992-гі дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: украінскія выведнікі дабраліся да Падмаскоўя

Расійцы здзейснілі масіраваны ўдар па Запарожжы, Крывым Рогу і Мікалаеве. Ёсць ахвяры і пацярпелыя. А ўкраінскія выведнікі паразілі расійскі штурмавы верталёт — проста на аэрадроме ў Падмаскоўі.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Аналізуючы паведамленні пра пакаранні смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных расійцамі, эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» адзначаюць, што гэтыя дзеянні застаюцца беспакаранымі з боку расійскіх палявых камандзіраў.

Генеральная пракуратура Украіны паведаміла 9 лістапада, што расследуе відэа, на якім расійскія войскі караюць захопленага і бяззбройнага ўкраінскага вайскоўца ў парушэнне Жэнеўскай канвенцыі аб ваеннапалонных.

Украінскі амбудсмэн Дзмітрый Лубінец заявіў, што накіраваў ліст у Арганізацыю Аб'яднаных Нацый і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа адносна паведамленняў пра ваеннае злачынства.

«ISW ужо неаднаразова паведамляў пра папярэднія відэаматэрыялы і справаздачы аб пакараннях смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных расійскімі вайскоўцамі, а таксама аб больш шырокай тэндэнцыі расійскіх злоўжыванняў супраць украінскіх ваеннапалонных на розных участках фронту, якія, як уяўляецца, дапускаюцца, калі не наўпрост ухваляюцца асобнымі расійскімі камандзірамі і застаюцца беспакаранымі з боку расійскіх палявых камандзіраў».

***

Паводле звестак украінскага Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі, расійскія войскі назапасілі ракеты на аэрадромах для масіраваных абстрэлаў Украіны, напісаў кіраўнік установы Андрэй Каваленка ў Telegram.

«Як і казаў, у расійцаў усё гатова да масіраваных абстрэлаў. Ракет хапае, яны назапашаныя на аэрадромах стратэгічнай авіяцыі і далей назапашваюцца. Авіяцыя таксама гатовая».

Паводле слоў Каваленкі, адпрацоўка расійцамі тактыкі пускаў з імітацыяй з'яўляецца таксама часткай падтрымання авіяцыі ў гатоўнасці да дзеянняў. «І выкарыстоўвае вораг гэта для псіхалагічнага ціску», — адзначыў ён.

У панядзелак раніцай Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што ў Расіі зафіксаваны ўзлёт васьмі бартоў Ту-95МС, якія пасля «ажыццявілі пускі ракет». Але пускі, верагодна, былі імітацыйнымі.

***

Расійская армія ўшчыльную падышла да Курахова Данецкай вобласці і нават заходзіць туды на тэхніцы. Зрэшты, горад цалкам знаходзіцца пад кантролем Сіл абароны Украіны, у прыватнасці 46-й брыгады ДШВ, паведамляе «Украінская праўда».

Паводле звестак крыніц выдання, «праціўнік спрабуе заняць пануючыя вышыні, узяць пад агнявы кантроль шляхі, якія вядуць да Курахова, прарваць абарону і дабрацца да ўскраін горада. Інтэнсіўна абстрэльвае горад, выкарыстоўваючы КАБы і артылерыю.

Сілы абароны паспяхова стрымліваюць наступальныя дзеянні праціўніка, наносячы яму страты ў жывой сіле і тэхніцы. Курахова — пад поўным кантролем Сіл абароны».

***

За мінулыя суткі на 11 кірунках фронту адбылося 160 баявых сутыкненняў, 83 атакі расійскіх войскаў абаронцы адбілі на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках, паведамляюць у Генштабе УСУ.

«У ноч на 11 лістапада вораг атакаваў дзвюма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі "Х-59/69" Запарожскую вобл., 74-ма ўдарнымі БпЛА тыпу "Shahed" і беспілотнікамі неўстаноўленага тыпу з раёнаў Курск, Прыморска-Ахтарск, Арол, Бранск — РФ.

Паводле стану на 09.30 пацверджана збіццё двух кіраваных авіяцыйных ракет "Х-59/69 і 39-ці БПЛА суперніка ў Кіеўскай, Жытомірскай, Палтаўскай, Сумскай, Чаркаскай, Запарожскай, Чарнігаўскай, Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласцях.

30 варожых беспілотнікаў лакацыйнай страчаныя ў розных рэгіёнах Украіны, яшчэ 3 расійскія БпЛА выйшлі з паветранай прасторы Украіны ў кірунку Беларусі і часова акупаванай тэрыторыі».

Тым часам Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты расійцам: за мінулыя суткі абясшкодзілі 1 770 захопнікаў, 40 ББМ і 34 артсістэмы. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 11.11.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 710 660 (+1 770) чалавек;
  • танкаў — 9 253 (+4) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 18 766 (+40) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 20 314 (+34) адз.;
  • РСЗА — 1 245 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 996 (+0) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 18 676 (+57) адз.;
  • крылатых ракет — 2 636 (+2) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 28 802 (+119) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 620 (+16) адз.

