«Абласканыя» дыктатарам. Людзі, якія абслугоўваюць Лукашэнку

Кухары і кухаркі, урачы, цырульніцы — усё гэта функцыі, якія робяць зручнейшымі будні кіраўніка рэжыму. А той асабліва грашыма не раскідваецца, але пры нагодзе падкідвае сёе-тое ім з барскага пляча.

660x471.webp

Беларуская прапаганда называе Аляксандра Лукашэнку «палітыкам ад народа», «самым народным прэзідэнтам», «бацькам». Сам Лукашэнка любіць на камеру памахаць сякерай або касой, зладзіць паказальны збор бульбы або накрышыць вітамінавай салаты. Аднак за кадрам застаецца цэлы пул людзей: асабістыя кухары, афіцыянты, лекары, цырульнікі, — якія гадамі служаць або служылі Лукашэнку. «Бюро» даведалася, як арганізаваны побыт палітыка і хто гэтыя людзі, што дапамагаюць «народнаму абранніку» ў яго штодзённай руціне. А яшчэ пры працы над гэтай тэмай расследавальнікі знайшлі, верагодна, пазашлюбную дачку Лукашэнкі.

Вучань кухара «Пуціна»

У 2015 годзе на тэлеканале НТВ быў паказаны сюжэт, прысвечаны мінскім перамовам кіраўнікоў Германіі, Францыі, Украіны і Расіі па сітуацыі на Данбасе. У яго ўключылі аповед асабістага шэф-повара Лукашэнкі — Міхаіла. Тады французскаму прэзідэнту Франсуа Аланду спадабаліся яго дранікі са смятанай, а канцлерцы Германіі Ангеле Меркель — сала.

Як устанавілі расследавальнікі, карміў ганаровых гасцей Лукашэнка і яго самога шэф-повар Міхаіл Анішчанка.

Паводле звестак, атрыманых ад «Кіберпартызан», у РУП «Кастрычніцкі» Упраўлення справамі Лукашэнкі Анішчанка прыйшоў у 19 гадоў — у 2007 годзе.

У «Кастрычніцкага» 71 аб'ект грамадскага харчавання, 9 рознічных гандлёвых аб'ектаў і 9 перасоўных гандлёвых кропак. Найбольш вядомыя кафэ: «Лідо», «Манетны двор», «Менск».

Па працэдуры закупкі з адной крыніцы РУП «Кастрычніцкі» пастаўляў харчаванне для Цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Міністэрства фінансаў РБ, Міністэрства юстыцыі РБ, Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС, ХК «Юнацтва-Мінск», Вярхоўнага суда РБ. Паводле распараджэння Лідзіі Ярмошынай у 2020 годзе супрацоўнікі арганізацыі гатавалі для Цэнтральнай выбарчай камісіі РБ.

«РУП "Кастрычніцкі" ў сістэме Упраўлення справамі — гэта манапаліст, які абслугоўвае ўсе дзяржрэзідэнцыі, усё кіраўніцтва краіны. Існуе вузкае кола, якое заточанае выключна на яго [Лукашэнку]. Гэта кухня, гэта афіцыянты, афіцыянткі, ну і нейкая яшчэ там бліжэйшая абслуга. Гэта значыць, не кожны супрацоўнік РУП "Кастрычніцкі" будзе мець доступ да цела», — растлумачыў былы супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі.

У «Кастрычніцкім», паводле звестак ФСАН, Анішчанка лічыўся і падчас таго самага прыёму на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў «нармандскай чацвёркі». Зарабляў ён тады ад 1200 да 3000 долараў на месяц, гэта значыць атрымліваў ад 2 да 5 сярэдніх беларускіх заробкаў.

Суразмоўца «Бюро», які меў доступ да кухні Лукашэнкі, расказаў, што Анішчанка праходзіў практыку ў рэстаране «Застолле» (РУП «Кастрычніцкі»), калі вучыўся ў кулінарным тэхнікуме. Туды ж малады чалавек вярнуўся і пасля завяршэння вучобы. Яго галоўным кулінарным настаўнікам стаў Аляксандр Петрыман — прыхільнік французскай кухні і на той момант шэф-повар рэстарана «Залаты грабеньчык». З «Залатым грабеньчыкам» Міхаіл супрацоўнічаў, паралельна працуючы ва Упраўленні справамі.

