Ізраільскі міністр прапанаваў скінуць ядзерную бомбу на сектар Газа

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху адхіліў ад пасяджэнняў урада міністра па справах Ерусаліма і спадчыне Аміхая Эліяху, які назваў ядзерны ўдар па сектары Газа «адным з варыянтаў» дзеянняў Ізраіля.

Ядзерны выбух. Фота Wikimedia Commons

Ядзерны выбух. Фота Wikimedia Commons

Нетаньяху назваў словы міністра спадчыны Ізраіля Аміхая Эліяху «адарванымі ад рэальнасці», паведамляюць «Гаарэц» і The Times of Israel.

Выданне «Гарэец» піша, што міністр у інтэрв'ю на радыёстанцыі Kol Berama дапусціў ядзерны ўдар па Палесціне і заявіў, што ў сектары Газа «няма некамбатантаў». Таксама міністр выступіў супраць паставак гуманітарнай дапамогі ў сектар.

Што здарылася?

Ультраправы ізраільскі міністр заявіў у інтэрв’ю, што ядзерны ўдар па Газе будзе «адной з магчымасцяў». Аміхай Эліяху згадаў, што ў сектары Газа знаходзіцца каля 240 закладнікаў, аднак адзначыў, што ў вайне заўсёды ёсць ахвяры. «Я малюся і спадзяюся на іх вяртанне, але вайна мае сваю цану. Чаму жыццё выкрадзеных, вызвалення якіх я вельмі хачу, важнейшае за жыццё салдат і людзей, якія будуць забітыя пазней?» — сказаў Эліяху.

Ён таксама заявіў, што няма неабходнасці аказваць гуманітарную дапамогу сектару Газа, таму што «мы б не перадалі гуманітарную дапамогу нацыстам».

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху хутка адпрэчыў заяву Эліяху аб магчымасці ядзернага ўдару па сектары Газа.

«Словы Аміхая Эліяху адарваныя ад рэчаіснасці... Ізраіль і ЦАХАЛ дзейнічаюць у адпаведнасці з самымі высокімі стандартамі міжнароднага права, каб прадухіліць прычыненне шкоды нявінным людзям, і мы будзем працягваць гэта рабіць да перамогі», — сказаў ён.

На фоне канфлікту Нетаньяху адхіліў міністра ад пасяджэнняў урада Ізраіля.


Глядзіце таксама

Што робіцца ў сектары Газа?

Праз тры тыдні пасля ўварвання ў Ізраіль баевікоў ХАМАС адбылося новае абвастрэнне канфлікту на Блізкім Усходзе. Армія абароны Ізраіля ўвяла свае войскі ў паўночную частку сектара Газа.

У цяперашні час Армія абароны Ізраіля працягвае сваю аперацыю на поўначы Газы.  

Сёння, 5 лістапада, стала вядома, што ізраільская армія адрэзала горад Газа ад астатняй часткі сектара. Паводле звестак The Washington Post газеты, ізраільскія вайскоўцы ўклініліся прыкладна на 6,5 кіламетра з паўночнага захаду і дайшлі да лагера бежанцаў Аль-Шаці. Войскі, якія рухаліся з усходу на поўдзень ад Газы, таксама пераадолелі аналагічную адлегласць і адрэзалі горад з поўдня.

ХАМАС заявіў пра знікненне 60 закладнікаў-ізраільцян, якіх баевікі ўзялі ў палон падчас атакі на Ізраіль. Баевікі сказалі, што закладнікі нібыта зніклі пасля ізраільскіх авіяўдараў. У прыватнасці, адзін са спікераў ХАМАС паведаміў, што 23 закладнікі апынуліся пад заваламі ў выніку нападаў.

Тым часам ЦАХАЛ наносіць удары і знішчае аб'екты ХАМАС у Газе і ў падзямеллях, якімі карыстаюцца баевікі.