Асобная думка. Халакост, генацыд і гістарычная праўда

27 студзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Пішу гэта, каб сказаць: мы помнім.

Мемарыял на месцы лагера смерці Трасцянец. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Мемарыял на месцы лагера смерці Трасцянец. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Да Другой сусветнай вайны каля 80% насельніцтва беларускіх гарадоў было габрэйскім — з беларускімі, польскімі, расійскімі каранямі, але і са сваёй адмысловай культурай, верай, ладам жыцця. Людзі, якія ўзбагачалі свой край (а гэта, без сумневу, так), жылі ў падвешаным стане, у пастаянным страху за сябе і блізкіх — праз пагрозы пагромаў і рэпрэсій. Антысемітызм, які культываваўся стагоддзямі не толькі ў нашай краіне, час ад часу прарываўся вонкі, і тады, апантаныя нянавісцю да «жыдоў», беларусы, літоўцы, палякі, чэхі і іншыя нацыі ладзілі разню, быццам навагодняе свята, пасля якога прачынаешся з галаўным болем і робіш выгляд, што нічога не памятаеш.

Нянавісць гэтая, невытлумачальная для мяне, расла і расла, накоплівалася і накоплівалася, пакуль паступова не набыла сваё канчатковае, найжахлівейшае аблічча — Халакост. Корні яго палягаюць не толькі ў антысемітызме, беспадстаўным адчуванні перавагі аднаго народа над іншым і шматлікіх палітычных прычынах, але і ў банальнай — і ад таго яшчэ больш жахлівай — беспакаранасці.


Глядзіце таксама

Расчалавечванне, што зрабіла магчымым масавае вынішчэнне габрэяў, спрыяла крэатыўнасці забойцаў, якія, удасканальваючы метады сваёй працы, вынайшлі газавыя камеры і лагеры смерці, ставілі вопыты па стэрылізацыі і штучным апладненні жанчын без болеспатольных, інфікавалі паддоследных рознымі штамамі, выразалі нажывую пухліны, выпампоўвалі кроў — і ніхто тады не лічыў гэта жорсткімі забойствамі, а між тым менавіта гэтым яно і было.

Пра такія факты сведчыў Пэры Броад, адзін з супрацоўнікаў палітычнага аддзела Аўшвіца: 

«Нават мёртвых не пакідалі ў спакоі; гэта часцей за ўсё было захважна пасля расстрэлаў у крэматорыі або ў 11-м блоку. Адзін з лекараў, звычайна гаўптштурмфюрэр СС Кіт або оберштурмфюрэр СС доктар Вэбер кідаліся на цёплыя яшчэ целы і выразалі ў іх мяса са сцёгнаў або ягадзіц для бактэрыялагічных культур Інстытута гігіены. < ... > Пад ведамствам гэтага інстытута знаходзіўся 10-ты блок мацярынскага лагера ў Асвенцыме; у гэтым блоку трымалі некалькі соцень габрэек, на якіх праводзілі вопыты. < ... > Мэтай гэтых вопытаў былі: сыпны тыф, стэрылізацыя пры дапамозе апраменьвання і штучнае апладненне. Эксперыменты па стэрылізацыі каштавалі жыцця многім тысячам людзей. Асабліва балючымі былі вопыты па штучным апладненні, яны вяліся без усялякага абязбольвання. Ні адзін з лекараў СС не лічыў эксперыменты, якія праводзяцца ў 10-м блоку тым, чым яны былі — жорсткім забойствам. Бо аб'ектамі для вопытаў былі габрэі, якія былі пазбаўленыя якіх-небудзь правоў і выключаны з-пад абароны закону» [«Асвенцым вачыма СС», с. 148-149].

