Перамір'е паміж Ізраілем і ХАМАС пачало дзейнічаць

Плануецца, што перамір'е прадоўжыцца чатыры дні. За гэты час будуць вызвалены 50 ізраільскіх закладнікаў і 150 палесцінскіх зняволеных. Уся паветраная актыўнасць Ізраіля над сектарам Газа (у тым ліку назіранне з беспілотнікаў) павінна спыніцца за шэсць гадзін да пачатку вызвалення закладнікаў.

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images


Дамоўленасць пра часовае спыненне агню ў сектары Газа ўступіла ў сілу ў 6.00 (8.00 па беларускім часе) у пятніцу, 24 лістапада. Мяркуецца, што перамір'е працягнецца чатыры дні. За гэты час павінны быць вызвалены 50 ізраільскіх закладнікаў і 150 палесцінскіх зняволеных — жанчын і непаўналетніх.

Згодна з пагадненнем, дасягнутым пры пасрэдніцтве Катара, першыя 13 закладнікаў, якія знаходзяцца ў руках тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС, будуць вызвалены ў 17.00 па беларускім часе. Ізраіль пацвердзіў атрыманне папярэдняга спісу імёнаў закладнікаў, якія вызваляюцца ў пятніцу.

Колькі закладнікаў будзе вызвалена Палесцінай у гэты дзень, не паведамляецца. Тэлеканал CNN са спасылкай на неназванага ізраільскага чыноўніка паведаміў, што гаворка ідзе пра 39 чалавек. Вязні будуць выпушчаны на волю з ізраільскіх турмаў толькі пасля таго, як ізраільскія закладнікі трапяць на тэрыторыю краіны. 

Перамір'е можа быць падоўжана яшчэ на шэсць дзён

Акрамя спынення агню ўмовы здзелкі прадугледжваюць таксама спыненне палётаў ізраільскай авіяцыі на шэсць гадзін на дзень над сектарам Газа на чатыры дні, штодзённы пропуск ва ўсе раёны сектара 200 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай і медыкаментамі, а таксама 4 грузавікоў з палівам.

Другі этап пагаднення палягае ў тым, што працягласць перамір'я можа быць павялічана — Ізраіль гатовы дадаваць да узгодненых чатырох дзён яшчэ па адным дні за 10 дадаткова вызваленых закладнікаў. Аднак рэжым спынення агню не можа працягнуцца даўжэй за дзесяць дзён.

Падрыхтоўка здзелкі ішла на працягу некалькіх тыдняў. Пасрэднікамі ў ёй выступалі Катар, Егіпет і ЗША. 

Грузавікі з гуманітарнай дапамогай пачынаюць уязджаць у сектар Газа

Прыкладна праз паўтары гадзіны пасля пачатку чатырохдзённага перамір'я паміж Ізраілем і ХАМАС грузавікі з гуманітарнай дапамогай пачалі заязджаць у сектар Газа з Егіпта. Пра гэта сведчыць відэазапіс, зроблены тэлеканалам «Reuters». На двух грузавіках, якія прадстаўляюць егіпецкія арганізацыі, былі плакаты з надпісамі «Разам за чалавецтва» і «Для нашых братоў у Газе».

Раней кіраўнік Дзяржаўнай інфармацыйнай службы Егіпта Дыяа Рашван казаў, што кожны дзень таксама плануецца адпраўляць 200 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай. Таксама ў рамках перамір'я ў анклаў будуць штодня прыбываць 130 тысяч літраў дызельнага паліва і чатыры грузавікі з газам. 

Ізраільскія вайскоўцы папярэджваюць жыхароў Газы, што вайна яшчэ не скончана

Перад пачаткам рэжыму спынення агню ізраільскія вайскоўцы размясцілі ў сацсетках відэаролік, у якім папярэдзілі жыхароў сектара Газа пра тое, што вайна яшчэ не скончылася.

«Гуманітарная паўза носіць часовы характар», — сказаў на арабскай мове прэс-сакратар Арміі абароны Ізраіля Авічай Адраі.

«Паўночная частка сектара Газа — гэта небяспечная зона баявых дзеянняў, і перасоўвацца на поўнач забаронена. Для вашай бяспекі вы павінны заставацца ў гуманітарнай зоне на поўдні», — дадаў ён у звароце да жыхароў Газы. 

Напад ХАМАС на Ізраіль

Эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе пачалася пасля таго, як 7 кастрычніка 2023 года радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС, прызнаны ў Еўрасаюзе і ЗША тэрарыстычнай арганізацыяй, здзейсніў маштабную атаку на Ізраіль. Тэрарысты нанеслі масіраваны ракетны ўдар па Ізраілі, уварваліся на яго тэрыторыю, зладзілі самую масавую расправу над мірным насельніцтвам у гісторыі сучаснай ізраільскай дзяржавы. Яе ахвярамі сталі 1200 чалавек. Баевікі таксама захапілі больш за 240 закладнікаў і вывезлі іх у сектар Газа.

Ізраіль у адказ абвясціў вайну ХАМАС. Армія краіны наносіць масіраваныя ўдары па густанаселеным палесцінскім рэгіёне, які знаходзіцца пад уладай ХАМАС, а таксама праводзіць наземную ваенную аперацыю. Паводле паведамленняў падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя, у сектары Газа ўжо загінулі больш за 14 000 чалавек, аднак пацвердзіць гэтыя даныя з незалежных і надзейных крыніц не ўяўляецца магчымым.

Паводле ВВС, «Нямецкай хвалі»