«Ад такой сітуацыі выйграюць персанажы кшталту Лукашэнкі». Беларуска — пра жыццё ў сённяшнім Ізраілі

Ірына (імя змененае па яе просьбе) прыехала ў Ізраіль паўгода таму. У Беларусі яна працавала настаўніцай. Эміграваць жанчыну вымусіў неспакой апошніх трох гадоў. Яе кола знаёмых значна паменшала. Многія разляцеліся па свеце, а хто застаўся, абмежавалі ўзаеміны. Працоўная дзейнасць таксама стала абмежаванай, піша «Наша Ніва».

Валанцёры ў Ізраілі. Ілюстрацыйны здымак з сацсетак

Валанцёры ў Ізраілі. Ілюстрацыйны здымак з сацсетак

Паводле слоў Ірыны, Беларусь інтэлектуальна і прафесійна дэградуе. Усё цяпер зводзіцца да выканання ўказанняў зверху. Чыноўнікі баяцца самі і хочуць, каб баяліся іх.

Ідэолагі не задумваюцца, чаго патрабуюць. Абавязваюць праводзіць мерапрыемствы, назвы і змест якіх абсурдныя. Напрыклад, «Выхоўваем гістарычную памяць». «Як можна памяць выхаваць? Сфальшаваць успаміны?» — заўважае яна.

Калі Ірына прыехала ў Ізраіль, ёй кінулася ў вочы яго палітычная падзеленасць. Ва ўсёй краіне праходзілі масавыя мітынгі «за і супраць прапанаванай урадам Біньяміна Нетаньяху рэформы судовай сістэмы».

7 кастрычніка ХАМАС атакаваў памежныя з Газай раёны і краіна ўмомант змянілася, адзначае Ірына. Напад і кожную ахвяру тэрарыстаў ізраільцяне ўспрынялі як асабістую трагедыю. Палітычнае процістаянне, якое трымала ў напружанні грамадства са студзеня, тут жа забылася.

«Тое, як самаарганізаваліся людзі, як яны трацяць свой час, сілы, грошы на супольную справу, выглядае фантастыкай для беларусаў. Звычайна ў Беларусі такія ініцыятывы належаць дзяржаве. У Ізраілі ж усе разумеюць, што іх праца — пытанне выжывання не толькі дзяржавы, але і кожнага жыхара», — адзначае яна.

У Беларусі такое назіралася ў першыя месяцы пандэміі 2020 года, а потым перарасло ў пратэст супраць існуючай палітычнай сістэмы. Гэта быў час росквіту масавага валанцёрства, лічыць настаўніца.

Паводле яе слоў, у тагачаснай Беларусі і ў цяперашнім Ізраілі вырашаць узніклыя праблемы ўзяліся неабыякавыя сацыяльна адказныя людзі. Яднала адчуванне, што ў небяспецы апынуліся ўсе жыхары краіны.

У Беларусі, аднак, дапамога і збіранне грошай на барацьбу з каранавірусам рабілася таемна. Пазней «занадта актыўныя валанцёры» вымушаныя былі пакінуць краіну, нагадала настаўніца.

Ірына кажа, што ў Ізраілі дабрачыннасць — частка школьнага навучання, незалежна ад таго, рэлігійная школа ці свецкая. Дзеці добраахвотнікамі дапамагаюць у бальніцах, дамах састарэлых, заапарках, музеях.

Больш за палову насельніцтва Ізраіля займаецца сістэмнай дабрачыннасцю. Таму людзі падрыхтаваныя да калектыўнага ўзаемадзеяння ў форс-мажорных сітуацыях.

«Але тое, як былыя выхадцы з нашых краёў хутка мяняюцца ў Ізраілі, як далучаюцца да валанцёрства, — уражвае. Бачачы гэта, разумееш, чаму ў Ізраілі хутка становяцца патрыётамі», — дзівіцца Ірына.


