Целы, створаныя для любові
Нашы целы створаны не толькі для вайны — гэтая думка круціцца ў маёй галаве, калі я сядаю ў таксоўку, якая вязе мяне па незнаёмых раёнах Вільні. Нашы целы не павінны пастаянна змагацца за выжыванне, пакутаваць ад псіхасаматыкі, ПТСР, трывогі. Мы не робаты, запраграмаваныя па адным сцэнары.
![Ілюстрацыйная выява, створаная з дапамогай штучнага інтэлекту Ілюстрацыйная выява, створаная з дапамогай штучнага інтэлекту](/img/v1/images/photo_2024_01_24_19_32_07_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйная выява, створаная з дапамогай штучнага інтэлекту
...У салоне грае павольная музыка, а на шкле асядаюць кроплі дажджу. Проста ў гэты момант мільёны людзей па ўсім свеце займаюцца каханнем, дораць першыя і апошнія пацалункі, нараджаюць дзяцей, вядуць іх у садкі і школы і забіраюць з садкоў і школ, гатуюць сняданак ці вячэру, выбіраюць будучае жытло, атрымліваюць дыплом ці заробак, купляюць падарункі, смакуюць віно ці апошні кавалак хлеба. Проста ў гэты момант людзі пражываюць свае жыцці, у якіх поўна звычайных праблем, нічым не падобных да мяжы, за якой пачынаюцца несвабода, гвалт і смерць.
Я ўжо забыла, як гэта — калі навіны былі такімі прымітыўнымі, што можна было нават не разгортваць газету. Калі газеты яшчэ былі — тыя, што хацелася чытаць. Забыла, што раней самымі шчымлівымі момантамі былі падгледжаныя ў чужых вокнах сцэны звычайнага жыцця, а не слёзы сваякоў затрыманых і забітых. Калісьці сэрца шалёна білася ад позірку каханага чалавека, а цяпер яно заходзіцца ад кожнага стуку ў дзверы.
Нашы целы створаны для любові. Для таго, каб іх лашчылі пяшчотныя рукі пад партытуру дажджу. Для нябачных пейзажаў, што малююць вусны на скуры, для многіх бяссонных начэй — але не ад страху, а ад блізкасці, якую не хочацца страціць.
Шэрыя мінскія вуліцы забылі пра ўсё гэта. У іх цяпер зусім іншы дыяпазон, іншая хваля — міліцэйскіх зводак, хронік затрыманняў, ужо звыклых аднастайных навін... Жыццё звялося да функцыянавання — часцей за ўсё, у рэжыме ўцёкаў. Мы — як загнаныя ў кут звяры, якім ужо не да любові, ласкі і гульняў. Нам бы выжыць, і гэтае «выжыць» вызначае ўсё.
За мяжой несвабоды, там, дзе музыка азначае штосьці іншае, чым запаўненне цішыні, выпростваюцца плечы і з’яўляюцца дзіцячыя спадзевы на новыя павароты лёсу, новыя знаёмствы, хочацца прыгод і сюжэтаў — перастаеш ладзіць бясконцыя хаўтуры па сабе, сваім жыцці, радзіме, няздзейсненых марах і немагчымых цяпер планах.
«Толькі мёртвая рыба плыве па цячэнні» — аднойчы гэтая фраза вырвала мяне з цемры цяжкай дэпрэсіі. Я не хачу быць мёртвай. Што больш спрацоўвае: упартасць ці прага да жыцця — я не ведаю, але цяпер дапаўняю гэты гімн жывому яшчэ адной фразай, якую, спадзяюся, буду трымаць у галаве ў самыя чорныя моманты:
«Нашы целы створаны не толькі для вайны».
Вяртаючыся на змрочныя мінскія вуліцы, я буду думаць пра мір.
Так ці іначай, ён аднойчы настане. Так ці іначай скончыцца гэтая ціхая, нябачная для знешняга свету вайна — і з руінаў разбураных лёсаў паўстане нешта новае, іншае. Якім яно будзе, я не ведаю. Але маю надзею, што будзем лепшым — калі мы не забудзем, як гэта — любіць адно аднаго, давяраць сябе іншым рукам і не сціскацца ад страху ў чаканні ўдараў. Калі мы зноў даверымся пяшчоце, якая навучыць нас размаўляць са светам — і хай гэта больш ніколі не будзе мова сілы.