Хронікі рэпрэсій за 10 красавіка
Праваабаронцы звяртаюцца да сваякоў вязняў — не маўчыце, калі ваш родны ў цяжкім стане за кратамі, паведамляйце пра гэта. Толькі ў сакавіку зафіксавана не менш за 453 фактаў рэпрэсій, паведамляюць праваабаронцы.
Сёння стала вядома пра смерць 51-гадовага падпалкоўніка запасу Аляксандра Кулініча, якога абвінавачвалі ў «абразе Лукашэнкі». За кратамі беларускія вязні сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем, катаваннямі і адсутнасцю медыцынскай дапамогі.
«Вясна», BYSOL і BY_help звяртаюцца да сваякоў вязняў — не маўчыце, калі ваш родны ў цяжкім стане за кратамі, паведамляйце пра гэта праваабаронцам. Своечасовы візіт адваката да арыштанта можа ўратаваць жыццё, але на яго не заўсёды ёсць грошы — не саромцеся звяртацца па дапамогу.
- За якія каментары і як затрымлівалі Аляксандра Кулініча?
Кадры затрымання Аляксандра Кулініча праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі 1 сакавіка. Таксама яны паказалі каментары, за якія мужчыну прыйшлі затрымліваць з дзясятак сілавікоў у поўным абмундзіраванні. Беларус пісаў пра акупацыю Беларусі Расіяй і выказваў падтрымку Украіне.
- Мінімум 416 судоў: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў сакавіку
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У сакавіку праваабаронцы «Вясны» зафіксавалі не менш за 453 фактаў рэпрэсій. Таксама ў мінулым месяцы было разгледжана мінімум 416 адміністрацыйных справаў. Суды прызначылі не менш за 82 адміністрацыйных арышты і 86 штрафаў.
- Палітвязня Уладзіміра Гундара пазбавілі перадачы. Паўгода яго ўтрымліваюць у адзіночнай камеры
Як паведамляе «Радыё Рацыя», палітвязня на год пазбавілі перадачы:
«З 1 сакавіка яго зноў пазбавілі перадачы. Хаця сядзіць ужо паўгода ў камеры-адзіночцы. Паводзіць сябе ніжэй травы, цішэй вады. Таму сам не ведае, за што. Магчыма, у іх там па плану штосьці такое бывае».
Нагадаем, фігуранта «справы Аўтуховіча» асудзілі агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах. Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Напачатку кастрычніка 2023 года стала вядома, што Гундару ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.
- Еўрапейскія праваабаронцы правялі ў Швейцарыі пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага і ўсіх беларускіх палітвязняў
Фотаздымкі з акцыі публікуе Libereco.
Нагадаем, 61-гадовы палітзняволены кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» і нобелеўскі лаўрэат утрымліваецца за кратамі ўжо 1000 дзён. Жонка палітвязня Наталля Пінчук распавяла Associated Press, што апошнія паўгода Бяляцкі знаходзіцца ў адзіночнай камеры, нягледзячы на свае хранічныя захворванні.
- Учора ўвечары была затрыманая актывістка Галіна Лагацкая
Галіна Лагацкая пайшла у Кастрычніцкі РУУС Мінска забіраць свой тэлефон, які ў яе вынялі 2 гады таму і не аддавалі. Нагадаем, у сакавіку 2022-га года Галіне прызначылі 15 сутак арышту за лістоўкі «Не вайне» — гэта палічылі «несанкцыянаваным пікетаваннем». Зараз ж ёй паведамілі, што гатовыя аддаць тэлефон, таму і запрасілі ў РУУС.
Вядома, што яна «затрыманая на 72 гадзіны», то-бок, верагодна, да суда па адміністрацыйнай справе. Сутнасць абвінавачвання невядома.
- Сілавікі затрымалі дзяўчыну, якая ў 2020-ым годзе «перашкаджала праезду машыне ДАІ»
Паводле інфармацыі @mediazona_by, гаворка пра Наталлю Салук.
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што супраць дзяўчыны распачалі крымінальную справу.
- Палітвязня Аляксандра Капшуля хочуць перавесці на турэмны рэжым
Аляксандр — былы юрысконсульт ААТ «Нафтан» заводу «Палімір». Мае жонку і дваіх непаўнагадовых дзяцей.
Палітвязня затрымалі 25 верасня 2021 года на тэрыторыі РФ і перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі. У Гомелі летась вынеслі прысуд па «справе Рабочага Руху». Аляксандра прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і асудзілі да 15 гадоў калоніі.
Сёння, 10 красавіка, у Бабруйску распачаўся суд па справе аб замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Паўла Карцініна Аляксандра могуць перавесці ў турму.
- Жыхарку Сянно судзяць па артыкуле аб парушэнні заканадаўства аб выбарах
Суд Сенненскага раёна сёння, 10 красавіка, будзе разглядаць справу мясцовай жыхаркі Галіны Гарбачовай, піша тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю». Яе будуць судзіць па рэдкім артыкуле 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Гэты артыкул прадугледжвае штраф памерам да 15 базавых велічыняў (600 рублёў). Пакуль невядома, што менавіта ставяць у віну Гарбачовай.
Аўтары канала прааналізавалі нядаўнія рашэнні суда ў банку даных судовых рашэнняў па гэтым артыкуле. Так, беларусаў судзілі за фота бюлетэня, за вынесены з участку чысты бюлетэнь і за падачу старшыні ўчастковай камісіі пры рэгістрацыі ў якасці назіральніка пратакол пасяджэння аб'яднання, якое не зарэгістравана ў Мінюсце.
- Сілавікі пахваліліся тым, як моцна збілі беларуса за каментар пра тэракт у Расіі
Падчас анлайн-стрыма з правакатарам мужчына разам з сябрам сказаў, што яны «святкуюць» тэракт у «Крокус Сіці Холе». На стале ў мужчын пры гэтым быў сцяжок са свастыкай.
- Палітвязень Дзмітрый Тур — на волі
Дзмітрый — фігурант крымінальнай справы аб удзеле ў масавых акцыях пратэсту ў Брэсце (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).
У жніўні 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста яму прызначылі 3,5 гады калоніі. Свой тэрмін палітвязень адбываў у івацэвіцкай калоніі № 22. Цалкам адбыўшы тэрмін, Дзмітрый выйшаў на волю 8 красавіка.
У зняволенні ён адбыў 3 гады, 1 месяц і 28 дзён.