ЗША заявілі пра адказнасць Расіі за хіматакі ў Сірыі
Дзяржаўны дэпартамент ЗША заявіў, што Расія не стрымала дадзеных ёю ў 2013 годзе гарантый знішчэння хімічнай зброі ў Сірыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Наступствы ўжывання хімічнай зброі ў Сірыі, ілюстрацыйнае фота
«Расія, якая абяцала свету ў 2013 годзе,
што яна будзе гарантаваць знішчэнне запасаў хімічнай зброі Сірыі, у канчатковым
выніку нясе адказнасць за працяг яе выкарыстання там», — гаворыцца ў заяве амерыканскага
замежнапалітычнага ведамства.
У Дзярждэпартаменце адзначылі, што ў Радзе Бяспекі ААН Расія пяць разоў ветавала аднаўленне агульнага следчага механізму, які быў адзіным бесстароннім і незалежным органам з паўнамоцтвамі вызначэння адказнасці.
Гэтая заява апублікавана па выніках працы Місіі высвятлення фактаў Арганізацыі за забарону хімічнай зброі, якая даследавала канкрэтны інцыдэнт 4 лютага ў раёне Аль-Таліль горада Саракіб у правінцыі Ідліб. Місія вызначыла, што на горад была скінутыя бочкі з хларынам, але не ўстанавіла адказных за напад.