Таксама Анішчанка стажыраваўся ў расійскіх рэстаранах «Старая Мытня» і «Купцоў Елісеевых», адкрытых былым «поварам Пуціна», цяпер ужо нябожчыкам Яўгенам Прыгожыным.

Усяго ва Упраўленні справамі Лукашэнкі Анішчанка прапрацаваў 10 гадоў. Цяпер ён вядзе кулінарнае шоу на дзяржаўным тэлеканале СТБ і арганізоўвае кулінарныя майстар-класы. Працу над такімі праектамі Міхаіл сумяшчае з пасадай шэф-повара ў кулінарнай студыі «Le Gourmet» і сядзібе «Royal Hall» у вёсцы Чудзенічы пад Мінскам. Уладальнік сядзібы, бізнэсмен Дзмітрый Маркевіч, адносіць «Royal Hall» да прэміум-сегмента.

У сваім Instagram былы кухар Лукашэнкі апісвае сябе так: «Шэф-повар тваёй мары».

Абед маўчання

Калі Міхаіл Анішчанка абслугоўваў беларускую вярхушку ў Палацы Незалежнасці, то падчас працоўных паездак на борце ўрадавага самалёта патрэбу ў ежы Лукашэнкі задавальнялі кухаркі Зінаіда Няхай і Галіна Зямчонак.

Кухарка Зінаіда Няхай з 2003 па 2010 год працавала ў дзяржаўным рэстаране «Арбат». У 2009 годзе выйшла замуж за супрацоўніка МУС Георгія Глебку. У 2010-м перайшла на службу ў РУП «Кастрычніцкі». Ужо ў 2013 годзе Няхай адпраўляецца ў сваю першую службовую камандзіроўку з Лукашэнкам у Баку. З 2014-га па 2020-ты кухарка суправаджае палітыка практычна ў кожнай камандзіроўцы, калі гаворка ідзе пра візіты да кіраўнікоў дзяржаў. У той перыяд Зінаіда Няхай зарабляла ў сярэднім ад 1100 да 3000 долараў. У 2022 годзе жанчына пайшла на пенсію.

«Ну, вядома, [Лукашэнка] добры чалавек. Што яшчэ скажаш? Дрэннага нічога не магу сказаць. Пайшла на пенсію, Што рабіць? Ну, канешне, калі б маладзейшай трошкі [была] і здароўе мацней, [працягнула б працу]. "Карона", канешне, мяне падсекла, вось і ўсё», — расказала Зінаіда Няхай журналістам.

Пры гэтым назваць любімую страву Лукашэнкі не захацела, заявіўшы, што «гэта дзяржаўная таямніца».

У 2019 годзе на борт да Лукашэнкі адпраўляюць яшчэ аднаго кулінара з «Кастрычніцкага». Высокі давер быў аказаны шэф-повару гільдыі кухараў Беларусі, «Чалавеку года» Віцебшчыны — Галіне Зямчонак.

Перш чым трапіць на такія вышыні, Галіна Зямчонак прайшла шмат конкурсаў: у 2011 годзе, напрыклад, удзельнічала ў адборы кухараў да чэмпіянату свету па хакеі — 2014. Тады Галіна здзівіла журы сваімі незвычайнымі стравамі: губой лася, фаршыраванай ляснымі дарамі, рыбнымі каўбаскамі з сома з грыбамі і перапёлкамі ў вяршках. У 2012 годзе кухарка выйграла стажыроўку ў Германіі. У наступным — атрымала дыплом III ступені на міжнародным конкурсе кухараў і шэф-повараў «Залаты баль» у Маскве. А ў 2014-м на рэспубліканскім турніры «Залаты кіцель» заваявала 1-е месца з уручэннем залатога медаля ў намінацыі «Асноўная рэстаранная страва з мяса». У 2016 годзе будучая кухарка Лукашэнкі атрымала бронзавы медаль на Сусветнай кулінарнай алімпіядзе ў германскім Эрфурце.

