Французскі Кудзін: Я хацеў прадухіліць адну несправядлівасць, але здзейсніў іншую

З лёгкасцю трэніраванага спартсмена ён пераскочыў цераз парапет і апынуўся ў самым эпіцэнтры падзей — сярод мноства паплечнікаў і якраз насупраць апанентаў. Адразу ж высунуўся наперад і пайшоў у наступ. Удар, яшчэ ўдар, яшчэ — завучаныя рухі, доўгія рукі, сціснутыя ў кулакі. І агромністая энергетыка, якая вызначыла вынік сутыкнення. Ашаломленыя, праціўнікі пачалі адыходзіць — ім не дапамагалі ні дручкі, ні шчыты, ні шлемы…

zahruzeno_2.jpg


Калі вы злавілі флэшбэк і вырашылі, што справа была ў жніўні ў Маладзечне, а кулакамі працаваў баец-чэмпіён Аляксей Кудзін, то гэта не так. Справа была ў Парыжы 5 студзеня 2019-га, падчас чарговай пратэснай акцыі «жоўтых камізэлек».
У той дзень было вельмі горача, і кадры супрацьстаяння на мастку Леапольда Сердара Сенгора абышлі не толькі Францыю, сабраўшы мільёны праглядаў. Галоўным героем віруснага відэа стаў Крыстоф Дэцінгер — былы баксёр-цяжкавік, двухразовы чэмпіён Францыі з ростам пад два метры. Чалавек, якога раней ведалі толькі спартыўныя заўзятары і які назаўтра прачнуўся знакамітым. Прачнуўся, дарэчы, у сябе дома — не ў мясцовым парыжскім РУУС.

christophe_dettinger.jpg


Але з Аляксеем Кудзіным у Крыстофа Дэцінгера сапраўды шмат агульнага. Таму мы і распавядзем яго гісторыю — у чымсьці вельмі паказальную для сённяшніх беларускіх рэалій.

Хто такі баксёр Дэцінгер?

Як у амаль любога еўрапейскага баксёра, у Крыстофа Дэцінгера былі дзве спартыўныя кар’еры: адна аматарская, другая — прафесійная.
У аматарскай ён дарос да бронзы юніорскага першынства Еўропы, медалёў чэмпіянату Францыі і розных міжнародных турніраў. Яго марай быў удзел у Алімпійскіх гульнях, і ён да гэтага ішоў цвёрдымі крокамі, бачачы перад сабой Афіны-2004. Аднак у Грэцыі ёсць усё, а гэтага хлопца яна не дачакалася. Праз канфлікт з чыноўнікамі федэрацыі Крыстоф патрапіў у няміласць і быў выключаны з алімпійскай каманды.
Пасля гэтага ён сышоў у прафесіяналы, дзе таксама нашмат часцей біў, чым бываў бітым. Усяго на прафесійным рынгу Дэцінгер правеў 23 баі, з якіх выйграў 18. Неблагая ўвогуле статыстыка, хаця зорку з неба ён так і не сарваў. Пік яго кар’еры — бой за тытул чэмпіёна свету паводле версіі WBC, які француз саступіў бельгійцу Ісмаілу Абдулу.
Ці мог ён дасягнуць большага? Напэўна, мог. Бо пачаў займацца боксам позна — у 15 гадоў, калі асноўныя навыкі байцы ўжо выпрацоўваюць. Затое ў юнацтве Крыстоф паспеў напрацаваць на грозную мянушку Цыган з Масі («цыган» — праз адпаведнае паходжанне, «Масі» — прыгарад Парыжа, дзе хлопец трэніраваўся).
Ці мог ён зарабіць боксам на забяспечаную старасць? Цяжка сказаць, але ж не зарабіў — таму і пайшоў у 2014-м, пасля завяршэння кар’еры, працаваць у аўтадарожную кампанію. Там яму, прынамсі, выдалі тую самую жоўтую камізэльку.
Яна спатрэбіцца Крыстофу Дэцінгеру праз чатыры гады, калі ён, 37-гадовы экс-баксёр і бацька траіх дзяцей, далучыцца да самых масавых пратэстаў у навейшай французскай гісторыі.