Глядзіце таксама

У Ізраілі прынята дапамагаць

Ірына заўважае, што ў ізраільскае войска за 48 гадзінаў было прызвана больш за 300 тысяч рэзервістаў. Нават з-за мяжы людзі вярталіся, каб пайсці ў армію.

«Вядома ж, былі i тыя, хто бег ад вайны, але бараніць краіну прыехала значна больш, чым зʼехала, гэта таксама ўражвае», — гаворыць яна.

Паводле яе слоў, у Ізраілі чыноўнікі не хаваюць сваіх дзяцей ад арміі. Публікуюцца спісы міністраў, чые дзеці на вайне і хто загінуў на фронце.

Ірына, згадваючы Беларусь пандэмійнага часу, адзначае, што факты і статыстыка, звязаныя з кавідам, чыноўнікамі ўтойваліся. Гэта выклікала паніку, чуткі, недавер да дзяржавы, медыцыны. Каштавала здароўя ды жыцця дактарам і пацыентам.

Сістэма аховы здароўя Беларусі не магла імгненна справіцца са шматразова ўзрослай колькасцю пацыентаў, як і армія Ізраіля не магла забяспечыць усім неабходным прызваных рэзервістаў, а сацыяльныя службы — эвакуяваных.

«Цяжка ў войску жыць толькі на сухпаях. У Ізраілі гэта разумеюць, бо ўся краіна прайшла праз армію. Вайсковая служба тут сапраўды ганаровы абавязак. Для салдат людзі гатуюць гарачую ежу, купляюць прысмакі, бялізну, бытавыя дробязі і самі прывозяць набытае на базы, як для родных…», — гаворыць Ірына.

Адначасна з прызывам рэзервістаў з раёнаў, якія рэгулярна абстрэльваліся, рушылі уцекачы, працягвае яна.

«Колькі людзі могуць з сабою ўзяць у дарогу? Дапусцім сям’я з 5 чалавек. У іх машына. Самі селі і змаглі прыхапіць самае неабходнае. На месцы ім дзяржава выдаткоўвае сродкі на пражыванне. Але як далей жыць? На дапамогу прыходзілі валанцёры», — тлумачыць Ірына.

У яе горадзе для ўцекачоў гатуюць па 5 тысяч порцый ежы штотыдзень. Гэтым занятыя дома і ў рэстаранах. Ежу валанцёры развозяць самі ў вайсковыя часткі ды раёны, якія абстрэльваюцца і адкуль пенсіянеры не захацелі выязджаць.

Ірына ходзіць дапамагаць на адзін са складоў, куды прыносяць самыя розныя рэчы: вазкі, мыйныя сродкі, сродкі гігіены. На ім працуюць па некалькі чалавек у дзве змены. Каму з уцекачоў патрабуецца штосьці, але яны самі не могуць прыехаць, ім вязуць валанцёры.

«Калі была мая змена, то папрасілі прывезці памперсы 4 памеру. Іх на складзе не было. Валанцёрка за свае грошы купіла і сама завезла», — зазначае Ірына.

Склад арганізавалі выхадцы з Украіны яшчэ два гады таму. Рэчаў туды прыносяць больш, чым разбіраюць. Калі яны з дэфектамі, то аддаюць на перапрацоўку. На сабраныя сродкі, дарэчы, гэтыя людзі набываюць таксама неабходнае для параненых салдат ва ўкраінскіх шпіталях.

Ірына адзначае, што ў Ізраілі наогул прынята дапамагаць, толькі трэба папрасіць i не істотна на якой мове.

Неяк жанчына напісала ў адну з дзясяткаў валанцёрскіх разнамоўных груп у сацсетках па-расейску, што яе сям’я з трыма дзецьмі, выехала з горада Сдэрот, які абстрэльваецца, і зняла пустую кватэру. Цягам 40 хвілін усе пытанні з абсталяваннем жытла, дастаўкай і зборкай мэблі былі вырашаныя бясплатна. Прывезены быў нават посуд, цацкі і дзіцячае адзенне.


