Непісьменны чыноўнік, або Чаму Беларусі неабходна моўная інспекцыя
Пакуль не даводзіцца казаць, што сучасны беларускі чыноўнік дасканала валодае беларускай мовай, не ганьбячы мову, сябе і адрасата ў адказах.
«Па указу всеміласцівейшай гасударыні Елісаветы Петровны 49-га апреля 1893-га года і всеміласцівейшай Екацярыны Вялікай от 23-го сенцябра 1903-га года, а равномерно в смысле Статута літоўскаго раздзела 8-га, параграфа 193-га, коім назначается в пользу суда от цяжушчыхся грывны. Обжалованный Протосавіцкі імеет зараз жа ўплаціць пошлін 20, прогонных 16 і на канцэлярыю 10 рублёў. Жалуюшчыйся Ліпскі ў палавіне того; сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, — па 9-ці рублёў, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, — па 3 рублі».
Канечне, вы ўжо пазналі гэтыя радкі. Гэтак даваў адказ на зварот чыноўнік Кручкоў у п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта», напісанай у 1866 годзе.
Цяпер 2017 год, але ці змянілася нешта ў лепшы бок з часоў Дуніна-Марцінкевіча? На жаль, не даводзіцца казаць, што сучасны беларускі чыноўнік дасканала валодае беларускай мовай, не ганьбячы мову, сябе і адрасата ў адказах. Яшчэ нядаўна можна было пачуць ад чыноўніка выказванні: «Я не разумею па-беларуску, размаўляйце па-руску».
Цяпер такіх выпадкаў становіцца менш, бо законам «Аб дзяржаўнай службе» прадугледжана патрабаванне аб тым, што чыноўнік павінен валодаць беларускай і рускай мовай — гэта адна з умоваў прыняцця яго на дзяржаўную службу. Таксама не так даўно быў прыняты закон «Аб беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», што заканадаўча замацаваў, паводле якіх правілаў павінны давацца чыноўнікамі адказы па-беларуску. І трэцяя важная норма, гэта арт. 18 закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», што прадугледжвае абавязковы адказ па-беларуску на пісьмовы зварот па-беларуску.
Але чыноўнікі далёка не заўжды якасна выконваюць нормы гэтых трох законаў, якія для іх з’яўляюцца абавязковымі. Для ілюстрацыі можна прывесці некалькі прыкладаў, што кажуць аб тым, што стаўленне да беларускай мовы сярод некаторых чыноўнікаў альбо зусім не паважнае, альбо яны дрэнна валодаюць дзяржаўнай мовай. У некаторых выпадках і Кручкоў бы пазайздросціў іх адказам.
Кіраўнік справаў Браслаўскага райвыканкаму Іна Мініна піша:
«Права грамадзян, вызначанае артыкулам 7 закона „Пра звароты грамадзян і юрыдычных асоб“, прадугледжвае магчымасць знаёміцца з матэрыяламі, непасрэдна якія адносяцца да разгляду зваротаў, калі гэта не закранае правы, волі і (ці) законныя інтарэсы іншых твараў і ў матэрыялах не ўтрымоўваюцца звесткі, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, камерцыйную і (ці) іншую ахоўваную законам таямніцу».
Зразумець нешта з гэтага адказу без праблемаў зможа толькі Google-перакладчык, якім, відаць, і карысталася чыноўніца пры падрыхтоўцы адказу. І гэта далёка не ўсе памылкі, што былі ў гэтым адказе. не ведаю, законныя інтарэсы якога «твара» былі абароненыя гэтым адказам, але не правы беларускай мовы дакладна.
А вось што паведамляе намеснік старшыні Лёзненскага райвыканкаму Ірына Дзерваед:
«Мяркуем, што гэта (выраб вулічных указальнікаў на дзвюх дзяржаўных мовах) ні якім чынам не закране дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, канстітуцыўныя змены 1996 года і роўныя правы як беларускамоўных, так і рускамоўных грамадзян, наадварот, падкрэсліць гнуткасць сацыяльнай палітікі сучаснай беларускай дзяржавы, накіраванай на павышенне дабрабыту грамадзян за кошт недапушчэння неабгрунтаваных выдаткаў дзяржаўных сродкаў».
