Топ-10 фільмаў пра Галакост
У Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту мы зьвярнуліся да фільмаў, якія яскрава асьвятляюць гэтую страшэнную, расьцягнутую па часе падзею. Галакост прывёў да сістэматычнага вынішчэньня людзей адной нацыянальнасьці, габрэяў, падчас Другой сусьветнай вайны. Падрыхтавалі сьпіс з найлепшых стужак на гэтую тэму.
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Хлопчык у паласатай піжаме (The Boy in the Striped Pyjamas). 2008
Вайна справа дарослых, і зброя ў іх руках. Але, на жаль, гэта ня так. Стужка Марка Хермана распавядае гісторыю хлопчыка, які занадта рана праадчуваў тое, што людзі не павінны адчуваць ніколі. У той час, калі жадаецца гуляць з цацкамі ці іншымі дзецьмі – здараецца нечаканая ў сваёй шчымлівасьці падзея.
Маленькі хлопчык знаходзіць сябра, які зь нейкай прычыны заўжды аднолькава апрануты — у палоску, а таксама знаходзіцца за дротам. Пачынаецца гульня, хаця і не такая звычайная, як раней. Адзін хлопчык – маленькі сын ізраільскага народу, а другі — дзіця кіраўніка канцлягеру. Ува што выльецца іх сяброўства?
Нумар 9. Іда (Ida). 2013
Чорна-белая стужка Паўла Паўлікоўскага акрамя шалёнага посьпеху дома атрымала і сусьветнае прызнаньне. Узнагарода амэрыканскай кінаакадэміі за найлепшы фільм на замежнай мове — адно з пацьверджаньняў гэтаму.
Галоўную ролю выканала дзяўчына, якую запрасілі прыйсьці на пробы ў варшаўскай кавярні. Таму і ў вытанчаных беларускіх паненак ёсьць падобныя шанцы гэтаксама. Стужка апавядае гісторыю Ганны, якая апынулася без бацькоў і правяла дзяцінства ў кляштары. Напярэдадні ўласных вечных манаскіх абяцаньняў яна выпраўляецца ў падарожжа, каб спаткацца з адзінай жывой сваячкай, ад якой становіцца вядома, што Ганна — габрэйка, а яе бацькі былі забітыя падчас Другой сусьветнай.
Мала што нагадвае нам, што фільм быў зьняты адносна нядаўна, падчас прагляду застаецца ўтульнае адчуваньне сярэдзіны мінулага стагодзьдзя.
Па-майстэрску выбудаваныя кадры падчас размоваў дзвюх кабетаў запрашаюць і прымушаюць гледачоў далучыцца ў падарожжа як у дарозе гераіняў, так і ў разьвіцьці іх душэўных перажываньняў. Дзе знаходзіцца вера, калі сямейныя гісторыі падкідваюць дроваў у вогнішча сумневу?
Нумар 8. Трусік Джоджо (Jojo Rabbit). 2019
Прымусіць сьмяяцца з Адольфа Гітлера — згадзіцеся, справа зусім не простая. Тайка Вайціці шэдэўральна справіўся з такой мэтай. Гісторыі змаганьня з нацызмам у самых розных яго праявах апісаныя і паказаныя тысячы разоў рознымі майстрамі. У гэтай стужцы мы бачым простага нямецкага хлопчыка, які ўваходзіць у гітлерюгенд і страшэнна гэтым ганарыцца. Ён жадае вырасьці і стаць сапраўдным вялікім нацыстам. Пакуль яго таты няма, хлопчык прыдумляе сабе ўяўнага сябра — таго самага Адольфа, які падтрымлівае маладое пакаленьне нацыстаў і дае парады.
Хлопчык вельмі не любіць габрэяў, бо яны з рагамі і дрэнна пахнуць. Але аднойчы яго мама ў выкананьні Скарлет Ёхансэн хавае ў іх доме сапраўдную габрэйку. Хлопчык знаходзіць яе.