Глядзіце таксама

«Больш пісаць не магу, бо ў мяне забілі сына»

На вайне штодзень гіне 5—10 салдат. Сярод загінулых — і сын Ірынінай зямлячкі. Яна пісала невялікія вясёлыя абразкі і размяшчала іх у сацыяльных сетках.

«І тут раптам яе пост: больш пісаць не магу, бо ў мяне забілі сына. Мінуў месяц, і вось днямі ёю быў апублікаваны першы пост. Многія чытачы падтрымалі яе», — адзначае Ірына.

Паколькі людзей загінула шмат, а краіна невялікая, то ў кожнага ізраільцяніна ёсць загінулыя не толькі сярод родзічаў, але калег, аднакласнікаў, ці аднакурснікаў.

Вялікай колькасці людзей патрабуецца псіхалагічная дапамога. Яе бясплатна аказваюць пацярпелым усіх узростаў спецыялісты і валанцёры. Па тэлебачанні стараюцца не паказваюць запісы забойстваў, каб не траўмаваць людзей.

Дапамагаючы іншым, людзі дапамагаюць і сабе, кажа Ірына. У Ізраілі лічаць, што донарства, гатаванне ежы для салдат, састарэлых, перадача рэчаў у цэнтры дапамогі і тым, хто пазбавіўся дома, — псіхалагічная самадапамога ад стрэсу.

Паводле яе слоў, на вуліцах шмат плакатаў, у тым ліку намаляваных дзецьмі. Плакаты, розныя інсталяцыі, бранзалеты дапамагаюць выказаць эмоцыі і зрабіць бачнымі пачуцці.


Глядзіце таксама

Ізраіль не будзе ранейшым

Ірына кажа, што ў Ізраілі шмат горычы і крыўды на свет, які хутка забыў пра 7 кастрычніка. Выклікае неразуменне, што не дачакаліся яснага стаўлення да гвалту ХАМАС супраць ізраільцян ад міжнародных жаночых арганізацый, Чырвонага Крыжа ды той жа ААН.

Але ж гэтым разам ХАМАС забіваў не толькі грамадзян Ізраілю. «Загінула шмат замежнікаў. Тое, што адбылося на мяжы з Газай, параўнальна з тым, што было ў сярэднявеччы. Яны рабавалі, забівалі, здзекваліся», — абураецца настаўніца.

«За апошнія 30 гадоў у арабскіх анклавах выгадавалі забойцаў. Увесь гэты час з арабамі ізраільскі ўрад спрабаваў дамовіцца, купіць іхную лаяльнасць, але міралюбства не спрацавала», — так успрымаюць сітуацыю ізраільцяне.

«Вайна заразная. Яна размывае маральныя межы і мае ўласцівасць распаўзацца. Ад такой сітуацыі выйграюць такія персанажы, як Лукашэнка. Неразбярыха — улюбёнае іх асяроддзе…», — адзначае Ірына.

Яна перакананая: каб не ХАМАС, фінансава забяспечаны і ўзброены спонсарамі, то жыхары Газы наўрад ці пайшлі б забіваць.

«Усе цяпер разумеюць, што Ізраіль не будзе ранейшым, што больш няма даверу да арабаў», — прагназуе суразмоўніца.

Грамадства Ізраіля больш разнароднае, чым у Беларусі, але тое, што ізраільцяне могуць адкрыта і даверліва казаць пра свае праблемы, бароніць іх не менш, чым «Жалезны купал».

Настаўніца мяркуе, што Ізраіль па сканчэнні вайны чакаюць вялікія перамены. Трагічныя падзеі змянілі свядомасць людзей. Яны зразумелі, што ранейшыя захады бяспекі ўжо не працуюць, а значыць неабходна шукаць новыя, але пасля перамогі.

«Пакуль жа, — падсумоўвае Ірына, — на мірныя гарады ляцяць ракеты, грамадзяне гатуюць суботнія вячэры для салдат, збіраюць ураджай фермераў, супакойваюць дзяцей, апранаюць уцекачоў і салдат у зімовыя курткі ды ўзбройваюцца».