Трэці выпадак у гісторыі: Францыя выдала ордэр на арышт прэзідэнта Сірыі

Францыя выдала ордэр на арышт прэзідэнта Сірыі Башара Асада і яго брата Махера Асада ў рамках справы аб прымяненні хімічнай зброі супраць мірнага насельніцтва ў 2013 годзе, піша ВВС.

Башар Асад і Уладзімір Пуцін. Фота: Уладзімір Гердо / ТАСС

Башар Асад і Уладзімір Пуцін. Фота: Уладзімір Гердо / ТАСС

Таксама ордэры выдадзены на арышт Гасама Абаса, дырэктара Сірыйскага навукова-даследчага цэнтра (SSRC) і Басама аль-Хасана, кіраўніка Нацыянальнай службы бяспекі і сувязі Сірыі.

Расследаванне абставін прымянення хімічнай зброі ў жніўні 2013 года ў сірыйскім горадзе Дума і ў раёне Усходняй Гуты, у выніку якога загінула больш за тысячу чалавек, з 2021 года праводзіў спецыяльны Дэпартамент парыжскага суда, які спецыялізуецца на пераследзе злачынстваў супраць чалавечнасці.

Калектыўны пазоў у французскі суд быў пададзены Сірыйскім цэнтрам СМІ і свабоды слова (SCM), асацыяцыяй юрыстаў «Прававая ініцыятыва адкрытага грамадства» (OSJI) і Сірыйскім архівам — органам, які дакументуе парушэнні правоў чалавека ў Сірыі.

Гэта першы міжнародны ордэр на арышт сірыйскага лідара і першы па справе аб прымяненні хімічнай зброі сірыйскім рэжымам. У прыватнасці, гаворка ідзе пра газ зарын.

У дакуменце гаворыцца, што Асад і яго паплечнікі вінаватыя ў саўдзеле ў злачынствах супраць чалавечнасці і ў ваенных злачынствах.

Улады Сірыі працягваюць адмаўляць выкарыстанне забароненых відаў узбраенняў, уключаючы хімічныя, падчас Грамадзянскай вайны 2011-2020 гадоў.

Глядзіце таксама

Трэці выпадак у гісторыі

Міжнародныя ордэры на арышт дзеючых кіраўнікоў дзяржаў — з’ява даволі рэдкая, паколькі лідары краін звычайна карыстаюцца міжнародным імунітэтам. Аднак з гэтага правіла ёсць выключэнні, калі кіраўнік дзяржавы абвінавачаны ў ваенных злачынствах, генацыдзе або злачынствах супраць чалавечнасці.

Так, у сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд (МУС) пастанавіў арыштаваць Уладзіміра Пуціна па абвінавачванні ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Да гэтага, у сакавіку 2009 года, той жа Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Судана Амара аль-Башыра.

Нагадаем, больш за 10 гадоў таму, у жніўні 2013 года, па жылых раёнах Усходняй і Заходняй Гуты былі выпушчаны некалькі ракет з боегалоўкамі, якія ўтрымлівалі, паводле даных ААН, каля 350 літраў зарыну.

«Гэта велізарны крок наперад. Незалежная юрысдыкцыя прызнае, што хімічная атака не магла быць распачата без ведама сірыйскага прэзідэнта, што ён нясе адказнасць і павінен за гэта адказаць», — сказаў прэзідэнт SCM Мазен Дарвіш.

Пры прыняцці рашэння французскі суд абапіраўся на паказанні відавочцаў падзей 2013 года, а таксама на высновы ваенных спецыялістаў і навукоўцаў-хімікаў. Тады свет упершыню ўбачыў кадры, на якіх людзі, у тым ліку дзеці, курчацца ў сутаргах з пенай з рота.

Глядзіце таксама

Праз некаторы час ААН выпусціла даклад, у якім гаварылася, што, па ўсіх прыкметах, у Думе і Гуце быў ужыты зарын.

У тым жа 2013 годзе Сірыя пагадзілася ўступіць у Арганізацыю па забароне хімічнай зброі і пазбавіцца ад арсенала баявых атрутных рэчываў. Аднак у наступныя гады сірыйскімі войскамі была здзейснена яшчэ цэлая серыя нападаў на войскі апазіцыі і мірныя гарады з ужываннем хімічнай зброі. Пакуль незразумела, ці будуць гэтыя выпадкі разглядацца міжнароднымі судамі асобна.

Як пісаў «НЧ», з пачатку канфлікту ў Сірыі хімічная зброя была ўжыта па меншай меры 161 раз. Пра гэта гаварылася ў дакладзе Сірыйска-амерыканскай медыцынскай арганізацыі ў 2016 годзе.


Глядзіце таксама

Грамадзянская вайна ў Сірыі забрала жыцці больш за паўмільёна чалавек. Палова сірыйцаў пакінулі свае дамы і сталі вымушанымі перасяленцамі ўнутры краіны, многія ўцяклі ў Еўропу.