Фільмы пра дзяцей на вайне — вельмі складаныя. Гэты — нясе праз усю працягласьць стужкі надзею.
Беларусам асабліва адгукнецца кароткі дыялог Ёханэса з маці, калі яны ўбачаць целы забітых габрэяў:
— Што яны зрабілі, мама?
— Усё, што маглі.
Нумар 7. Да пабачэньня, дзеці (Au revoir les enfants). 1987
Выдатная французская праца ў нашым сьпісе. Фільм Люі Маля атрымаў ганаровую ўзнагароду «Залаты Леў» на Венэцыянскім кінафэсьце. Гэта напалову аўтабіяграфічны фільм, дзеяньне якога адбываецца падчас вайны ў французскай школе-інтэрнаце. Мы ўбачым шчырае сяброўства паміж французскім хлопцам і габрэйскім хлопчыкам, які хаваецца пад ілжывым імём, каб пазьбегнуць перасьледу.
Вачыма гэтых дзяцей рэжысэр паказвае нявіннасьць, сяброўства і страту чалавечнасьці падчас вайны. Маленькія акторы нібы былі народжаныя для сваіх роляў: так упэўнена яны глядзяцца на экране.
Падчас прагляду вы дакладна будзеце раз за разам вяртацца да думкі аб бессэнсоўнасьці вайны.
Нумар 6. Вялікі дыктатар (The Great Dictator). 1940
Кожны дробны дыктатарчык і той, хто толькі марыць такім стаць, безумоўна павінны паглядзець гэты шэдэўр. Чарлі Чаплін здолеў праз стужку зрабіць магутнае выказваньне як сучасьнікам, так і наступным пакаленьням.
Трыюмфальны антываенны фільм паказвае Гітлера і вайскоўца варожай арміі, якія праз вонкавае падабенства ў пэўны момант зьмяняюцца месцамі. Сатырычная карціна была забароненая ў Нямеччыне і тых краінах, якія былі пад яе акупацыяй на момант выхаду ў сьвет.
Адзін з першых фільмаў, які закрануў праблему стварэньня лягераў для габрэяў у Нямеччыне.
Нумар 5. Жыцьцё цудоўнае (La vita è bella). 1997
Рабэрта Бэніньі пасьпеў атрымаць безьліч міжнародных узнагародаў і народнага прызнаньня ва ўсім сьвеце пасьля выхаду гэтай трагікамедыі. Пярліна антываеннага кіно, стужка спалучае жахлівыя рэчы Галакосту з адданай любоўю бацькі да свайго маленькага сына.
Італьянскі габрэй распрацоўвае гульню, каб паспрабаваць абараніць дзіця ад пякельных катаваньняў канцлягеру. Ён прымушае на хвіліну паверыць у рэальнасьць сваіх тэатральных практыкаваньняў нават нацысцкіх ахоўнікаў. А як у іх верыць маленькі хлопчык!
Мы трапім у дзівосны асьляпляльны сьвет Тасканы і ў змрочны смурод лягеру. Жыцьцё цудоўнае, што б хто не казаў.
Нумар 4. Піяніст (The Pianist). 2002
Польшча, вайна, габрэі. Гэтыя тры элементы ўключае ў сабе не адзін тузін фільмаў. Іх рознае прачытаньне і выяўленьне ў мастацкіх вобразах зьдзіўляе не адно пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе. У наш спіс трапіла праца Рамана Паланскага з эталённым вакананьнем галоўнай ролі ад Эдрыяна Броўдзі, які мае габрэйскія карані. 88 клявішаў інструмэнту і бясконцаў колькасьць зьдзекаў з боку нацыстаў.