У верасні 2019 года Галіна Зямчонак з Паставаў пераязджае ў Мінск і ўладкоўваецца на працу ў «Кастрычніцкі». Літаральна праз месяц яна ўжо будзе суправаджаць беларускую дэлегацыю на чале з Лукашэнкам у Нур-Султан, а яшчэ праз месяц паляціць з ім у Вену. Тады за працу на Лукашэнку Галіна атрымлівала ў сярэднім блізу 1300 долараў. У 2021 годзе ў РУП «Кастрычніцкі» яе заработная плата дасягала ўжо 1600 долараў (амаль 3 беларускія сярэднія заработныя платы на той час). На канец 2023 года Зямчонак працягвала працаваць у «Кастрычніцкім».

Асабістая афіцыянтка Лукашэнкі

Пастаянна суправаджае Лукашэнку ў рабочых паездках яшчэ адна супрацоўніца «Кастрычніцкага» — Наталля Аляксандрава. Пасля заканчэння школы год яна лічылася ў мінскім Цэнтры занятасці, а ў 2003-м паступіла на службу ў РУП «Кастрычніцкі» афіцыянткай. Там жанчына і працуе ўжо больш за 20 гадоў. У 2007 годзе ў яе з'яўляецца службовы пашпарт — і яе дапускаюць на борт Лукашэнкі не менш за 18 разоў. У 2019-м Аляксандрава зарабляла ў сярэднім каля 2000 долараў. У 2022 годзе яе прызначаюць загадчыцай сектарам, і яе заработная плата дасягае 3000 долараў. Сёння ва ўласнасці ў Аляксандравай дзве кватэры ў Мінску.

Урач-рэаніматолаг з фіктыўным працаўладкаваннем

Ёсць сярод абслугі Лукашэнкі людзі, якія паводле сваіх прафесійных абавязкаў (і не толькі) уваходзяць у яшчэ больш «блізкае кола». Адна з іх — урач-рэаніматолаг Алена Казак, якая суправаджае Лукашэнку ў паездках з 2016 года. Аднак па дакументах складваецца ўражанне, што робіць яна гэта на правах валанцёркі. Так, паводле даных ФСАН, Казак лічылася ў РНПЦ «Кардыялогія» ў 2014-2019 гадах, і ў 2019-м яе сярэдняя заработная плата, з якой яна плаціла падаткі, была ўсяго каля 110 рублёў, або 52 долара. А ў 2020-2021 гадах яна як быццам не зарабляла нічога — адпаведна, і падатковых адлічэнняў не рабіла.

Як такое магчыма?

«Калі брута 0, тады вядома, няма ФСАН. Гэта дамоўленасць, маўляў "я вось хачу быць працаўладкаваная там, каб мець нейкія выгоды ў Беларусі, для стажу. Я хачу там лічыцца". Асабліва калі гэта дзяржаўная арганізацыя, то гэта 100% для гэтых мэт робіцца. Таму што калі гэта яшчэ і дзяржструктура такая, дзе падвышаная пенсія, то там для стажу патрэбная бесперапыннасць», — растлумачыў бухгалтар і спецыяліст з ФСАН.

У цэнтры ўвагі СМІ Алена Казак аказалася ў 2020 годзе. Тады яе неаднаразова заўважалі ў кампаніі найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі — Наталлі Эйсмант і Дзмітрыя Баскава. Яны разам ездзілі з рэйдамі па дварах і зразалі бел-чырвона-белыя стужачкі. Паводле звестак «BELPOL», тэлефон Казак «засвяціўся» на «Плошчы Перамен» у дзень забойства Рамана Бандарэнкі.

У 2022-м Казак перайшла ў 6-ю клінічную бальніцу, і ў яе з'явілася штомесячная афіцыйная заработная плата — у сярэднім 500-600 рублёў, або каля 200 долараў. Напрыканцы 2023 года праект «Motolko.help» паведамляў, што Алена Казак суправаджала Лукашэнку на кліматычным саміце ў Дубаі.

Як стала вядома журналісту «Бюро», напрыканцы 2023 года рэаніматолаг Лукашэнкі Алена Казак падалася ў бізнэс і змяніла на пасадзе кіраўніка цэнтра прыгажосці і здароўя «Айрыс». Ён належыць ТАА «Монтпарт», і да Алены Казак дырэктаркай арганізацыі была родная сястра іншага асабістага ўрача Лукашэнкі — Святланы КанашэнкаНаталля Кізік.

