Антысэмітызм захоплівае сьвет. «Няхай Бог пашкадуе Гітлера, калі зямля ачысьціцца ад габрэяў, будзе мір»

З пачаткам нападу палестынскіх тэрарыстаў з ХАМАС на Ізраіль усе кропкі нашай плянэты пераўтварыліся ў гарачыя ў адносінах да габрэяў. Глябальны антысэмітызм уражвае сваім маштабам і жорсткасьцю. Мы сабралі прыклады дзяржаўнай, побытавай і навуковай нянавісьці да габрэйскага народу.

kaljumbija.avif

Дэпутатка брытанскага парлямэнту Маргарэт Ходж — габрэйскага паходжаньня. Пачнем зь яе вельмі трапнай заявы, якая дапамагае лепш акрэсьліць тое, што адбываецца:

«Нават тэрмін антысэмітызм — складаны тэрмін. Гэта не зусім зразумела. Я часьцей кажу пра нянавісьць да габрэяў. Я ня думаю, што тэрмін «антысэмітызм» разумеюць шырокія масы насельніцтва. Падчас барацьбы супраць гэтай зьявы я заўсёды выкарыстоўваю словы «нянавісьць да габрэяў», калі прагну дагрукацца да больш шырокай аўдыторыі».

Высокі, жудасны голас

Сулейман Сэзэн, турэцкі палітык ад партыі Эрдагана, асудзіў «забойчую тэрарыстычную дзяржаву Ізраіль» 19 кастрычніка 2023 году: «Падзеі мінулай ночы ў Газе былі бесчалавечнымі. Ізраіль — дзяржава-забойца. Гэтак жа, як ёсьць тэрарыстычныя арганізацыі, ёсьць і тэрарыстычныя дзяржавы. Ізраіль — тэрарыстычная дзяржава. Я хацеў бы пачаць з асуджэньня забойчай тэрарыстычнай дзяржавы Ізраіль, якая ў чарговы раз бамбавала жанчынаў, дзяцей і людзей, якія з дазволу ААН знайшлі прытулак у шпіталях.

Гістарычна склалася, што ўсе злаваліся на Гітлера і называлі яго расістам. Гітлер сказаў: "Вы будзеце праклінаць мяне за кожнага габрэя, якога я не забіў". Гэта праўда. Я малюся, каб аднойчы Бог дараваў міласэрнасьць і ласку Гітлеру. Акрамя таго, я асуджаю Ізраіль. Канец гэтай тэрарыстычнай дзяржавы блізкі. Іншалах, калі зямля будзе ачышчаная ад габрэяў, будзе мір. Халакост быў «няскончаны».

Сулейман Сэзэн

Сулейман Сэзэн

Калі вы зьбіраліся адпачыць на пляжах сонечнай Турэччыны, узгадайце мясцовага палітыка. Будзьце гатовыя да нападу.

10 кастрычніка дэпутат Шахзадэ Дэмір выступіў у турэцкім парлямэнце з заклікам пазбавіць турэцкіх габрэяў грамадзянства, калі яны добраахвотна ідуць у ізраільскую армію. Некалькі дзён пазьней мясцовыя СМІ заклікалі да дэнатуралізацыі турэцкіх габрэяў, сцьвярджаючы, што ўсе яны маюць падвойнае ізраільскае грамадзянства.

Прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган 7 кастрычніка цьвёрда абараніў дзеяньні ХАМАС і назваў тэрарыстычную групоўку «групай вызваленьня». У адказ Ізраіль адклікаў сваіх дыпляматаў з Турэччыны.

Эрдаган рэгулярна сустракаецца з лідэрамі ХАМАС. І разам з гэтым яго міністэрства замежных справаў заявіла, што адхіляе ідэю аб тым, што турэцкая рыторыка адносна Ізраілю была антысэміцкай.

Верым — верым (не).