Раман Паланскі, які вымушаны быў зьбегчы з сацыялістычнага раю Польшчы ў 1960-х, паказвае нам папярэдняе пакаленьне закатаваных, зьнішчаных і адрынутых палякаў. Ці вартая чаго-небудзь музыка ў межах канцлягеру? Ці патрэбныя піяністы, калі не хапае тых, хто будзе ў сваіх руках трымаць аўтамат супраць акупантаў?
Фільм стаў пераможцам кінафэсту ў Канах.
Нумар 3. Ганебныя выблядкі (Inglourious Basterds). 2009
Квенцін Таранціна напісаў сцэнар і паставіў гэты ваенны фільм, у якім распавядаецца альтэрнатыўная гісторыя папярэдняй вялікай вайны. Адбываюцца дзьве змовы з мэтай забойства кіраўніцтва нацысцкай Нямеччыны: адна была сплянаваная групай амэрыканскіх габрэйскіх жаўнераў, а другая — уладальнікам французскага габрэйскага тэатра.
Таранціна выдаткаваў больш за дзесяць гадоў на стварэньне сцэнара і разглядаў гэты праект як свой шэдэўр і найлепшую працу. Ён ахарактарызаваў людзей са стужкі як «не тых звычайных герояў, што мы прызвычаіліся бачыць, якія ўцягнутыя ў вялікую справу Другой сусьветнай вайны».
Фантастычная роля Крыстофа Вальца выглядае як гатовы ўрок акторскага майстэрства найвышэйшага ўзроўню.
Нумар 2. Нюрнбэргскі працэс (Judgment at Nuremberg). 1961
Сапраўдны вырак для нацысцкіх злачынстваў з боку кінематографу. Стужка Стэнлі Крамэра літаральна ўбіла апошні цьвік у труну страшэнных забойцаў часоў Другой сусьветнай вайны. Неверагодна моцны акторскі склад, у якім зьзялі Спэнсэр Трэйсі, Максымільян Шэл, Марлен Дзітрых, Бэрт Ланкастэр, Мангомэры Кліфт і іншыя, стварыў фантастычную атмасфэру прысутнасьці на неабходным і гістарычным судовым працэсе. У тым самым Нюрнбэргу, дзе адбываліся зьезды НСДАП у час Гітлера, судзілі нямецкіх злачынцаў, якія былі адказныя за мільёны і мільёны жыцьцяў.
Стужка неверагодным чынам паказвае сапраўднае аблічча нацысцкіх дзеячаў. Але таксама і скрыўленую спробу адмаўчацца, схавацца за фіранкай «недасьведчанасьці», як зрабіла гераіня Марлен Дзітрых, нямецкая фраў, што даводзіла, што «простыя немцы нічога ня ведалі пра канцлягеры і забойствы габрэяў».
Фільм вас уразіць глыбінёй і праўдзівасьцю.
Нумар 1. Сьпіс Шындлера (Schindler's List). 1993
Хрыстаматыйны, ледзьве не дакумэнтальны фільм пра Галакост, прадказальна займае вышэйшы радок у сьпісе. Стывен Сьпілбэрг, які і сам зьяўляецца габрэем, зьняў шэдэўр пра жахлівае забойства свайго народа, але адначасова і пра надзею, безь якой у гэтым сьвеце немагчыма пражыць. Поруч з любоўю да чалавека, калі застаецца не істотным яго раса і веравызнаньне, зьяўляецца вера.
Толькі чалавек, які мае гэтыя пачуцьці, зьяўляецца паўнавартасным. Хто ў вашым сьпісе на выратаваньне? Родныя, некалькі сяброў і ўлюбёная акторка? Але што рабіць, калі ратунку патрабуюць сотні, тысячы, мільёны чалавек? І з кожным першым у пастку сьмяротных гульняў можа быць укінуты сам ратавальнік.
Ці былі добрыя нацысты? Былі, і Оскар Шындлер гэтаму яскравы прыклад. Прыгатуйце вашыя насоўкі і ўключайце вялікі фільм.
І, няглядзячы на цяжкую тэматыку, прыемнага прагляду!