638-мы дзень вайны: Войска РФ падчас трэцяй хвалі наступу на Аўдзееўку змяніла тактыку
Кіраўнік літоўскага ўрада Інгрыда Шыманіце прыбыла з візітам ва Украіну. Яна ўшанавала памяць украінскіх абаронцаў, якія загінулі на вайне.

Ад украінскіх удараў загінулі дзясяткі расійскіх салдат
Брытанская выведка мяркуе, што ад украінскіх удараў з вялікай адлегласці 10 і 19 лістапада загінулі дзясяткі расійскіх вайскоўцаў.
У сваім чарговым штодзённым аглядзе ваенная разведка Вялікабрытаніі абмяркоўвае дальнабойныя магчымасці РФ і Украіны.
Расійскія сілы ва Украіне працягваюць несці масавыя страты ў выніку ўкраінскіх высокадакладных удараў вялікай далёкасці па пазіцыях за лініяй фронту.
- 10 лістапада 2023 года, верагодна, больш за 70 расійскіх вайскоўцаў загінулі ў выніку ўдару па калоне грузавікоў за 23 кіламетры ад лініі фронту ў сяле Гладкоўка Херсонскай вобласці, піша разведка (слова «верагодна» ўжыта ў строгім тэрміналагічным сэнсе: аналітыкі ацэньваюць верагоднасць праўдзівасці гэтага сцвярджэння ад 55% да 75%).
- Яшчэ дзясяткі вайскоўцаў, верагодна, загінулі 19 лістапада ў выніку ўдару па вёсцы Кумачова, размешчанай на 60 кіламетраў углыб кантраляванай Расіяй тэрыторыі ў Данецкай вобласці. У момант удару УСУ яны знаходзіліся на масавым мерапрыемстве – цырымоніі ўзнагароджання або канцэрце.
- Украіна панесла страты пры падобным інцыдэнце: 3 лістапада гэтага года 19 вайскоўцаў 128-й асобнай горна-штурмавой брыгады УСУ загінулі на цырымоніі ўзнагароджання ў выніку ўдару расійскай балістычнай ракеты.
- Звычайна ваенныя добра разумеюць магчымасці далёкасці дзеяння сістэм узбраенняў праціўніка. Аднак ва ўмовах працяглых баявых дзеянняў камандаванне вымушана балансаваць паміж дзвюма задачамі: трымаць войскі разгрупаванымі і менш уразлівымі для удараў з мэтай захавання кантынгенту і праводзіць калектыўныя мерапрыемствы з мэтай адміністравання і падтрымання баявога духу.
Ваенна-паветраныя сілы Украіны падлічылі, колькі ракет можа назапасіць Расія
Напярэдадні зімы Расія можа назапасіць да 900 высокадакладных ракет вялікай далёкасці. Імаверна, з іх дапамогай РФ можа напасці на Украіну. Пра гэта распавёў прэс-сакратара ВПС Узброеных сіл Украіны Юрый Ігнат у эфіры тэлемарафону.
— Так, ужо некалькі месяцаў не было такіх удараў, як летам. Калі падлічыць, прыкладна кожны летні месяц было выкарыстана больш за 100 ракет. У восеньскія месяцы ўжо няма такіх інтэнсіўных ракетных удараў. Мы бачым больш Х-59, Х-31. Але ёсць яшчэ «Іскандэр-М», «Іскандэр-К», — сказаў прэс-сакратар.
Ігнат дадаў, што, паводле звестак Генштаба і ВПС, увосень РФ выкарыстоўвае для ўдараў па Украіне некалькі дзясяткаў ракет у месяц. Паводле яго слоў, РФ магла назапасіць да 900 высокадакладных ракет вялікай далёкасці.
«ГУР заявіла аб магутнасцях Расіі. Яны могуць вырабляць 100 ракет у месяц. Таму можна зрабіць пэўную матэматычную выснову, што 870, а можа нават і 900 (ракет Х-31, Х-35. — Рэд.), а таксама «Онікс» і ракеты С-300. Гаворка ідзе толькі пра ракеты далёкага дзеяння», — растлумачыў Ігнат.
Прэс-сакратар ВПС таксама пракаментаваў заяву прэс-сакратара ПВА Наталлі Гуменюк аб тым, што Расія можа сканцэнтраваць у Крыме да 800 ракет. Ён падкрэсліў, што Гуменюк мела на ўвазе ўвесь запас ракет на тэрыторыі РФ і на акупаваных тэрыторыях. Ігнат не выключае, што на паўвостраве можа знаходзіцца пэўная частка расійскіх ракет.
Навіны вайны
- У Берыславе Херсонскай вобласці паранены мясцовы жыхар, на якога расійскае войска скінула боепрыпас з беспілотніка, паведаміла АВА. За мінулыя суткі ў вобласці ў выніку расійскіх абстрэлаў тры чалавекі загінулі, 11 атрымалі раненні, сярод іх двое дзяцей.
- У Харкаўскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку ўдару БПЛА па вёсцы Аляксандраўка Багадухаўскага раёна пашкоджаны інфраструктурны аб'ект, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
- Прарасійскі «губернатар» акупаванай Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда заявіў, што ўначы Украіна распачала «адну з найбуйнейшых» за час вайны спроб паветранага нападу на Крым і Прыазоўе. З ягоных слоў, над тэрыторыяй Херсонскай вобласці і Паўночнага Крыма сродкамі СПА і РЭБ нібыта былі збіты і перахоплены «дзясяткі беспілотнікаў».