Рэджэп Таіп Эрдаган

Рэджэп Таіп Эрдаган

Літаральна на днях Эрдаган быў больш чым шчыры:

«Адсюль я зьвяртаюся да Нетаньяху: у вас ёсьць атамная бомба ці не? Раскрыйце, калі адважыцеся, але ён (Нетаньяху) ня можа. Гэй, Ізраіль, у цябе ёсьць атамная бомба, і ты пагражаеш ёю. Твая сьмерць набліжаецца. Колькі б у цябе ні было ядзернай зброі, твой канец блізкі».

Прэзыдэнты Чылі і Калюмбіі адклікалі сваіх амбасадараў у Ізраілі, што наблізіла гэтыя краіны да поўнага разрыву стасункаў .

«Чылі рашуча асуджае і зь вялікай заклапочанасьцю адзначае, што гэтыя ваенныя апэрацыі, якія цягнуць за сабой калектыўнае пакараньне палестынскага цывільнага насельніцтва ў Газе, не паважаюць асноўныя нормы міжнароднага права, што прадэманстравана больш чым 8000 ахвярамі сярод мірнага насельніцтва, у асноўным жанчыны і дзеці», — напісаў чылійскі прэзідэнт Габрыэль Борыч са спасылкай на колькасьць пацярпелых, якую паведаміла міністэрства аховы здароўя Газы, што зьяўляецца часткай ХАМАС.

Чылі зьяўляецца домам для самай вялікай араба-палестынскай супольнасьці за межамі арабскага сьвету, паводле ацэнак, ад 450 да 500 тысячаў чалавек жыве ў гэтай паўднёваамэрыканскай краіне. А габрэйская супольнасьць у Чылі налічвае прыкладна з 16 тысячаў чалавек, што складае каля 0,1% ад агульнай колькасьці насельніцтва.

Прэзыдэнт Калюмбіі Густава Пэтра падзяліўся мудрасьцю. Ён сказаў, што ХАМАС — гэта «вынаходніцтва Масаду, каб падзяліць палестынскі народ» і параўнаў бамбардзіроўку Газы Ізраілем з нацызмам.

Густава Пэтра

Густава Пэтра

«Калі-небудзь армія і ўрад Ізраілю папросяць у нас прабачэньня за тое, што іх людзі зрабілі на нашай зямлі, калі разьвязалі генацыд. Я абдыму іх, і яны будуць плакаць аб забойстве Асвенцыма і Газы».

Пэтра — першы левы прэзідэнт Калюмбіі за апошнія дзесяцігодзьдзі, што яшчэ варта было чакаць ад спрадвечных хаўрусьнікаў арабаў-палестынцаў. Прэзідэнт Чылі таксама належыць да чырвоных марксістаў.

«Дэмакратычныя народы ня могуць дазволіць нацызму аднавіць сябе ў міжнароднай палітыцы. Гэтая мова нянавісьці, калі яна будзе працягвацца, прынясе толькі Халакост», — сказаў прэзідэнт Калюмбіі ў якасьці пагрозы Ізраілю.

Дзейны прэзідэнт Балівіі Луіс Арсэ, таксама з левай партыі, вырашыў аднавіць гістарычную справу папярэдніка Эва Маралеса. 1 лістапада 2023 году ён зноў разрывае ўсе сувязі з Ізраілем, як на працягу дзесяцігодзьдзяў рабіў пасьлядоўнік Леніна — Маралес.

Глядзіце таксама

Ізраіль назваў рашэньне Балівіі аб разрыве адносінаў «капітуляцыяй перад тэрарызмам і рэжымам аятолаў у Іране».

На вуліцах (вашага) горада

Французская габрэйка была атакаваная ісламістам з нажом у Ліёне. На яе дзьвярах была знойдзеная намаляваная свастыка. Жанчына, якая атрымала два нажавыя раненьні ў жывот пасьля таго, як адчыніла дзьверы тэрарысту, знаходзіцца ў шпіталі, яе жыцьцю ўжо нічога не пагражае.

