Свет коціцца ў прорву і сам сябе туды падганяе. Антысемітызм і ксенафобія зноў вядуць рэй
Прыкладна паўтара месяца ідуць ваенныя дзеянні паміж баевікамі ХАМАС і Ізраілем. За гэты час па ўсім свеце заўважна вырас узровень ксенафобіі, зноў падняў галаву антысемітызм. Падахвочаныя «воссю зла», людзі патрабуюць смерці для тых, да каго распаўсюджваецца нянавісць.
Выданне «The New York Times» апублікавала аналітычны агляд X, Facebook і Instagram, прысвечаны росту ксенафобскіх выказванняў, што распальваюць нянавісць пасля таго, як выбухнуў канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАС.
«Media IQ» прыводзіць вытрымкі даследавання.
Паводле назіранняў «The New York Times», рост антысеміцкіх і ісламафобскіх выказванняў, якія распальваюць нянавісць, рэзка павялічыўся 7 кастрычніка, у дзень нападу ХАМАС на Ізраіль. Хэштэг #HitlerWasRight на платформе X на працягу месяца згадваўся 46 000 разоў разам з фармулёўкамі, якія заклікаюць да гвалту супраць яўрэяў. Хэштэгам #DeathtoMuslims падзяліліся дзясяткі тысяч разоў. Падобная сітуацыя назіралася ў Facebook, Instagram і TikTok.
Журналісты прыводзяць шэраг даследаванняў праваабарончых арганізацый: «Anti-Defamation League», «Jewish advocacy group», «Institute for Strategic Dialogue», «Global Project Against Hate and Extremism», якія зафіксавалі распаўсюджанне антысеміцкага і ісламафобскага кантэнту не толькі ў сацыяльных сетках: X, Facebook і Instagram, TikTok, але і ў перыферыйных — 4chan, gab і Bitchute.
На думку даследчыкаў, усплёск выказванняў быў выкліканы:
- глыбока ўкаранёнымі эмоцыямі адносна гвалту;
- падбухторваннем з боку экстрэмістаў, якія дамагаюцца сваёй мэты;
- распаўсюджаннем Расіяй, Іракам і Іранам антысеміцкіх пасланняў разам з дэзінфармацыяй пра вайну;
- створаная ў Інтэрнэце атмасфера страху і запалохвання магла паўплываць на ўзмацненне канфрантацыі і гвалту ў рэальным свеце. Хоць прычынна-выніковую сувязь даказаць складана, але ў ЗША, Еўропе і Канадзе задакументавалі выпадкі праявы актаў гвалту супраць яўрэяў і мусульман.
Паводле даследавання ADL, нягледзячы на тое, што многія сацсеткі забараняюць распальванне нянавісці, антысеміцкія і ісламафобскія допісы былі ацэненыя і апублікаваныя сотні тысяч разоў.
Найбольш заўважным гэта аказалася ў сацсетцы Х, праз якую актыўна распаўсюджваліся выказванні, маркіраваныя хэштэгамі: #HitlerWasRigh, # DeathtotheJews, #LevelGaza, #MuslimPig, #KillMuslims.
У сацсетках TikTok і Facebook таксама назіраўся ўсплёск распальвання нянавісці, але там выдалялі кантэнт, які быў ім адзначаны. Аднак у гэтых сацсетках мог захоўвацца завуаляваны кантэнт. Так, у сетцы TikTok выкарыстоўвалася словазлучэнне «аўстрыйскі мастак» для Адольфа Гітлера.
Аднак пасля таго, як «The New York Times» звярнула на гэта ўвагу, кампанія заявіла, што відэаролікі «Аўстрыйскі мастак» парушаюць палітыку прыкладання, выдаліла кантэнт з гэтым хэштэгам і дадала, што ў перыяд з 7 па 13 кастрычніка на платформе TikTok было выдалена 730 000 падобных відэаролікаў.
Х не адказала на запыт медыя. «Meta», якая валодае Facebook, Instagram і WhatsApp, спаслалася на паведамленне ў блогу, што кампанія забяспечвае захаванне сваёй палітыкі супраць распальвання нянавісці.
Прыкладанне для абмену паведамленнямі Telegram таксама выкарыстоўвалася для распальвання нянавісці. Так звязаны з ХАМАС канал выкарыстаў малюнак параплана з палесцінскім сцягам і словамі «Я падтрымліваю Палесціну». Пры гэтым на малюнку зафіксаваныя баевікі ХАМАС, якія праніклі на парапланах на музычны фестываль «Нова» ў Ізраілі, дзе ў выніку тэракту загінулі больш за 260 чалавек.
Паводле даных «ActiveFence», кампаніі па кібербяспецы, якая кансультуе платформы сацыяльных сетак, на працягу 24 гадзін выявай падзяліліся тысячы разоў у Х, Instagram, Facebook і TikTok. Некаторыя публікацыі ў Instagram і Facebook мелі каментары: «Яны павінны былі забіць больш» і «Забіць больш яўрэяў».
Telegram таксама не даў каментароў журналістам. Пры гэтым карыстальнікі вельмі правых каналаў разглядалі вайну ў якасці спосабу распаўсюдзіць антысеміцкія настроі сярод людзей процілеглых поглядаў. Адзін з правых каналаў утрымліваў інструкцыі для карыстальнікаў, якія падтрымліваюць антысемітызм, як спачувальна публікаваць паведамленні пра гібель палесцінцаў у сектары Газа, каб прыцягнуць левых актывістаў. «Як толькі вы дабярэцеся да іх, абвінавачвайце яўрэяў», — напісаў адзін чалавек.
Такім чынам, як расказаў дырэктар «Цэнтра па супрацьдзеянні лічбавай нянавісці» Імрад Ахмед, «актары нянавісці ўхапіліся за магчымасць захапіць платформы сацыяльных сетак, каб трансляваць свой фанатызм і мабілізаваць рэальны гвалт супраць яўрэяў і мусульман, прычыняючы свету яшчэ больш болю».