***

У ноч на 11 лістапада расійскія войскі нанеслі тры авіяўдары па Запарожжы, загінуў мужчына, яшчэ 21 чалавек атрымаў раненні, сярод іх ёсць дзеці.

Паводле даных украінскіх ратавальнікаў, авіяўдары расійцы нанеслі ў панядзелак ноччу ў 1:30.

«Папярэдне ў выніку атакі загінуў чалавек. Ужо дзевяць чалавек звярнуліся да лекараў па меддапамогу праз траўмы. Сярод пацярпелых — дзяўчына 15 гадоў і двое хлопчыкаў 4 і 17 гадоў. Колькасць пацярпелых высвятляецца».

У выніку абстрэлу выбухной хваляй часткова разбураны двухпавярховы жылы дом, пашкоджаны інтэрнат і будынак аўтасалона.

У 7:50 раніцы кіраўнік рэгіёна Іван Фёдараў паведаміў, што колькасць параненых узрасла да 21:

«6 чалавек шпіталізаваныя, 15 была аказаная дапамога на месцы. Сярод шпіталізаваных — 2 дзіцяці, ім лекары цяпер аказваюць медыцынскую дапамогу».

***

У выніку варожай атакі ў Мікалаеве ўзніклі пажары ў дамах, загінулі пяць чалавек, адна жанчына параненая, паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай вобласці Віталь Кім.

Расійцы чарговым разам атакавалі Мікалаеў дронамі.

Да і пасля паведамленняў афіцыйных асоб мясцовыя СМІ паведамлялі пра выбухі ў горадзе.

У паліцыі ўдакладнілі, што ў выніку пападанняў загінулі чацвёра жыхароў прыватнага дома (трое жанчын і мужчына) і жыхар шматкватэрнага дома. 

«Адзін прыватны дом разбураны, некалькі пашкоджаны, у тым ліку шматпавярхоўка. Знішчаныя два легкавыя аўтамабілі. Выбухной хваляй пашкоджаныя кватэры, чатыры крамы, адбыўся прарыў цепласеткі, ёсць адключэнні ад цеплазабеспячэння і газазабеспячэння», – паведаміў Кім.

***

Расійскія акупанты 11 лістапада атакавалі Крывы Рог балістыкай, была пашкоджаная пяціпавярхоўка. Гарадскія ўлады паведамляюць пра параненых, на месцы працуюць ратавальнікі.

Старшыня савета абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул напісаў у сваім тэлеграме: «"Высокадакладныя" пачвары прамым пападаннем ударылі балістыкай у шматпавярхоўку. Працягваецца аварыйна-выратавальная аперацыя... Ёсць параненыя, якія ўжо эвакуяваныя ў бальніцу».

Старшыня Днепрапятроўскай АДА Сяргей Лысак паведаміў, што у шматпавярхоўцы разбураныя кватэры з першага па пяты паверхі аднаго з пад'ездаў. Узнік пажар.

У Крывым Рогу пацярпелі двое дзяцей: «10-гадовай дзяўчынцы аказалі дапамогу на месцы. Хлопчык 11 гадоў шпіталізаваны ў стане сярэдняй цяжкасці. Усяго на гэты момант  шасцёра пацярпелых».

Пазней ратавальнікі паведамілі, што колькасць пацярпелых узрасла да 11 чалавек, з іх двое дзяцей, выратаваныя 5 чалавек.

Пад заваламі яшчэ могуць быць людзі. Аварыйна-выратавальныя работы на месцы ўдару працягваюцца.

***

Уначы расійцы атакавалі Кіеў ударнымі беспілотнікамі, Сілы абароны Украіны абясшкодзілі каля 10 дронаў паблізу сталіцы.

Як заявіў кіраўнік КГГА Сяргей Папко, «на працягу ночы ў Кіеве чатыры з паловай гадзіны працягвалася паветраная трывога, звязаная з атакай ударных БПЛА Узброеных сіл РФ. Сіламі абароны было выяўлена і абясшкоджана рознымі спосабамі да дзясятка беспілотнікаў (дакладная колькасць і тып дронаў апублікуюць Паветраныя сілы)».

Паводле слоў Папко, ніякіх разбурэнняў у сталіцы не зафіксавалі, па медыцынскую дапамогу ў выніку атакі БПЛА ніхто не звяртаўся.

***

Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны паведаміла, што ў Падмаскоўі быў спалены расійскі штурмавы верталёт Мі-24 армейскай авіяцыі УС РФ.

«У ноч з 9 на 10 лістапада 2024 года на аэрадроме "Клін-5" Маскоўскай вобласці знішчаны расійскі штурмавы верталёт Мі-2».

Паведамляецца, што згарэлы варожы верталёт належаў складу 92 эскадрыллі 344 цэнтра баявога прымянення і перападрыхтоўкі лётнага складу армейскай авіяцыі УС РФ.

«ГУВ МА нагадвае, што за кожнае ваеннае злачынства, учыненае супраць Украіны, акупанта чакае справядлівае пакаранне», — гаворыцца ў паведамленні.