Жанчына была вядомая як габрэйка ў сваім доме і мясцовай супольнасьці, ля ўваходу яна мела прымацаваную мезузу (габрэйскі пергамент з малітвай).

Каля дома францужанкі

Каля дома францужанкі

Ізраільскі дыплямат быў паранены нажом у Кітаі ў дзень, калі лідэр ХАМАС заклікаў да глябальных пратэстаў, чым распаліў страх у габрэйскіх і суполках эмігрантаў адносна магчымага гвалту. Нападнік, 53-гадовы мужчына, які працаваў у невялікім прадпрыемстве ў Пэкіне, але не этнічны кітаец, быў арыштаваны.

Дзьве габрэйскія школы ў Лёндане былі вымазаныя чырвонай фарбай, што было названа афіцыйнымі асобамі «ганебнай спробай запалохаць і перасьледаваць» грамадзтва. Быў апублікаваны запіс з камэраў відэаназіраньня, на якім асоба ў масцы распыляе фарбу на вонкавы бок будынкаў. Паліцыя пацьвердзіла, што гэта расьсьледуецца як злачынства на глебе нянавісьці.

Прадстаўнік адміністрацыі школы паведаміў: «Страх і трывога вельмі адчувальныя, асабліва сярод студэнтаў і іх сем'яў, што вымушаныя супрацьстаяць суровай рэальнасьці нянавісьці, якая літаральна запляміла сьцены іх адукацыйных установаў».

Габрэйская супольнасьць Бэрліну была ўзрушаная дзвюма паліўнымі бомбамі, кінутымі ў сінагогу. Паліцыя паведаміла, што два чалавекі кінулі «падпаленыя бутэлькі, напоўненыя вадкасьцю».

У Парыжы зоркі Давіда былі нанесеныя ў выглядзе графіці на дамы, дзе жывуць габрэі.

Пасьля нападаў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка ў Францыі было зарэгістравана больш за 850 антысэміцкіх актаў, кажа міністар унутраных справаў Жэральд Дарманэн. Ён таксама дадаў, што «ніхто не дакранецца нават да воласа французскага габрэя, не сутыкнуўшыся з вокаімгненнай рэакцыяй з боку дзяржавы».

Каля 400 чалавек былі арыштаваныя за антысэміцкія дзеяньні за апошні месяц, заявіў міністар юстыцыі Эрык Дзюпон-Марэці.

Мэрыя 14-й акругі, дзе адбыўся выпадак з графіці, напісала, што акты «нагадваюць пра падзеі 1930-х, якія прывялі да зьнішчэньня мільёнаў габрэяў». Падобныя графіці таксама былі знойдзеныя ў прыгарадах Парыжу. Зоркі часам суправаджаліся надпісамі накшталт «ад ракі да мора Палестына пераможа», што выразна мае толькі адзін сэнс: зьнішчэньне габрэяў і Ізраілю ад ракі Ярдан да Міжземнага мора.

У амэрыканскім штаце Фларыда быў арыштаваны нэанацыст пасьля таго, як вывесіў вялізныя банэры з антысэміцкімі заклікамі каля «Disney World». 48-гадовы Джэйсан Браун дэманстраваў выявы свастыкі і іншых антысэміцкіх сымбаляў, якія ён вывешваў над шашой у Арланда.

Прыхільнік свастыкаў Джэйсан Браун

Прыхільнік свастыкаў Джэйсан Браун

Сам Браун сцьвярджае, што зьяўляецца чальцом Ордэну Чорнага Сонца, нэанацысцкай і расісцкай групоўкі. Непасрэдна перад арыштам Брауна група з 15 нэанацыстаў зь ягонага Ордэну Чорнага Сонца, Арыйскай сеткі свабоды і Нацыяналістычна-сацыялістычнага руху стаяла каля гандлёвага цэнтру «Disney Springs» у вопратцы і са сьцягамі, якія адлюстроўвалі нацысцкую прапаганду.