Святлана Канашэнка — асабісты ўрач Аляксандра Лукашэнкі і, па сумяшчальніцтве, бізнэсвумен. У 2017 годзе яна заснавала цэнтр эстэтычнай медыцыны «Мэджыкэйдж». Кампанія валодае доляй у ТАА «Монтпарт». Мажарытарным уладальнікам ТАА «Монтпарт» з'яўляецца блізкі да Лукашэнкі бізнэсмен, хакеіст Павел Белы. Асноўны від дзейнасці пералічаных фірм — медыцынскія паслугі па амаладжэнні.

У сакавіку 2024 года ўжо бізнэсвумен Алену Казак заўважылі побач з Лукашэнкам падчас яго наведвання ў Мінску дабрачыннага фестывалю «Аліна-2024». Увосень Казак у кампаніі Эйсмант і Баскава праводзіла ў космас з Байканура Марыну Васілеўскую.

«Бюро» паспрабавала звязацца з Аленай Казак, каб даведацца, на якія сродкі яна жыла доўгі час. Мяркуючы са звестак ФСАН, заробак у дзяўчыны больш чым сціплы, а аплата за суправаджэнне Лукашэнкі ў паездках не адлюстраваная ў дакументах. Лекарка на званкі не адказала.

Пернікі за стрыжку

На дэсерт — гісторыя пра жанчыну, якая дзякуючы блізкасці да Лукашэнкі атрымала дывідэнды і праклала шлях у сталіцу са Шклова ўсёй сваёй сям'і.

Упершыню пра Сняжану Моцную — асабістую цырульніцу Лукашэнкі і «аўтарку яго знакамітага зачоса» — расказаў «Альянс расследавальнікаў Беларусі».

Журналісты «Альянсу» ўстанавілі, што ў 2023 годзе Моцная атрымала ў «падарунак» ад аднаго з «кашалькоў» Лукашэнкі кватэру коштам 250 тысяч долараў у элітным доме, прызначаным для супрацоўнікаў замежных пасольстваў і дыпламатаў.

Людзі, якія былі ў атачэнні Лукашэнкі, на ўмовах ананімнасці нам сказалі, што гэта была стылістка-пачатковец, цырульніца, жанчына са Шклова, якая была побач з ім», — расказалі ў «Альянсе».

Паводле звестак «Бюро», Сняжана Моцная і Аляксандр Лукашэнка знаёмыя як мінімум з 1991 года. «24 красавіка таго года ў раённай шклоўскай газеце "Ударны фронт" выйшаў матэрыял, прысвечаны пераможцы першага раённага шоу-конкурсу, піянерважатай Барсукоўскай спецшколы Сняжане Моцнай. Адзін з прызоў — магнітафон "Беларусь" — ёй "уручыў дырэктар саўгаса "Гарадзец", народны дэпутат БССР А.Р. Лукашэнка», — гаварылася ў артыкуле.

У сярэдзіне-напрыканцы 1990-х Моцная стала асабістай цырульніцай Лукашэнкі. У адміністрацыю на Карла Маркса, 38, яе прывозілі на службовым аўтамабілі, расказалі людзі, якія працавалі ў той час на палітыка.

«Прывозілі да Лукашэнкі, каб яна [яго] прычэсвала. Таму што, дапусцім, узяць яго вобраз там 1994-га года, там 1996-га, гэта такі быў досыць калгаснаваты тыпаж, ну вось яму параілі ўзяць кагосьці, хто б сачыў за яго вобразам», — успамінаюць яны.

Паводле даных «Кіберпартызан», Моцная ў 1994 годзе лічылася студэнткай МДЛУ. Скончыла універсітэт, паводле яе слоў, у 1996-м. Затым аж да 2001 года якая-небудзь інфармацыя пра працоўную дзейнасць жанчыны адсутнічае.

Аднак з пашпартнай базы вынікае, што ў лютым 2000 года ў Сняжаны нарадзілася дачка Крысціна. Таксама яна абзавялася кватэрай у цаглянай новабудоўлі палепшанай планіроўкі на сталічнай вуліцы Магілёўскай. Ні на момант нараджэння дзіцяці, ні пасля Сняжана Моцная замужам афіцыйна не была. У графе «Бацька» маці Крысціны паказала Моцнага Аляксандра Рыгоравіча, але, паводле звестак «Кіберпартызан», такога чалавека ў Беларусі проста не існуе.

