Суд у Маскве вырашыў, што Аляксею Кудзіну ў Беларусі не пагражаюць катаванні

Адвакаты спартсмена падавалі скаргу на рашэнне аб экстрадыцыі, але яе не задаволілі. паведамляе «Еўрарадыё».

Аляксей Кудзін у судзе ў Мададзечне, 2020 год / З архіву rh.by

Аляксей Кудзін у судзе ў Мададзечне, 2020 год / З архіву rh.by

Маскоўскі абласны суд вырашыў, што шматразоваму чэмпіёну свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксею Кудзіну ў Беларусі не пагражаюць катаванні, а яго крымінальны пераслед не з'яўляецца палітычна матываваным, паведамляе тэлеграм-канал @zozhteam. Адвакаты спартсмена падавалі скаргу на рашэнне аб экстрадыцыі, але яе не задаволілі.

У Беларусі Аляксея Кудзіна абвінавачваюць па артыкуле "Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў", яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. У жніўні 2020-га спартсмен удзельнічаў у пратэстах у Маладзечне, калі адбыліся сутычкі з сілавікамі. Кудзіна спрабавалі затрымаць і ён проста абараняўся.

Пасля спартсмена жорстка затрымаў у Маладзечне спецназ, яго збілі. Аляксей Кудзін быў пад адміністрацыйным арыштам, яго аштрафавалі. Далей распачалі крымінальную справу. У лістападзе 2020-га Кудзін не прыйшоў у суд і яго аб'явілі ў вышук.

Беларуса затрымалі ў Маскоўскай вобласці Расіі ў студзені 2021-га, з таго часу ён за кратамі. Пасля гэтага Генпракуратура Беларусі накіравала ў РФ зварот аб экстрадыцыі. У абарону Аляксея Кудзіна выступілі беларускія і расійскія спартсмены.

На радзіме ў спартсмена засталася сям'я.