Усеагульнае стрымліванне. Чаму ядзерная зброя выратуе свет

Самую страшную зброю, якую прыдумала чалавецтва, варта пашыраць, а не крывадушна заяўляць пра раззбраенне. Нечакана? А вось пачытайце!

Ілюстрацыйная выява. Крыніца: icrc.org

Ілюстрацыйная выява. Крыніца: icrc.org

Наратывы пра ядзерную зброю аглушальна загучалі ў свеце пасля вераломнага нападу Расіі на Украіну. Крэмль хваліўся сваімі баегалоўкамі і спрабаваў шантажаваць імі Захад. Захад спачатку спужаўся, але потым супакоіўся — калі стала больш-менш зразумела, што гэта проста пуцінскія панты.

У Украіны пасля распаду СССР такая зброя таксама была (як, дарэчы, у Беларусі і Казахстана). Але пад ціскам сусветнай супольнасці Кіеў, Мінск і Алматы ад яе адмовіліся. Цяпер украінцы аб гэтым шкадуюць. Бо каб не раззбраенне тады, Масква б не вырашылася ісці вайной не тое што ў 2022-ім, а нават у 2014-ым.

Ужо на гэтым канкрэтным прыкладзе бачна, як адсутнасць ядзернага парытэту развязвае рукі геапалітычнаму гопніку і пакідае безабароннай яго ахвяру.

Шмат гадоў нас вучаць, што ядзерныя ракеты — страшная рэч. Што наступная сусветная вайна стане апошняй у чалавечай цывілізацыі. Таму на ўзроўні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый зацверджана дамова аб нераспаўсюджванні такіх узбраенняў. Але, як шмат што іншае ў юрысдыкцыі ААН, гэты дакумент фактычна не дзейнічае. І нават падпісаны ён не ўсімі ўдзельнікамі «ядзернага клуба».

7 кастрычніка тэрарысты ХАМАС напалі на Ізраіль і забілі амаль паўтары тысячы чалавек. Цяпер ізраільскі ЦАХАЛ метадычна знішчае палесцінскую групоўку наўпрост на тэрыторыі сектара Газа. Значная частка свету войкае: як жа, падумайце пра мірных жыхароў. Тэма сапраўды складаная, але Іерусалім ад сваіх планаў канчатковага вырашэння хамасаўскага пытання не адмаўляецца.

Ізраіль — невялікая краіна, з насельніцтвам прыкладна як у Беларусі. Навокал шмат недружалюбных суседзяў. Магутных і ўплывовых, па тэрыторыі і колькасці насельніцтва — неба і зямля. Некаторыя варожа ставяцца да габрэйскай дзяржавы і хочуць, каб яе наогул не існавала. Пры гэтым нападаць на гэты маленькі шматок зямлі асцерагаюцца. Абмяжоўваюцца ваяўнічымі заявамі, як той жа кіраўнік Турцыі Эрдаган.

На тое ёсць некалькі прычын — ад моцы і тэхнічных магчымасцей ізраільскай арміі да саюзніцтва з ЗША. Але ёсць яшчэ адна — ядзерная зброя.

Глядзіце таксама

Афіцыйна ядзерным арсеналам валодаюць ЗША, Расія, Кітай, Вялікабрытанія, Францыя, КНДР, Індыя, Пакістан. ПАР у 1989 годзе ад яго адмовіўся. У Ізраіля адпаведнага ўзбраення як бы няма, афіцыйна гэта не зафіксавана. Але яно — як бы ёсць. Іерусалім не пацвярджае і не абвяргае такія звесткі. І дамову аб нераспаўсюджванні шматзначна не падпісаў.

Ядзерная зброя Шродзінгера, але яна вельмі дапамагае краіне існаваць і развівацца ў несяброўскім асяроддзі. Адна справа крычаць пра неабходнасць «скінуць у мора» краіну, у якой ёсць толькі «Жалезны купал», танкі і авіяцыя. І зусім іншае — калі ёсць яшчэ балістычныя ракеты з адпаведным змесцівам. Такая краіна заўсёды можа адказаць па ўнутраных каналах, што ў выпадку чаго добра ведае геалакацыю такіх крыкуноў.

У выніку, пакуль на аанаўскіх форумах разважаюць пра неабходнасць скарачэння ядзернай зброі ў свеце, асобна ўзятаму Ізраілю яна дэ-факта дапамагае супрацьстаяць знешнім пагрозам.

Свет зараз перажывае перыяд глабальнай турбулентнасці. Пуцін падаў прыклад — і цяпер рознага кшталту гістарычныя рэвізіяністы падымаюць галовы. У геапалітычны ўжытак вярнуліся паняцці перадзелу меж, «гістарычнай справядлівасці», зноў лічыцца важным «вызваліць» для сябе кавалак чужой зямлі. У 21-ым стагоддзі зноў расце вартасць сілы. ВУП, чалавечы патэнцыял, тэхналогіі — усё гэта, канешне, добра, але колькі танкаў, самалётаў і гармат гэта ўсё абараняе, пытаюцца ў вечаровых шоу адэпты прыдуманага «шматпалярнага свету». Калі б усё гэта абараняла ядзерная зброя, такіх пытанняў не ўзнікала б.

Раней казалі: бог стварыў людзей моцнымі і слабымі — містэр Кольт зрабіў іх роўнымі. Цяпер можна казаць: бог стварыў дзяржавы моцнымі і слабымі — ядзернае ўзбраенне можа зрабіць іх роўнымі.

Ці не вельмі высокая цана пытання? Ці не павышае рызыкі апакаліпсісу распаўсюджванне па свеце «чырвоных кнопак»? Так, павышае. Але праблема ў тым, што ядзерная зброя і так распаўсюджваецца ў свеце, прычым часта па ініцыятыве адыёзных дыктатур. Можна напрыдумляць яшчэ стос мемарандумаў і рэзалюцый у забарону такіх страшных узбраенняў, а ядзерную праграму таго ж Ірана гэта не спыніць.

Літаральна днямі з’явілася інфармацыя, што Тэгеран узбагаціў ужо столькі ўрану, што яго хопіць на тры бомбы. Хіба застаюцца сумневы, што рана ці позна Іран створыць сваё «суверэннае» ядзернае ўзбраенне, паклаўшы вядомы прыбор на ўсю «глыбокую занепакоенасць» заходніх дзяржаў. Тым больш што працягвае ядзерныя выпрабаванні Расія, у тым жа кірунку корпаецца і КНДР. Нават пуцінскі проксі Лукашэнка ў хвіліны натхнення любіць заявіць, што дастаўленых у Беларусь боегаловак хопіць на некалькі Хірасім.

Супрацьстаянне цывілізаванага свету і найноўшага варварства сёння абвастрылася настолькі, што гэтыя працэсы спыніць немагчыма. То і Захаду варта сіметрычна развіваць ядзерныя праграмы, каб потым не было позна. Містэр Кольт павінен быць ва ўсіх, каб усе былі роўнымі.

На жаль, да гэтага схіляе бягучая сітуацыя ў свеце. А прыкметы яе паляпшэння ў лепшы бок неяк не праглядаюцца.