Што такое «Рух "жоўтых камізэлек"»?

Увосень 2018 года прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў аб намеры павысіць падатак на аўтамабільнае паліва. Зразумеўшы, што гэта аўтаматычна выкліча адпаведны рост цэн на бензін і дызель, грамадзянская супольнасць Пятай Рэспублікі прыкметна ўсхвалявалася.
Цэны на паліва — традыцыйна балючая тэма для французаў, таму не дзіўна, што неўзабаве аформіўся самадастатковы пратэсны рух. Яго характэрныя асаблівасці — дэцэнтралізацыя і адсутнасць лідараў, камунікацыя праз сеціва і сацсеткі, дарожная святлоадбівальная камізэлька ў якасці «ўніформы» ўдзельнікаў.
Масавыя пратэсты пачаліся тады ж — восенню 2018-га. У розных гарадах краіны ў іх бралі ўдзел агулам сотні тысяч людзей. Яны перакрывалі дарогі і развязкі, займалі цэнтральныя плошчы гарадоў. Пры гэтым маніфестацыі не былі суцэльна мірнымі і рэгулярна ператвараліся ў гвалтоўныя сутыкненні з паліцыяй. З аднаго боку былі камяні, барыкады, бутэлькі з лёгкаўзгаральнай вадкасцю, пагромы крам і падпалы аўтамабіляў, з другога — слезацечны газ, вадамёты і святлошумавыя гранаты. Забягаючы наперад, адзначым, што ў наступных судовых разбіральніцтвах крымінальныя пакаранні атрымлівалі як пратэстоўцы, так і паліцэйскія.
Патрабаванні маніфестантаў з цягам часу разрасліся. Цэны на паліва перасталі быць галоўным пунктам павесткі «камізэлек», да іх дадаліся пытанні падаткавай палітыкі, заробкаў і пенсій, працаўладкавання і жылля, нелегальнай міграцыі і экалогіі, і нават выхаду з ЕС і НАТА.
Высакародныя памкненні, здавалася б, павінны былі аб’яднаць краіну супраць палітыкі Макрона, рэйтынг якога не надта высокі, але гвалтоўныя метады барацьбы прыйшліся не даспадобы значнай частцы грамадства. У выніку ўжо ў лютым 2019 «Рух “жоўтых камізэлек”» падтрымлівалі толькі 43 працэнты французаў, аднак важна, што на іх баку заставаліся даволі шырокія палітычныя кругі.
Так ці інакш, але свайго пратэстоўцы збольшага дамагліся. Па многіх сацыяльных праблемах урад пайшоў ім насустрач — і дзе адмяніў непапулярныя праекты, дзе замарозіў, а дзе адправіў на дапрацоўку.
За ўвесь час «камізэлькавых» пратэстаў, якія ў актыўнай фазе працягваліся каля чатырох месяцаў, загінулі 11 чалавек.

Чым скончылася парыжская справа?

Бойка на мастку Леапольда Сердара Сенгора скончылася на карысць маніфестантаў. Ад рук і ног Крыстофа Дэцінгера 5 студзеня 2019 года пацярпелі два парыжскія жандармы. Гэта выдатна відаць на запісах, якія і сёння лёгка знайсці ў YouTube.