У Нідэрляндах паведамленьні аб антысэміцкіх інцыдэнтах узраслі больш чым на 800% з 7 кастрычніка.

У адной школе габрэйскаму хлопчыку пагражалі нажом і ударылі бутэлькай па галаве, у той час як аднаклясьнікі называлі яго «канкерджуд», што па-нідэрляндску азначае «габрэй хворы на рак». Яшчэ аднаму хлопчыку сказалі, што аднаклясьнікі скінуць яго з моста і ўтопяць, таму што ён габрэй. У дачыненьні да студэнтаў былі выпадкі гвалту з прапановай насіць зоркі Давіда на вопратцы, ім паказвалі гітлераўскае прывітаньне і казалі, што Гітлер «ня скончыў сваю працу».

Сінагога і габрэйскі цэнтр у канадзкім Манрэалі атакаваныя кактэйлямі Молатава.

Сінагога ў Манрэалі

Сінагога ў Манрэалі

Злачынцы закідалі бутэлькамі з запальнай сумесьсю габрэйскія публічныя месцы. Каля 10% жыхароў прыгараду Манрэалю — габрэі. «Мы ў жаху, што роўна праз месяц з дня зьверстваў, учыненых ХАМАС, нехта паспрабаваў спаліць наш малітоўны дом», — сказаў Генры Топас, рэгіянальны дырэктар Квебэкскай габрэйскай арганізацыі.

«Габрэям забаронена» — абвяшчала шыльда на ангельскай і турэцкай мовах па-над крамай старых кнігаў побач са Стамбулам. Нават пасьля таго, як шыльда была зьнятая праз некаторы час, уладальнік крамы сказаў, што па-ранейшаму мяркуе так, як напісаў напярэдадні.

«Я не жадаю зараз нічога купляць у габрэяў, я не жадаю нічога прадаваць габрэям зараз, вось як я ім кажу», — сказаў Азкан Мустафа Кючукурал.«Магчыма, трэба было сказаць сіянісцкі або ізраільскі, але я быў злы і эмацыйны, — дадаў ён. — «Мае браты ў Палестыне паміраюць».

Мустафе напэўна не сказалі, што палестынскія арабы і туркі — не браты. Хаця гэта ўжо вельмі складана для ўспрыманьня ўладальніку згаданай крамы.

Турэцкі горад Ізьмір

Турэцкі горад Ізьмір

Антысэміцкія інцыдэнты адбываліся і па-за межамі Стамбулу. У Ізьміры — горадзе, дзе калісьці жылі дзясяткі тысячаў габрэяў, сінагога была зьнявечаная графіці з надпісам «Забойца Ізраіль».

Некалькі буйных прапалестынскіх пратэстаў прайшлі ў Стамбуле з 7 кастрычніка. Падчас адной дэманстрацыі турэцкія дэманстранты прабілі агароджу ізраільскага консульства, але пазьней, на шчасьце, былі разагнаныя турэцкай паліцыяй.

Не навучылі

Студэнт элітнага нью-ёркскага каледжа трапіў у вязьніцу пасьля таго, як пагражаў забіць іншых студэнтаў — габрэяў.

Пракуратура сцьвярджае, што Патрык Дай пагражаў прынесьці зброю ў кампус Карнэльскага ўнівэрсітэту, згвалтаваць габрэйскіх жанчынаў і «абезгаловіць усіх габрэйскіх дзяцей».

Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.

У заяве Карнэльскага ўнівэрсітэта гаворыцца: «Мы шакаваныя і асуджаем гэтыя жудасныя, антысэміцкія пагрозы і лічым, што яны павінны перасьледвацца па ўсёй строгасьці закону».Молі Голдштэйн, прэзідэнт мясцовага цэнтру габрэйскага жыцьця, паведаміла: «Габрэйскія студэнты ў кампусе цяпер неверагодна баяцца за сваё жыцьцё».