Я нават не здзіўляюся, што словы «Канстытуцыя» і «палітыка» напісаныя з памылкамі — першае ў Беларусі амаль не выкарыстоўваецца, а другога ў Беларусі амаль няма, таму і зразумелыя памылкі ў напісанні, але тым не менш, здаецца неабгрунтаванымі выдаткамі з’яўляецца ўтрыманне ў Беларусі непісьменных чыноўнікаў, а не ўстаноўка дзвюхмоўных шыльдаў.
Падвышаем чыноўніцкі ранг — зараз адказ першага намесніка старшыні Светлагорскага райвыканкаму Аляксандра Камандзірчыка:
«На ваша зварот, Светлагорскі раённы выканаўчы камітэт паведамляе. Установамі адукацыі і культуры Светлагорскага раёна штогод сістэмна і планава праводзяць мерапрыемствы па папулярызацыі беларуская мовы».
Такая вось адукацыя і культура ў Светлагорску.
Начальнік «отдела» (так ён сам назваў сябе) па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Маладзечанскага райвыканкама Святлана Юрчык вырашыла не адставаць ад калег і зрабіла памылкі ў 3-х з 4-х радкоў адказу:
«У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі дзяржаўнымі мовамі ў Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.
На аснове сказанага Маладзечанскі райвыканккам не вядзе статыстыкі по пытанням выказанным ў Вашым пісьме».
Ці то вяцкі тут дыялект беларускай мовы, ці разанскі, сказаць цяжка, як і зразумець, як можна зрабіць столькі памылак у такім маленькім тэксце.
Напрыканцы можна прывесці ліст-рэкардсмэн па непісьменнасціі, падпсаны кіраўніком справамі Столінскага райвыканкаму А.Кулажынскім:
«Столінскі раёны выканаўчы камітэт паведамляе, што Ваш зварот „Аб прадстаўлені інфармацыі“ разгледжаны. У адпаведннасці з артыкулам 2 Закана „Аб зваротах грамадзян“ сфера дзеяння названага Закона распаўсюджваецца на звароты (заявы, прапановы, скаргі) грамадзян, а не на прадстаўленне інфармацыі. Акрамя таго, падрыхтоўка і сістэматызація запытваемай Вамі інфармацыі, улічваючы яе аб’ём і структуру, патрабуе значных працоўных і матэрыяльных выдаткаў і пацягне адцягненне ад выкананя прамых функцыянальных абавязкаў спецыялістаў райвыканкама.
У адпаведнасці з вышэйпададзеным, прадставіць запытаную інфармацыю не прадстаўляеца магчымым. У выпадку незгоды з дадзеным адказам, Вы маеце права звярнуцца у Брэскі абласны выканаўчы камітэт».
Дадзены адказ непісьменны не толькі з-за памылак, але і з-за няслушнага тлумачэння заканадаўства — адным словам Кручкову б спадабалася. А выраз «пацягне адцягненне» наогул трэба ўвесці ў «сучасную» беларускую юрыдычную тэрміналогію. Ці медычную, напрыклад.
Цікавы і подпіс пад беларускамоўным лістом: О.Л.Кулажынскі. Адразу пачынаеш думаць, якое ж імя ў Кулажынскага? Прыходзяць на думку толькі Отта і Одзін. Але насамрэч яго імя, хоць і скандынаўскае, але звычайнае для Беларусі — Алег. Проста той, хто рыхтаваў ліст, і тут зрабіў памылку.
Пералічаныя прыклады непісьменных адказаў чыноўнікаў — гэта толькі маленькая частка падобных адказаў з памылкамі, што я атрымоўваў. Прычым памылкі чыноўнікі робяць не толькі ў беларускамоўных, але і рускамоўных адказах — патрабаванне аб належным валоданні дзяржаўнымі мовамі, прадугледжанае законам «Аб дзяржаўнай службе», цалкам парушаецца.
