Казахстан ці Qazaqstan?

Прапанову Нурсултана Назарбаева аператыўна перавесці казахскую мову на лацінку ў свеце разглядаюць як важную геапалітычную падзею. Аднак нават у самой краіне шмат хто не верыць у гэты праект.

Фота www.fondsk.ru

Фота www.fondsk.ru

Пра прычыны такога стаўлення і некаторыя абставіны рэформы «Новаму Часу» распавядае казахскі мастак Жэніс Аліеў.

— На чым грунтуецца скепсіс тых казахаў, якія не вераць, што ў 2025 годзе (паводле Назарбаева, гэта час заканчэння рэформы) краіна цалкам пяройдзе на лацінку?

— Па часе перайсці на лацінку за восем гадоў сапраўды рэальна, аднак веданне менталітэту казахскага чыноўніка, а галоўнае — жыццёвы досвед, прымушаюць у гэтым сумнявацца. Гісторыя Казахстана пры Назарбаеве — гэта бясконцая «манілаўшчына», калі правадыром рэгулярна агучваюцца нейкія мегапраекты. А вось з іх рэалізацыяй атрымліваецца не вельмі. Не выкананая ніводная з абвешчаных дзяржаўных праграм, прычым іх маштабы былі не такія вялікія, як пераход на новы алфавіт. Не кажучы пра тое, што цяперашняя спроба Назарбаева па пераводзе казахскай мовы на лацінку — ужо чацвёртая за часы яго кіравання.

— Чаму праваліліся папярэднія спробы?

— Аматары рэформы кажуць, што іх правал звязаны з засіллем так званай «расійскай фракцыі» ў Назарбаеўскім апараце. Аднак ніводнага прозвішча пры гэтым не называюць. Думаю, усе мінулыя спробы праваліліся праз ручны прынцып кіравання краінай. Не паспяваў Назарбаеў анансаваць тую ж рэформу алфавіту, як узнікала нейкая новая медыйная падстава, на якую пераключалася ўвага як самога Елбасы, так і ўсёй яго вертыкалі.

— Тым не менш, нельга ігнараваць, што зараз сітуацыя іншая. Гаворка пра новую халодную вайну ў свеце, у якой Казахстан выглядае як патэнцыйная ахвяра гібрыднай вайны. Магчыма, у новых умовах эліта будзе вымушаная мабілізавацца на рэформу?

— Новыя ўмовы — таксама і новая, горшая эканамічная сітуацыя, і большы дэфіцыт рэсурсаў. Для пераходу краіны на лацінку трэба, па розных ацэнках, як мінімум тры мільярды долараў. Ці не лепш пусціць тыя сродкі на сілавыя ведамствы або сацыяльныя праграмы, ад чаго залежыць палітычная стабільнасць, то бок знаходжанне Назарбаеўскага клану пры ўладзе? Пераход на лацінку ва ўмовах стагнацыі дакладна адгукнецца незадавальненнем насельніцтва наконт таго, што грошы ідуць на змену шыльдаў, а не на дарогі або паляпшэнне жыцця людзей. Нарэшце, узнікае пытанне: нашто Назарбаеву інвеставаць у праект, рэалізацыю якога ён асабіста можа ўжо і не пабачыць?

— Аднак праект накіраваны на тое, каб якраз кансалідаваць грамадства. Пішуць, што моўныя курсы, праз якія давядзецца прайсці практычна кожнаму, дапамогуць казахам адчуць сябе нацыяй, сфармаваць калектыўную адказнасць за будучыню. Маўляў, рэформа будзе штуршком для мадэрнізацыі і руху да большага міжнароднага прызнання дзяржавы.

— Уся гэта высокая патэтыка лёгка разбіваецца аб прыклад суседняга Узбекістану, дзе цалкам перайсці на лацінку планавалася яшчэ ў 2010-м. У выніку атрымалася не кансалідацыя нацыі, а расколіна паміж старой генерацыяй і маладымі ўзбекамі, якія вывучылі мову ўжо на лацінцы. Газеты, якія не жадаюць губляць старога чытача, ігнаруюць рэформу. Уся ўнутраная дакументацыя вядзецца, як і да рэформы. Наўрад ці падобная алфавітная салянка — сімптом сучаснай мадэрнізаванай дзяржавы. У дадатак, пакуль у Ташкенце няма ні волі, ні рэсурсаў, ні нават ідэяў, як вырашыць праблему. Перад тым, як пачынаць нешта падобнае ў Казахстане, трэба як мінімум вывучыць узбекскі ўрок.

— Расійская прэса адрэагавала на рэформу Назарбаева вельмі агрэсіўна. «Калі ўрад Расіі не адкажа рашучымі і разумнымі дзеяннямі, то ўвесь рускі свет ляснецца як картачны домік. Усе на абарону рускай славеснасці!» — піша з гэтай нагоды адно з выданняў. А што думаюць рускамоўныя казахі?

— Шчыра кажучы, большасць жыхароў той жа Алма-Аты, дзе пануе руская мова, рэформа не хвалюе. Рускамоўны сегмент грамадства не чытае казахскамоўных тэкстаў нават на знаёмай кірыліцы, і наўрад ці будзе чытаць іх у іншых варыянтах. Тым больш, што адначасова Назарбаеў запэўніў: руская мова пасля рэформы застанецца адной з афіцыйных. Рускамоўныя баяцца хіба толькі таго, што са спасылкай на рэформу павысяць камуналку і кошты на паліва.

Трэба адзначыць, што большасці этнічных казахаў уласцівая тая ж заклапочанасць. Праблемы алфавіту яўна не на першым месцы ў краіне, дзе, паводле апытанняў, 90 працэнтаў рэспандэнтаў баяцца, што заўтра могуць трапіць у катэгорыю «бедныя». Недаверу нізоў спрыяе і тое, што афіцыёз пачаў нездаровую прапаганду ў падтрымку ідэі Назарбаева аж да таго, што лацінку называюць сродкам у барацьбе з тэрарызмам і эканамічным крызісам.

— Уявім, што чацвёртая спроба рэформы паўторыць гісторыю папярэдніх. Ці будзе пятая?

— У гэтым няма сумневаў. Праблема пераходу на лацінку — не штучная. Шмат хто лічыць, што веданне лацінкі дазволіць маладым казахам без комплексаў інтэгравацца ў туркамоўны і англамоўны свет, прасцей шукаць дыялог з кітайскімі аднагодкамі. Таму нельга выключаць, што план Назарбаева — гэта, хутчэй, заяўка на тое, каб трапіць у гісторыю. Хто б заўтра зноў ні пачынаў рэформу алфавіту (у тым ліку гэта могуць быць і цяперашнія апаненты Елбасы), яны так ці інакш будуць выглядаць ідэйнымі паслядоўнікамі «вялікага Нурсултана Абішавіча».