Сірыйскія паўстанцы спрабуюць акружыць Дамаск — СМІ
Хасан Абдулгані, прадстаўнік кааліцыі сірыйскіх паўстанцаў на чале з групоўкай Хаят Тахрыр аш-Шам, заявіў, што пачалася «апошняя фаза» іх аперацыі па атачэнню Дамаска, паведамляе CNN са спасылкай на публікацыю ў тэлеграм-канале Абдулгані.
Канал адзначае, што пацвердзіць гэта сцвярджэнне яму не ўдалося.
Таксама канал нагадвае, што падкантрольныя Башару Асаду сірыйскія вайскоўцы адмаўлялі, што іх войскі выводзяцца з рэгіёну Дамаска, называючы паведамленні аб іх адступленні «ілжывай кампаніяй у СМІ... узброеных тэрарыстычных арганізацый... з мэтай распаўсюджвання панікі і страху сярод грамадзянскіх у сельскай мясцовасці каля Дамаска».
Сутычкі паміж сіламі рэжыму сірыйскага дыктатара Башара Асада і апазіцыйнымі ўзброенымі групамі пачаліся 27 лістапада ў сельскай мясцовасці правінцыі Алепа на поўначы Сірыі.
28 лістапада паведамлялася, што ў Сірыі апазіцыйныя войскі пачалі маштабнае наступленне і рухаліся ў напрамку горада Алепа, ім удалося захапіць 34 населеныя пункты.
29 лістапада група Хаят Тахрыр аш-Шам зайшла ў горад Алепа.
Акрамя таго, 30 лістапада сірыйскія вайскоўцы заявілі, што дзясяткі іх жаўнераў загінулі падчас атакі паўстанцаў, што прымусіла войска перадыслакавацца. Заява сірыйскіх вайскоўцаў стала першым публічным прызнаннем, што паўстанцы ўвайшлі ў Алепа.
У той жа дзень Сірыйская абсерваторыя па правах чалавека, якая базуецца ў Вялікабрытаніі, заявіла, што Хаят Тахрыр аш-Шам і саюзныя групоўкі ўзялі пад кантроль большасць гарадоў, урадавых цэнтраў і турмаў рэгіёну.
Таксама 30 лістапада краіна-агрэсар Расія ўпершыню з 2016 года нанесла авіяўдары па Алепа.
СМІ паведамлялі, што 1 снежня апазіцыйныя групы ў Сірыі цалкам захапілі горад Алепа.
2 снежня ў ГУР Мінабароны Украіны паведамілі, што расійскі вайсковы кантынгент у Сірыі бяжыць з некалькіх буйных гарадоў, пакідаючы вайсковыя базы са значнымі арсеналамі ўзбраенняў і тэхнікі.
6 снежня агенцтва Reuters паведаміла, што паўстанцкія сілы Сірыі наблізіліся да буйнога горада Хомс у цэнтры Сірыі, які адкрывае шлях да сталіцы Дамаска.
У той жа дзень курдскія Сірыйскія дэмакратычныя сілы захапілі горад Дэйр-эз-Зор, які кантралявалі войскі Асада.
7 снежня сірыйскія паўстанцы заявілі, што ўзялі пад кантроль паўднёвы горад Дар'а, што стала чацвёртым буйным населеным пунктам, які войскі Асада страцілі за тыдзень.
Таксама 7 снежня медыя паведамілі, што сірыйскія ўрадавыя войскі пакінулі Пальміру. Паводле звестак турэцкага агенцтва Anadolu, кантроль над горадам ужо перайшоў да падраздзяленняў Сірыйскай свабоднай арміі.
Пра тое, што сірыйскія ўрадавыя войскі больш не кантралююць Пальміру заявілі і расійскія «ваенкары», адзначаючы, што праціўнікі прэзідэнта Сірыі Башара Асада пры наступе на горад захапілі, у ліку іншага, склады боепрыпасаў.
Пальміра — антычны горад у Сірыі, руіны якога размешчаныя каля сучаснага горада Тадмор. У сакавіку 2016 года войскі Асада пры ўдзеле Расіі і ліванскай «Хізбалы» адбілі горад у баевікоў «Ісламскай дзяржавы», пасля чаго ў амфітэатры быў зладжаны канцэрт аркестра Марыінскага тэатра пад кіраваннем дырыжора Валерыя Гергіева. Аднак у снежні 2016 года баевікі зноў захапілі горад, вярнуць кантроль над ім сірыйскім урадавым войскам удалося толькі ў сакавіку 2017 года пры падтрымцы УС РФ.
Іран, які разам з Расіяй і«Хізбалой» быў адным з асноўных хаўруснікаў Башара Асада, пачаў эвакуацыю з Сірыі сваіх вайскоўцаў і дыпламатаў. Егіпецкія і іарданскія чыноўнікі, паводле звестак крыніц The Wall Street Journal, заклікалі Асада пакінуць краіну і сфармаваць часовую раду, у якую ўвайшла б апазіцыя. Асад, паводле звестак выдання, адправіў дзяцей і жонку ў Расію, але сам застаўся ў Сірыі.