Хто бацька дзіцяці — следчым з «Бюро» ўстанавіць не ўдалося. Супрацоўнік, які працаваў на Лукашэнку напрыканцы 1990-х, сцвярджае, што Сняжана Моцная нарадзіла дачку ад свайго высокапастаўленага земляка. Гэтую ж версію агучыла і іншая крыніца, якая была вельмі блізкая з Лукашэнкам у канцы 1990-х.

«Ёсць прыкметы, якія кажуць, што яна вельмі падобная да лукашэнкаўскай пароды. Па-першае — лоб, бровы, адлегласць паміж вачыма і адлегласць паміж вачніцамі — яны досыць на вялікай адлегласці адзін ад аднаго. То-бок, гэта вось такое сямейнае [падабенства] — у самога Лукашэнкі так. І ў тым ліку ў яе. У яе яшчэ вялікі рот, і калі ўзяць фотаздымак Лукашэнкі без вусоў, то менавіта вось гэты фрагмент — яны таксама досыць падобныя», — прааналізавалі на просьбу журналістаў фотаздымкі Крысціны Аляксандраўны Моцнай супрацоўнікі спецслужбаў і праваахоўнікі, якіх вучаць «счытваць твары».

Тым не менш, адназначна сцвярджаць, што менавіта Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца бацькам Крысціны, журналісты не могуць. Сама Сняжана Моцная адказваць на іх пытанні адмовілася. Таксама ў «Бюро» адзначаюць, што з нараджэннем дачкі кар'ера жанчыны пайшла рэзка ўгару. Калі малой было 1,5 года, паводле звестак з базы ФСАН, маладая мама трапіла на працу ў Міністэрства замежных спраў, дзе даслужылася да першай сакратаркі галоўнага упраўлення Еўропы.

«Удзельнічала ва ўрадавых дэлегацыях з удзелам прэзідэнта і прэм'ер-міністра Беларусі, а таксама працавала ў пасольстве Беларусі ў Нідэрландах. Адначасова я прайшла навучанне для маладых дыпламатаў краін СНД пры МЗС Нідэрландаў і МЗС Егіпта», — так апісвае Сняжана Моцная свае поспехі ў сябе ў Instagram.

У 2002-м са Шклова ў Мінск прыязджае мама Моцнай Лідзія і ў наступным годзе займае пасаду вядучага спецыяліста ў Камітэце дзяржаўнага кантролю. Сама Сняжана Моцная ідзе ў бізнэс: спачатку працуе ў фірме «Белроснефть», а затым становіцца вядучым спецыялістам кампаніі «БелЮгнефтепродукт». Праз пару гадоў у гэтую ж кампанію з КААПТАРГ Шклоўскага райспажыўтаварыства падцягнулася і родная малодшая сястра Сняжаны Ларыса. Пазней Ларыса сыдзе ў «Беларусьгандаль» Упраўлення справамі Лукашэнкі, а Сняжана канчаткова замацуе свае пазіцыі ў бізнэсе і будзе працаваць выключна ў кампаніях «кашалькоў» Лукашэнкі — «Трайпл», «Сохр», «Газ Венчуры», «БСВТ — Новыя тэхналогіі».

У 2016 годзе Сняжана вырашыць падацца ў іміджмейкеры, паралельна кіруючы бізнэсамі. Паводле даных «Кіберпартызан», у 2023 годзе Моцная займала пасаду памочніка кіраўніка ў кампаніі Аляксея Алексіна, Мікалая Вараб'я і Аляксандра Зайцава — «Брэміна груп» і па сумяшчальніцтве працавала ў кампаніі «Эліксір Маладосці Плюс» (фірма аказвае паслугі цырульням і салонам прыгажосці).

«Гэта абсалютна асабістая гісторыя. Калі, скажам, чалавек ідзе, як пераходны сцяг, з адной структуры ["кашалькоў" Лукашэнкі] у іншую — я думаю, што гэта, хутчэй, форма платы за маўчанне», — каментуе сітуацыю былы супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі.

Сама Сняжана Моцная свой кар'ерны шлях апісвае такімі словамі:

«Да прафесіі стыліста я прыйшла невыпадкова. Уся мая кар'ера была звязана з яркімі асобамі і ўплывовымі людзьмі, палітычнымі "цяжкавагавікамі" і паспяховымі бізнэсменамі».