- Тэлеграм-канал «Крымскі вецер» паведамляе пра ўдар дрона па вайсковай частцы ў Джанкоі гэтай ноччу. Паводле інфармацыі пабліка, знішчана СПА і РЛС расіян, а таксама іх асабовы склад.
- Расійскія паблікі пішуць, што ў Валгаградскай вобласці ўкраінскі дрон упаў на тэрыторыі вайсковай часці. Усяго ў бок часці гэтай ноччу ляцелі тры беспілотнікі. Іх задушыла РЭБ, але адзін з дронаў упаў на тэрыторыі часці і выбухнуў.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 24 лістапада: асабовага складу — каля 322 900 (+1100 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 5496 (+30), баявых браніраваных машын — 10 256 (+32), артылерыйскіх сістэм — 7833 (+31).

- Уначы Расія атакавала Украіну трыма ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed» з паўднёва-ўсходняга кірунку, усе яны былі знішчаны, паведаміла камандаванне паветраных сіл. Аб працы СПА паведаміла Хмяльніцкая АВА: дроны былі збітыя ў Хмяльніцкім раёне, пацярпелых і разбурэнняў няма. Маніторынгавыя паблікі ўначы паведамлялі, што БПЛА спрабавалі атакаваць аэрадром у Стараканстанцінаве. Адзін з дронаў таксама быў знішчаны ў Мікалаеўскай вобласці, паведаміла АВА.
- За мінулыя суткі на фронце адбылося 64 баявыя сутыкненні, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, 20 нападаў салдат РФ было адбіта на аўдзееўскім кірунку (на ўсход ад Новакалінава, Аўдзееўкі і Першамайскага Данецкай вобласці), яшчэ 14 — на мар'інскім (у раёнах Мар'інкі, Георгіеўкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці), 11 нападаў — на бахмуцкім кірунку (каля Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці).
- На купянскім кірунку армія РФ вяла беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёне Сінькоўкі, на шахцёрскім — на паўднёвы захад ад Старамаёрскага Данецкай вобласці, на запарожскім — на захад ад Вербавага Запарожскай вобласці. На ліманскім кірунку РФ наступальных дзеянняў не вяла.
- У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на мелітопальскім кірунку і на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, а на херсонскім кірунку ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра.
- Войска РФ падчас трэцяй хвалі наступу на Аўдзееўку змяніла тактыку і ўжо не атакуе калонамі, распавёў кіраўнік гарадской вайсковай адміністрацыі Віталь Барабаш:«Першая хваля — наогул ішлі, як на парад. Другая — калоны падзялілі і мінімум з трох кірункаў спрабавалі ісці. Цяпер яны адкрылі чацвёрты кірунак —з боку Данецка — са Спартака. Плюс дадалі промку. Больш спрабуюць расцягнуць па лініі фронту».
Пры гэтым ён адзначыў, што надвор'е не дазваляе расіянам ужываць шмат тэхнікі, аднак праз прамзону яна ўсё ж едзе, бо там ёсць трохі асфальтавага пакрыцця. Са слоў Барабаша, расіяне «лезуць з усіх кірункаў: з флангаў, з поўдня, з поўначы». Актыўна працуе авіяцыя, дзясяткамі наносяцца ўдары КАБамі і касетнымі бомбамі.
Замежныя навіны
- Чэшская ініцыятыва «Падарунак для Пуціна» абвясціла пра збор на закупку верталёта «Black Hawk» для галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны. За першы тыдзень чэхі і славакі сабралі на верталёт больш за 400 тысяч еўра. Яго агульны кошт — каля 4,3 мільёна еўра. Па словах арганізатараў, верталёт ужо аглядзелі авіяцыйныя эксперты з Украіны — ён у добрым стане і гатовы выконваць баявыя заданні.
Раней у рамках ініцыятывы «Падарунак для Пуціна» чэхі ўжо сабралі сродкі на набыццё для УСУ 15 комплексаў супрацьпаветранай абароны «Viktor», танкаў Т-72 і РСЗА RM-70 агульным коштам 2,3 мільёна долараў.
- Германія разгорне дадатковую сістэму «Patriot» ва Украіне зімой, заявіў амбасадар ФРГ Марцін Эгер.
- Расія і Кітай таемна абмяркоўваюць планы будаўніцтва падводнага тунэля пад Керчанскім пралівам, піша «The Washington Post». Паводле інфармацыі газеты, кітайская чыгуначная будаўнічая карпарацыя (CRCC) гатова забяспечыць будаўніцтва чыгуначных і аўтадарожных аб'ектаў любой складанасці ў крымскім рэгіёне. Пры гэтым кампанія будзе ўдзельнічаць у праекце толькі на ўмовах прыватнасці і ў дакументах згадвацца не будзе з-за рызыкі санкцый. Праект гатовы прафінансаваць Кітайскі банк. Кошт тунэля можа складаць 5 мільярдаў долараў. Узамен Пекін можа атрымаць права спаганяць плату за праезд па тунэлі.
Глядзіце таксама
