Асобная думка. Ну, за здароўе?
Напрыканцы першага месяца новага году худа-бедна, але краіна вяртаецца да звыклага рытму жыцця «хата-праца». Прыбраныя ў серванты ды шафы крыштальныя фужэры сумна чакаюць чарговага свята, якое будзе зноўку напаўняць іх напоямі рознай моцы і якасці. Але ўсё большая колькасць нашых грамадзянаў зусім не згодная з такім станам і не чакае аніякіх дат, і даўно аддае перавагу звычайным шклянкам-«малянкоўкам».
Тэма алкагалізацыі насельніцтва старая, як само насельніцтва, а барацьба за «здаровы лад жыцця» трывае толькі ў справаздачах адказных за гэты напрамак рознага кшталту аддзелаў і камітэтаў. Адразу на пачатку гэтага году першым, хто вызначыўся і адсправаздачыўся, стаў Круглянскі райвыканкам Магілёўшчыны, які вырашыў правесці дні цвярозасці 3 лютага і 1 верасня. Ну, чаму 1 верасня яшчэ можна зразумець, але 3 лютага? А проста ў гэтую суботу традыцыйна выпускнікі школаў ладзяць свае сустрэчы. Вось гэта творчы і нестандартны падыход! Ідзеш у школу — ані кроплі, скончыў — можаш каўтнуць з рыльца, сустракаешся з былымі аднакласнікамі — зноўку нельга ані кропелькі.
Зразумела, што гэтае рашэнне застанецца толькі на паперы. Тым больш, што сустрэчы аднакласнікаў амаль заўсёды праходзяць у нейкім кафэ ці рэстаране, на якія, згодна з тым жа рашэннем, абмежаванні на гандаль алкаголем не распаўсюджваюцца. Да таго ж пры ўсім багацці фантазіі цяжка ўявіць сітуацыю, калі папярэджаныя грамадзяне не зробяць адпаведны запас «паліва» на гэтыя «выклятыя» суткі. Дарэчы, супрацоўнік любой сялянскай крамы з’яўляецца жыхаром той жа вёскі, дзе ўсе ведаюць адно аднаго. І выпадак, калі ўмоўная прадавачка Зіна рашуча адмовіць у продажы бутэльцы-другой умоўнаму камбайнёру Сярожы, які спазніўся з папаўненнем запасу, мне таксама падаецца нечым кшталту візіту Філіпа Кіркорава ў мясцовы дом культуры з тыднёвымі гастролямі. І гэта мы яшчэ пра самагон не прыгадвалі...
Барацьба з алкагалізмам праз забарону гандляваць ім на 2-3 дні ў год падобна да барацьбы з дыярэяй праз закрыццё прыбіральняў. Паглядзеўшы на асартымент спіртавых напояў і асабліва на кошты, мімаволі прыходзіш да ўсім даўно зразумелай высновы, што існуючай уладзе абсалютна выгадны і вельмі падабаецца стан пастаяннага нападпітку вялікай часткі насельніцтва. Аб гэтым не раз ужо казалася, як і аб грошах з акцызаў і падаткаў на алкаголь, ад якіх дзяржава не адмовіцца ніколі. Нават нягледзячы на тое, што кожны год колькасць злачынстваў, здзейсненых у нецвярозым стане, складае больш за 30% (у 2022 — больш за 32%), а калі гаворка ідзе пра забойства і цяжкія цялесныя пашкоджанні — гэтая лічба дасягае 80-90%. Здавалася б, пры такіх лічбах МУС павінна касцямі класціся ў падтрымку жорсткіх абмежаванняў на шляху алкаголю да людзей, але нешта ідзе не так.
Даступнасць алкаголю ў Беларусі вельмі ўражвае. Лічыце самі — толькі ў Мінску 42 фірмовыя крамы вытворцы алкагольных напояў «Мінск-Крышталь» з коштамі на свае вырабы істотна ніжэй за іншыя крамы. Па Беларусі такіх крамаў 118 і іх колькасць расце. Гэта толькі адзіны вытворца! А яшчэ буйныя сеткі «Сем пятніц» — каля 70 крамаў толькі ў Мінску, «Тры ласі» ад вядомай «Востраў Чысціні»... Літаральна ўсе харчовыя крамы маюць алкагольныя аддзелы, нават самы малыя. Трое з пяці пакупнікоў апроч ежы набываюць піва ці гарэлку, радзей каньяк. Дарэчы, на пачатку года ўлады дазволілі нават рэкламу алкаголю па радыё і тэлебачанні пакуль з 22:00 да 7:00. Аб якіх «днях цвярозасці» вяшчаюць выканкамы?
Ужываць алкаголь ці не — кожны вырашае сам на падставе асабістых асаблівасцей, стану здароўя і іншых складнікаў. Нагоды для ўжывання і колькасць — таксама. Вядома, што нямала людзей упэўненыя, што алкаголь здымае стрэс. «Здымаць стрэс» стала адной з найпапулярнейшых нагодаў кульнуць чарку. Потым можна ў інтэрнэце адшукаць нейкае свята менавіта сёння, затым падлекавацца... Я не ханжа і не зацяты барацьбіт за здаровы лад жыцця. Магу і піва з сябрамі папіць, і чарку-другую кульнуць з сапраўды добрай нагоды. Але трэба памятаць, што ніхто пра нас акрамя саміх сябе дбаць не будзе. Здаецца, што вядомую фразу «Будзем хадзіць п’яныя і дурныя!» ўлады ўспрымаюць як заклік да дзеяння...