Пра тое, якое месца габрэі займалі ў грамадстве, як да іх ставіліся памагатыя забойцаў, яскрава сведчыць цытата, што належыць нямецкаму гаўляйтэру, галоўнаму наглядчыку за Беларуссю Вільгельму Кубэ. На смерць у беларускія канцлагеры прыслалі нямецкіх габрэяў — ды не абы-якіх, а кавалераў Жалезнага крыжа. І у Кубэ для «сваіх» не знайшлося столькі нянавісці, колькі ён меў у дачыненні да чужых габрэяў: 

«Я чалавек мужны і я гатовы спрыяць рашэнню габрэйскага пытання. Але людзі, якія прыбылі з нашага культурнага асяроддзя, несумненна, адрозніваюцца ад мясцовых жывёлападобных ордаў» [Ханна Арэндт «Банальнасць зла», с. 157].


Глядзіце таксама

Расчалавечаныя, вынесеныя па-за рамкі закону і чалавечнасці, людзі, звычайныя людзі сталі расходным матэрыялам у руках садыстаў і тых, хто такімі не быў, але затое меў у характары ашаламляльную выканальнасць — як камендант Аўшвіца Рудольф Гес. Гэты чалавек не быў крыважэрным вырадкам, але затое меў нярэдкія для нацыстаў эгацэнтрычнасць і самаўпэўненасць, што пры абсалютнай адсутнасці эмпатыі было дастатковымі ўмовамі для «добрага выканання ўскладзеных на яго абавязкаў». Гатоўнасць падпарадкавацца і выканаць любы загад, імкненне выслужыцца, адпавядаць любімаму мундзіру аказаліся мацнейшымі за іншыя, больш чалавечыя пачуцці, якія нечакана ўспыхвалі, калі Гес меў справу, напрыклад, з... коньмі. У сваіх дзённіках, якія былы камендант пісаў у чаканні смяротнага прысуду, ён з шакуючай абыякавасцю выкладае разлікі працы газавых камер і печаў — і з не менш шакуючай эмацыйнасцю апісвае коней. Калі ж справа тычыцца людзей, то эмоцыі знікаюць, застаецца толькі «абавязак». Напэўна, гэтак жа тлумачаць сабе сённяшнія зверствы лукашэнкаўскія губазікі і кдбшнікі?

«Як стары нацыянал-сацыяліст я быў цвёрда перакананы ў неабходнасці існавання канцлагераў. Сапраўдных праціўнікаў дзяржавы варта было трымаць пад надзейнай вартай, асацыяльных людзей і прафесійных злачынцаў, якіх нельга было арыштаваць згодна з існуючым раней законам, варта было пазбавіць волі, каб абараніць ад іх народ. Я быў таксама цвёрда перакананы, што толькі СС, як ахоўныя сілы новай дзяржавы, здольныя выканаць гэтую задачу» [Рудольф Гес «Камендант Асвенціма»].


Глядзіце таксама

Абаронай дзяржавы забойцы тлумачаць жудасныя, бесчалавечныя дзеянні, якія, да таго ж, не мелі смеласці называць наўпрост забойствам. Як я ўжо сказаў вышэй, у Беларусі афіцыйныя асобы дагэтуль адмаўляюць Халакост, затое патрабуюць прызнання «генацыду беларускага народа». Але відавочна, што без аднаго не можа быць і другога. Відавочна, што пры цяперашняй палітыцы, якую якраз самы час назваць генацыдам беларускага народа, пры непрыхаваным антысемітызме ўлады ніхто не стане паглыбляцца ў ідэалагічныя гульні рэжыму, які абыходзіцца з гісторыяй так, як яму цяпер зручна. 

Застаецца толькі спадзявацца, што, калі скончыцца гэтая гэбісцкая вакханалія, рэчы будуць названыя сваімі імёнамі: будуць разведзеныя па розныя бакі Халакост і генацыд беларускага народа, будуць афіцыйна прызнаныя антысемітызм і пагромы, якія не раз адбываліся ў нашай гісторыі, а ад гэтага мы пяройдзем і да іншых важных рэчаў — да сталінскага тэрору і цяперашніх рэпрэсій, ад Курапатаў — да Акрэсціна. І кожны атрымае сваё.