беларусаў. Трэба размаўляць па-беларуску, працягваць пісаць звароты да чыноўнікаў — няважна, у Беларусі ты зараз ці не.
Калі ты не нейкі вядомы палітык, грамадскі дзеяч, публічная асоба, я не думаю, што ў цябе будуць праблемы праз тое, што ты жадаеш мець штосьці на беларускай мове. Нічога антыдзяржаўнага ты не робіш.
Калі ты не будуеш зварот такім чынам, што вы там, маўляў, прыслужнікі рэжыму, давайце мне беларускую мову, негатыўнае стаўленне ў большасці выпадкаў ты наўрад ці да сябе выклічаш. Калі проста кажаш: «Я беларус, і калі ў нас паводле Канстытуцыі дзве дзяржаўныя мовы, то зрабіце, калі ласка, гэта», то, думаю, праблем не будзе.
Тут усё залежыць ад беларусаў — і тых, хто унутры краіны, і тых, хто за мяжой. Мы павінны памятаць, што мы беларусы, як мінімум паміж сабой размаўляць па-беларуску, намагацца, каб у мясцовасці, дзе вы жывяце і вас там шмат, адкрываліся беларускамоўныя садкі і школы, каб неабходныя дакументы перакладаліся на беларускую мову.
Усё залежыць ад актыўнасці. Трэба быць актыўным і памятаць, што ты беларус, і паважаць самога сябе. Паважаюць толькі тых, хто сам сябе паважае.
Не будуць вас ніколі паважаць, калі за мяжой будзеце размаўляць па-руску. Вас будуць успрымаць як «маскалёў» і да вас будзе такое ж самае стаўленне. Нельга адцурацца ад свайго. Ніхто гэтага не любіць і не разумее. Таму трэба быць беларусам.
— Вы працягваеце пісаць нейкія звароты да беларускага чынавенства? Як вы ацэньваеце ягоную свядомасць? Ці ёсць у сістэме людзі з прабеларускім мысленнем, нацыянальнымі каштоўнасцямі?
— Чыноўнікі, якія цяпер працуюць у сістэме, канешне, зрабілі свой выбар, і ён не беларускі, гэтыя людзі працуюць на зло. У той жа час яны збольшага не антыбеларусы ў нацыянальным плане — адносна мовы і культуры.
90-95 адсоткаў людзей, што там працуюць, — гэта беларусы, якія разумеюць, што краіна, магчыма, ідзе не туды. Яны проста пайшлі па шляху найменшага супраціву, каб зарабляць сабе на жыццё.
Чаму я так думаю? Пасля дваццатага года ў перапісцы з чыноўнікамі я атрымаў больш станоўчых, чым адмоўных адказаў і беларускай мовы ва ўжытку з’явілася больш.
Лічу, што ва ўсіх сферах, гэта датычыцца не толькі чыноўнікаў, людзі больш паважліва сталі ставіцца да беларускай мовы. Тыя ж чыноўнікі хацелі б звароту да «махровай стабільнасці», што была да дваццатага года: сядзець на гэтых пасадах, якія нават не патрэбныя і якія можна паскарачаць, паразітаваць на грамадстве, бо і ім не хочацца бачыць гэты градус нянавісці, агрэсіі, каторы цяпер усталяваўся ў краіне.
Калі тых жа іх калег-ябацек за нейкі лайк пяцігадовай даўніны звальняюць з працы, яны думаюць: «Ну як жа так? Мы працавалі на гэты рэжым, а з намі так абыходзяцца». Ім гэта не падабаецца.
— Можна пачуць думку, што ў Беларусі фармуецца грамадзянская нацыя, мова — не галоўнае. Маўляў, найважней змяніць палітычны лад і правесці эканамічныя рэформы, гэта базіс, а з надбудовай разбярэмся потым, спакваля. Што б вы адказалі?
— Пагаджуся з тым, што зараз фармуецца беларуская нацыя і грамадзянская супольнасць. Калісьці Макей (былы міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей — В.К.) казаў, што рэжым знішчыць грамадзянскую супольнасць, што яна памрэ, як і беларуская мова. Але памёр Макей, а грамадзянская супольнасць, наадварот, развіваецца, як і мова.
Я лічу, што базіс — гэта акурат мова і культура. Без глыбокага разумення грамадзянамі сваёй нацыянальнай годнасці, тоеснасці ў краіны ўвесь час будуць праблемы. Эканоміка не ўратуе і разумнейшымі ў нацыянальным плане людзей не зробіць.