У Калюмбійскім унівэрсітэце ў прыбіральні будынку Школы міжнародных і грамадзкіх сувязяў знайшлі намаляваную свастыку. Ізраільскі студэнт гэтага ж унівэрсітэту падвергся нападу пасьля таго, як ён абрынуўся на жанчыну, якая зрывала плякаты з імёнамі і фатаздымкамі ізраільцянаў, якіх ХАМАС узяў у закладнікі.

Габрэйскія студэнты ў Атланце выказалі асьцярогі за сваю бясьпеку пасьля антысэміцкіх лёзунгаў падчас прапалестынскага мітынгу. А прафэсар Стэнфардзкага ўнівэрсітэту быў адхілены ад сваіх абавязкаў пасьля таго, як ён мінімізаваў трагедыю Халакосту і вылучыў асобна габрэйскіх студэнтаў перад аўдыторыяй.

Глядзіце таксама

Некаторыя дзяржаўныя дзеячы пачалі прымаць рашучыя меры. Губэрнатар Фларыды Рон ДэСантыс забараніў прапалестынскім групам існаваць у дзяржаўных каледжах штату, а ўнівэрсітэты просяць прыцягнуць да дысцыпліны тых, хто выказаў салідарнасьць з палестынскім народам пасьля нападаў баевікоў ХАМАС.

Мільярдэр Леон Куперман паабяцаў спыніць ахвяраваньне грошай у Калюмбійскі ўнівэрсітэт праз усплёск антысэмітызму.

Былы губэрнатар Нью-Ёрку Эндру Куома заявіў: «Час для пустых заяваў з асуджэньнем прайшоў. Прыйшоў час для рэальных дзеяньняў: выпускнікі па ўсёй краіне павінныя спыніць ахвяраваньні школам, якія неадэкватна змагаюцца з распаўсюдам нянавісьці, а дзяржаўныя органы павінныя спыніць фінансаваньне, пакуль унівэрсітэты не разьбяруцца з гэтай гнюснай дзейнасьцю».

Такая рыторыка больш чым зразумелая ў Нью-Ёрку, дзе пражывае найбольшае габрэйскае насельніцтва па-за межамі Ізраілю.

Вялікая колькасьць юрыдычных фірмаў ЗША зрабілі папярэджаньне прыхільнікам тэрарыстаў:«Як працадаўцы, якія набіраюць на працу з кожнай з вашых юрыдычных школаў, мы спадзяемся на тое, што вашыя студэнты, якія разьлічваюць далучыцца да нашых фірмаў пасьля заканчэньня навучаньня, будуць прытрымлівацца палітыкі нулявой талерантнасьці за любую форму дыскрымінацыі або перасьледу, а тым больш за тую, што мае месца ў некаторых кампусах юрыдычных школаў».

Больш за тое, шматлікія арганізацыі ЗША выпусьцілі заяву, што «не будуць у будучыні браць на працу тых асобаў, якія ўдзельнічалі ў прахамасаўскіх заявах ад імя «групаў студэнтаў» Гарварду».

Прапалестынскія студэнты Гарварду

Прапалестынскія студэнты Гарварду

Ужо вядомы выпадак, калі студэнт унівэрсітэту Нью-Ёрку страціў прапанову аб працы ў знакамітай кампаніі «Winston&Strawn» пасьля таго, як абвінаваціў Ізраіль ва ўсіх сьмяротных грахох.

Прафэсар Каліфарнійскага ўніверсітэту ў Бэрклі таксама нядаўна заклікаў кампаніі не наймаць у свае ўстановы студэнтаў-антысэмітаў.

Небясьпека крочыць па плянэце з хуткасьцю, якая вельмі і вельмі непакоіць.