Сардэчна запрашаем у «Трампункт»! Дасье ў карыкатурах
На выбарах прэзідэнта ЗША 5 лістапада перамогу атрымаў Дональд Трамп. «Новы Час» паглядзеў, як на гэта адрэагавалі карыкатурысты.
Здарылася тое, што многія дапускалі, але да канца адмаўляліся верыць. Па выніках прэзідэнцкіх выбараў у ЗША Дональд Трамп ізноў стаў прэзідэнтам. Прычым выйграў ён проста фенаменальна: у Трампа 312 чальцоў камісіі выбаршчыкаў, а ў Камалы Харыс — толькі 226. Адзін з амерыканскіх мастакоў арыгінальна адлюстраваў фіяска дэмакратаў, чыім сімвалам з'яўляецца асёл.
Як вядома, большасць палітызаваных медыяў на Захадзе стаяць на ліберальных пазіцыях. Таму іх рэакцыя на вынікі галасавання 5 лістапада была хутчэй негатыўнай. Занятыя ў рэдакцыях гэтых СМІ мастакі паказвалі поспех Трампа як трагедыю амерыканскай дэмакратыі. Напрыклад, карыкатурыст The European проста параўнаў галасаванне за Трампа з суіцыдам Статуі Свабоды.
Іншы мастак-дэмакрат лічыць, што Штаты ў часы новай кадэнцыі Трампа стануць ледзь не фашысцкай дзяржавай. На яго малюнку кепка са слоганам MAGA ператвараецца ў форменную фуражку, якую, мяркуючы па ўсім, будуць насіць члены манапольна кіруючай у ЗША партыі трампістаў.
На жаль, мала мастакоў спрабуюць знайсці адказ на пытанне, чаму Трамп усё ж перамог. Хіба аматары незвычайных тэорый. Напрыклад, гэты мастак тлумачыць перамогу Трампа скандалам вакол вавёркі Арахіс, якую паводле закону забралі ў гаспадара і ўсыпілі. Смерць жывёлы ўзрушыла шматлікіх амерыканцаў. І, маўляў, каб адпомсціць дэмакратам за Арахіса, яны масава прагаласавалі за Дональда. Адпаведна, тандэм Трамп-Вавёрка стаў сімвалам перамогі кандыдата рэспубліканцаў.
Зрэшты, адназначна казаць, што перамога Трампа ставіць крыж на амерыканскай дэмакратыі, усё ж рана. Але не будзем забывацца, што Палата прадстаўнікоў і сенат таксама ў руках рэспубліканцаў. Фактычна ў Трампа зараз уся заканадаўчая галіна ўлады. Нядзіўна, што мастак выдання The Spectator параўнаў вяртанне Трампа ў Белы дом з каранацыяй.
А вось адна з нарвежскіх газет відавочна не згодна з тэзай, што Амерыка хутка дэградуе да стану дыктатуры. На думку мастака выдання, ніхто не ведае, куды Трамп прывядзе Амерыку і ўвесь свет, паколькі па натуры новы прэзідэнт — авантурыст, накшталт звычайнага пірата. Так што настройцеся на тое, што ў наступныя чатыры гады нас усіх чакаюць фантастычныя прыгоды.