Эксперымент «Настойка»: У стане ап'янення людзі больш падтрымліваюць уладу


У Маскве правялі незвычайнае эксперыментальнае даследаванне на адносіны да дзеючай улады: яго ўдзельнікі на працягу амаль паўтары гадзіны павінны былі ўжываць алкаголь і адказваць на пытанні мадэратара. Вынікі сталіся нечаканымі нават для аўтараў даследавання — чым больш выпівалі падыспытныя, тым мацней падтрымлівалі ўладу.

bottles_4899076_1280.jpg


Аб незвычайным даследаванні МБХ медыя распавёў адзін з яго ініцыятараў, паліттэхнолаг і кіраўнік даследчай кампаніі Russian Field Павел Увядзенскі.
— Як вам прыйшла ў галаву думка правесці такое даследаванне?
— Мы натхняліся расійскай рамантыкай кухняў, на якіх заўсёды вядуцца размовы аб палітыцы, заўсёды самыя адкрытыя і сумленныя. Напэўна кожны з нас калі-небудзь у такіх размовах удзельнічаў — асабліва мы, палітолагі і сацыёлагі. Таму ў нейкі момант мы вырашылі правесці даследаванне з рэальнымі жыхарамі сталіцы і паглядзець, як уплывае алкаголь на іх палітычныя перавагі.
Даследаванне праходзіла ў бары «Новая шчырасць» на Мясніцкай. Даследчыкі імкнуліся стварыць максімальна хатнюю абстаноўку. На стале стаялі закускі і 20-25 градусныя настойкі. Такое вось ўмоўна кухоннае застолле. Рэкруцёры запрашалі людзей з вуліцы, з розных раёнаў Масквы, розных узростаў — ад 20 да 53 гадоў.
Павел Увядзенскі кажа, што перад пачаткам эксперыменту ў іх было некалькі гіпотэз. Асноўная заключалася ў тым, што па ходзе даследавання рэспандэнты будуць выпіваць, і ў стане алкагольнага ап'янення зменяць свой першапачатковы пункт гледжання [на тыя ці іншыя пытанні].
— Мы разглядалі пытанні сацыяльнага самаадчування рэспандэнтаў і іх атачэння, ацэньвалі дзейнасць Уладзіміра Пуціна і Сяргея Сабяніна, палітычных партый і Дзярждумы.
Наш гайд складаўся з двух блокаў. Першы уключаў у сябе шэраг пытанняў, а другі — тыя ж пытанні, але ў іншых фармулёўках. Нам было цікава ці зразумеюць рэспандэнты пад уздзеяннем алкаголю, што ў іх пытаюцца адно і тое ж. У выніку тры чалавекі падчас эксперыменту змянілі сваё меркаванне па шэрагу пытанняў. Прычым яно стала больш пазітыўным, чым было. Калі, да прыкладу, удзельнікі першапачаткова знаходзілі станоўчыя і адмоўныя рысы ў дзейнасці Пуціна ці Сабяніна, то ў стане ап'янення яны пачалі разважаць фаталістычна. Казалі, кшталту "Ну, а хто, калі не Пуцін?".
Павел Узвядзенскі шчыра прызнаецца, што яны думалі, што будзе ўсё наадварот. Меркавалі, што пад дзеяннем спіртнога ў людзей выявіцца агрэсія, рэвалюцыйныя пары і да таго падобнае. Але, як паказаў эксперымент, усё наадварот — чым больш людзі выпівалі, тым больш пасіўнымі станавіліся. У стане ап'янення яны сталі больш падтрымліваць уладу.
Эксперымент працягваўся амаль паўтары гадзіны, кажа Павел. За гэты час кожны ўдзельнік выпіў прыкладна па 250 грамаў алкаголю. Па ўмовах даследавання, кожны ўдзельнік павінен быў выпіваць чарку настойкі раз у 12 хвілін. Вядома, на практыцы не абышлося без невялікай хібнасці. Напрыклад, былі людзі, якія расцягвалі адзін чарку на некалькі хвілін, а не выпівалі залпам. Быў і такі ўдзельнік, які не змог выпіць усё належнае. Іншы, наадварот, падалося, выпіў нават больш, яму яшчэ далівалі. Ён, дарэчы, вельмі выразна прытрымліваўся адной лініі: акрамя Пуціна нікога [на чале краіны] быць не можа. Нават спрачаўся з іншымі ўдзельнікамі дыскусіі, спрабаваў пераканаць іх, што змяняльнасць улады ў Расіі ў прынцыпе не патрэбная.
Яшчэ адзін удзельнік эксперыменту быў добра інтэлектуальна падкаваны, крытычна выказваўся па адных пытаннях, знаходзіў плюсы па іншых. Але пад канец эксперыменту, ап'янеўшы, раптам змяніў свае меркаванне на класічнае ў Расіі, бытавое: «Ды не, усё ў нас нармальна!». Было прыкметна, як у чалавеку прачынаецца глыбінны рускі выбаршчык, які кажа, што вось іншых усё роўна няма, таму хай краінай кіруюць тыя, хто ёсць.
У дыскусіі таксама ўдзельнічаў псіхолаг. 
— Ён павінен быў прасачыць за паставамі людзей, за тым, як яны раскрываюцца. Прааналізаваць, як моцна мяняюцца адказы людзей у працэсе дыскусіі і пад дзеяннем алкаголю. Таксама ён ацэньваў знешні выгляд людзей — як яны мяняюць паставы? Ці становяцца агрэсіўнымі або расслабляюцца? Усе гэтыя моманты былі падвергнуты аналізу.
— Як вы ацэньваеце праведзены вамі эксперымент?
— У 90-я, калі мы ўспомнім, выбаршчыка стымулявалі галасаваць бутэлькай гарэлкі з лагатыпам палітычнага лідара. Цяпер наша даследаванне паказвае, што гэты метад, прыйдзі каму-небудзь у галаву яго зноў выкарыстоўваць, — будзе дзейсным. Замест прадуктовых набораў — бутэлька. Гэта, вядома, жарт. Але рэальную рэчаіснасць адлюстроўвае.
Вытрымкі з заключэння псіхолага Міхаіла Штырова:
"Па заканчэнні 60 хвілін дабаўленая доза алкаголю дала свой плён, і рэспандэнты перасталі саромецца ў выразах. У дыскусіі з'явілася экспрэсія, раней закрытыя ў сваіх думках рэспандэнты пачалі адкрыта выказвацца і перасталі баяцца крытыкі. Нягледзячы на негатыў у дачыненні да некаторых рашэнняў, прадпрынятых уладнымі структурамі за апошні час, агульны пасыл быў вельмі пазітыўным. Як правіла, алкаголь стымулюе на праяву негатыўных рэакцый. У рамках нашага даследавання атрыманая доза камунікатыўнага допінгу спрыяла згуртаванню калектыву, нягледзячы на рознабаковыя меркаванні рэспандэнтаў.
Алкаголь спрыяе раскрыццю ўнутраных перажыванняў ў грамадскай дыскусіі. Алкагольнае ап'яненне прыглушае ахоўныя рэакцыі арганізма і дазваляе глыбей пранікнуць у чалавечую падсвядомасць. Адноўленая атмасфера дружалюбнай утульнасці, алкаголь як стымул да камунікацыі і таленавіты мадэратар — гэта сукупнасць фактараў, якія дазволяць атрымаць найбольш шчырыя адказы з боку ўдзельнікаў гутаркі».