Калі, напрыклад, паўстаюць сур’ёзныя праблемы, адбываюцца рэпрэсіі і нават страта дзяржаўнасці, краіна можа захавацца і аднавіцца толькі пры ўмове, што ў яе ёсць гісторыя, культура і мова. Без гэтага не будзе перамогі, што і паказаў дваццаты год. Так, шмат людзей выступіла супраць сістэмы, але ў большасці не хапіла таго самага нацыянальнага стрыжня, каб перамагчы.
Былі сцягі, але не было мовы. Яна важнейшая, чым сцягі. Сцяг могуць забраць, цябе — распрануць і пасадзіць у турму, ты будзеш там у кашмарных умовах. Але калі ў цябе ў галаве твая мова і разуменне таго, хто ты, цябе ніхто не зламае.
Той жа Алесь Пушкін, па сутнасці, памёр за мову і нацыянальную культуру. Ён не стаў за кратамі пераходзіць на рускую, застаўся беларусам. Нашы героі паказваюць нам шлях. Вядома, не кожны беларус павінен паміраць за родную мову і свае ідэалы, але нашы вялікія людзі паказваюць, што насамрэч для нас важна як для народа.
— Цяпер вы жывяце ў Вільні. Чаму беларусы, на ваш погляд, могуць павучыцца ў літоўцаў у плане адраджэння мовы?
— На мой погляд, у літоўцаў ніколі не было праблем з мовай і не стаяла пытання яе адраджэння, бо сто адсоткаў літоўцаў ёй карыстаюцца.
Чаму ў іх можна павучыцца, дык гэта як выбудоўваць дзяржаўную моўную палітыку. У літоўцаў адзіная дзяржаўная мова, так павінна быць і ў Беларусі.
Для меншасцяў можна адкрываць садкі, школы на іх роднай мове, але ў Беларусі няма такіх кампактна пражываючых нацыянальных меншасцяў. Таму дзве дзяржаўныя мовы — гэта не пра Беларусь.
Параўноўваць нас з той жа Швейцарыяй, дзе чатыры дзяржаўныя мовы, некарэктна. Там насельніцтва, якое размаўляе на іншых дзяржаўных мовах, пражывае кампактна ў розных рэгіёнах.
Альбо тая ж Канада, дзе таксама дзве дзяржаўныя мовы, але гэта не наша беларуская сітуацыя. Там французская мова ў Квебеку і тым рэгіёне, бо так гістарычна склалася, некалі гэта была французская калонія.
У рускіх таксама адна дзяржаўная мова, беларуская не дзяржаўная, хаця там і жыве багата беларусаў.
Таму, паўтаруся, у Беларусі дзяржаўнай мусіць быць толькі беларуская.
— Ёсць меркаванне, што ў свой час БНФ страціў папулярнасць не ў апошнюю чаргу праз тое, што занадта педаляваў моўнае пытанне. Уявім сабе, што ў Беларусі надышоў час перамен. Як не раскалоць грамадства на глебе мовы? Якой вы бачыце палітыку беларусізацыі ў новых умовах?
— Моўная палітыка БНФ у дзевяностыя гады была вельмі памяркоўнай, і я з ёй не згодны.
Моўнае і культурнае пытанне трэба вырашаць хутка. І я лічу, што пры змене палітычнага ладу пераход цалкам да беларускай мовы павінны адбыцца за 3-6 месяцаў. І нам трэба забыць пра гэтую рускую мову, менавіта ў дзяржаўнай, публічнай сферы. Тады будзе незалежная дзяржава.
Я не думаю, што гэта расколе грамадства, бо як паказаў дваццаты год, нават былыя прыхільнікі рэжыму, што перайшлі на бок народу, — некаторыя супрацоўнікі БТ, музыкі і гэтак далей — з часам лёгка перайшлі на беларускую мову.
Пасля таго, як мы вернемся да законнасці, моўнае пытанне не расколе грамадства. Яго могуць раскалоць якраз такія дыскусіі, як пра тое, колькі дзяржаўных моў павінна быць. Па шчырасці, гэта ўсё антыдзяржаўныя размовы.
У Беларусі павінна быць толькі адзіная дзяржаўная беларуская мова, калі мы хочам захаваць краіну, незалежнасць і нерасколатае грамадства.