Ужо на наступны дзень гэтыя кадры смакавала ўся Францыя, і галоўны герой «блокбастара» вычарпальна разумеў, што ўчарашні паядынак не скончыўся з гукам фінальнага гонга — наадварот, усё толькі пачынаецца. За ім не прыехалі на «бусіках», яго кватэру не ўзялі штурмам людзі ў масках — на той момант яго нават у вышук ніхто не абвясціў. Баксёр сам згуляў на апераджэнне: запісаўшы відэа, якое у нас назвалі б «пакаяльным», ён выйшаў з хаты і накіраваўся ў бліжэйшы паліцэйскі пастарунак — здавацца.
Судзілі яго праз месяц. «Я хацеў прадухіліць адну несправядлівасць, але здзейсніў іншую», — не хаваў віны Крыстоф падчас працэсу. Ён меў на ўвазе перадгісторыю канфлікта — збіццё паліцэйскімі з дапамогай дручкоў маладога хлопца і жанчыны. Нібыта гэта ён убачыў на ўласныя вочы, раз’юшыўся і паўстаў на абарону безабаронных.
Ці тое суд прыняў да ўвагі такія шчымлівыя падрабязнасці, ці — што хутчэй — на Захадзе проста паважлівае стаўленне да чалавечай свабоды, але пакаранне спартсмен атрымаў гэткае, аб якім застаецца толькі марыць беларускім палітвязням. Бо ў нашых гуманістычных шыротах даюць калонію за надпісы на асфальце, пазбаўляюць волі за каментары ў Тэлеграме, а пад артыкул аб масавых беспарадках падводзяць просты выхад на праезную частку.

17246927.jpg

Абвінавачаны за збіццё жандармаў былы баксёр Крыстоф Дэцінгер атрымаў ад французскага суда 30 месяцаў арышту, прычым 18 з іх — умоўна. Што да астатніх 12, то і іх спартсмен напачатку адбываў амаль у курортным рэжыме: у «казённым» доме толькі начаваў, удзень жа, як звычайна, працаваў і бавіў час з сям’ёй. Праз паўгода, пабачыўшы ўзорныя паводзіны асуджанага, з яго знялі і гэтыя абмежаванні. У сухім астатку засталася хіба што кампенсацыя пацярпелым — 2000 і 3000 еўра — тут ужо расплочвацца давялося без дысконту.
Зрэшты, дапамагла французская салідарнасць: «камізэлькавая» супольнасць актыўна данаціла свайму герою — хапіла і на адвакатаў, і пакрыццё іншых выдаткаў.

Як там Кудзін?

Беларус Аляксей Кудзін на адсутнасць падтрымкі наўрад ці наракае, але яго становішча нашмат больш цяжкае, чым у Крыстофа Дэцінгера. У жніўні ён таксама не стрымаўся — і ў адказ на гвалт сілавікоў у Маладзечне ўжыў «спецсродкі» з арсеналу чэмпіёна свету па змешаных адзінаборствах.
Далей вы мусіце ведаць — драматычную гісторыю байца і бацькі пяцярых дзяцей мы ўжо распавядалі. Арышт, збіццё, раптоўнае вызваленне да суда, уцёкі ў Расію… Потым зноў арышт — ужо ў Маскве — і пытанне аб экстрадыцыі, якое вісіць амаль паўгода. Усе гэтыя месяцы Аляксей знаходзіцца ў расійскай турме ў поўным няведанні ўласнай будучыні.


Калі Кудзін паўстане перад судом на радзіме, на ўмоўны тэрмін разлічваць не давядзецца. Беларусь не Францыя, дзе нават за аплявуху самому прэзідэнту Макрону аднаму нястрыманаму мусью нядаўна далі ўсяго толькі чатыры месяцы зняволення. Беларусь — гэта канвеер, які працуе ўжо колькі месяцаў і крышыць чалавечыя лёсы. 36-гадоваму заслужанаму майстру спорта пагражае да пяці гадоў турмы, і з улікам абставін — уцёкаў і цяжкай рукі, якой ён контратакаваў сілавікоў, — айчынная Феміда наўрад ці пасквапіцца на паказальна жорсткі прысуд.
Адвакаты спартсмена падалі скаргу на рашэнне аб экстрадыцыі. Але 25 чэрвеня Маскоўскі абласны суд вырашыў, што шматразоваму чэмпіёну свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксею Кудзіну ў Беларусі не пагражаюць катаванні, а яго крымінальны пераслед не з'яўляецца палітычна матываваным.