Можна запярэчыць і выказаць думку аб тым, што няхай ужо пішуць і гавораць як заўгодна, няхай з памылкамі, але па-беларуску, як той казаў, «лупяць на трасянцы». З гэтым можна часткова пагадзіцца толькі ў выпадку, калі з памылкамі размаўляе просты грамадзян у сваім прыватным жыцці. Але чыноўнік, афіцыйная асоба, што прадстаўляе Беларусь, гаворыць ад імя Беларусі, і яго памылкі кідаюць цень і на Беларусь, і на дзяржаўную ўладу, і на прэстыж краіны за мяжой. Памылкі дзяржаўных служачых у моўным пытанні — гэта не толькі смешна і прыкра, але і небяспечна для дзяржавы. Мова — гэта адзін з галоўных, калі не галоўны фактар суверэнітэту і незалежнасці, і да яе неабходна ставіцца належным чынам. Калі служачы не валодае дзяржаўнай мовай на дастатковым узроўні, значыць, не адпавядае сваёй пасадзе і павінен быць заменены.
Але валоданне дзяржаўнымі мовамі чыноўнікамі ў Беларусі ніяк не кантралюецца, ды і не выпрацаваны механізм такога кантролю. Каб выправіць гэту сітуацыю, не так даўно рускамоўнымі грамадзянамі, якіх хвалюе праблема пашырэння ўжывання беларускай мовы, была пададзена калектыўная электронная петыцыя ў Палату прадстаўнікоў і Міністэрства гандлю з прапановай унесці ў дзеючае заканадаўства аб дзяржслужбе змены, што прадугледжваюць і адмыслова рэгулююць праверку ведаў дзяржаўных моваў пры прыёме на дзяржаўную службу.
Міністэрства гандлю ў сваім адказе пералічыла нормы дзеючага заканадаўства аб прыёме на дзяржаўную службу, канкрэтнага адказу на прапанову не дало і прапанавала звярнуцца ў Акадэмію кіравання.
Дэпутаты ж парламенцкай Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве вырашылі, што «паднятае ў звароце пытанне на сённяшні час дадатковага прававога рэгулявання не патрабуе і з улікам выкладзенага дэпутаты не знаходзяць падстаў для карэктыроўкі закона «Аб дзяржаўнай службе».
Але падставы для карэктыроўкі ляжаць на паверхні ў той жа Палаце прадстаўнікоў — дастаткова паглядзець адказы саміх дэпутатаў.
Вось як адказаў на мой зварот вярхоўны атаман РГА «Беларускае казацтва», былы кандыдат у прэзідэнты, а сёння — дэпутат палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Улаховіч:
«Разледзяўшы Ваш зварот паведамляю наступнае. Дзяржаўным мовамі з’яўляюцца беларускія і руская мовы. Частка 1 артыкула 8 закона „Аб мовах“ як базавага заканадаўчага акта, які рэгламентуе аналізіруемые ўзаемаадносіны, устанаўлівае, што мовамі ўзаемаадносін дэяржауных органаў і другіх арганізацый з’яуляюцца беларуская і (або) руская мовы. Змяненні на стадыі падрыхтоўкі распрацоўщыкі праекта праходзяць працэдуру узгаднення».
Атаман Улаховіч не толькі піша з вялікай колькасцю памылак, але не ведае, як правільна называюцца законы, змены ў якія ўносяцца дэпутатамі: «У 2017 годзе праект закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон „Аб аброне спраў (патрэбна — правоў) спажыўцоў“ паступіць на разгляд Палаты прадстаўнікоў».
Таму відавочна, што праблема недастатковага валодання дзяржаўнымі мовамі існуе на ўсіх узроўнях дзяржаўных служачых.
Гэтую сітуацыю можна выправіць, выкарыстаўшы эстонскі вопыт, з якім я добра знаёмы — у структуры Міністэрства адукацыі стварыць Моўную інспекцыю.
Яна зможа ў любы час праверыць любога чыноўніка на адпаведнае валоданне дзяржаўнай мовай і адхіліць яго ад працы ў выпадку, калі гэты ўзровень нездавальняючы, а таксама займацца тымі, хто абражае дзяржаўныя і нацыянальныя мовы Беларусі.
Не трэба сумнявацца, што ў такім выпадку колькасць непісьменных адказаў чыноўнікаў зменшыцца ў дзясяткі разоў, і ў столькі ж разоў падвысіцца пісьменнасць чыноўнікаў і павага да дзяржаўнай беларускай мовы. І Кручковых стане менш.