«Ідэя дапамогі чужым людзям у ідэалогію “чаркі і шкваркі” зусім не ўпісваецца»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» спрабуе пакапацца ў галовах «красаўцаў» і зразумець, чым іх мысленне адрозніваецца ад мыслення тых, хто дапамагае збіраць перадачы ў турмы ці падтрымлівае дзяцей палітвязняў. І чаму сведкі стабільнасці не могуць зразумець, навошта грамадзяне сумнеўнай палітычнай арыентацыі дапамагаюць іншым людзям.
![cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas14_logo_2.jpg cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas14_logo_2.jpg](/img/v1/images/cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas14_logo_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сёння я буду пра красаўцаў. Ну прабач. Ну неяк яно склалася. Таму што красаўцы нарэшце ўстанавілі, чаму беларусы даюць грошы на антыдзяржаўную дзейнасць. Ну, там, на перадачы ў турму або каб дапамагчы дзецям палітвязняў.
Жыхарку Берасця затрымалі за фінансаванне экстрэмізму. Яна з красавіка 2021 года да снежня 2022-га «накіроўвала грашовыя сродкі грамадзянам, якія былі звязаныя з незаконнай дзейнасцю». І што ты думаеш? За гэта фінансаванне экстрэмізму атрымлівала «матэрыяльнае ўзнагароджанне ад прадстаўнікоў замежных дзяржаў». Гэта значыць, ты фінансуеш экстрэмізм, а цябе ў адказ фінансуе замежная дзяржава. Жалезная логіка.
І ведаеш што? Я думаю, што сведкі стабільнасці наогул і красаўцы ў прыватнасці сапраўды цяпер у вельмі вялікіх здзіўленнях. Вось яны пачалі шукаць, хто, калі, дзе, каму і колькі дапамог. Ну, гэта значыць, заняліся расследаваннем фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці. І ўся ж гэтая гісторыя з фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці — яна цалкам супярэчыць карціне свету, якая ёсць у іх у галовах. Дзясяткі, а хутчэй сотні тысяч людзей па добрай волі, без прымусу і з велізарнай рызыкай для ўласнага дабрабыту даюць грошы чужым людзям. І ніхто не прымушае іх гэта рабіць.
І цалкам жа немагчыма зразумець, навошта яны гэта робяць. Вось поўная неадпаведнасць з усёй сістэмай жыццёвых каштоўнасцяў стабільнасці. Таму што калі сведкі стабільнасці ладзяць збор на карысць уласнай салідарнасці, то ў іх у лепшым выпадку атрымліваецца ананімная асоба, якая добраахвотна перадала дрон на карысць вайсковай часткі. Ну, каб ніхто не змог праверыць, у якім званні гэта ананімная асоба служыць у вайсковай частцы і ў што вайсковай частцы абышоўся добраахвотна ахвяраваны ёй дрон.
Глядзіце таксама
![Больш за 570 тысяч еўра сабрана для палітвязняў «Гэта жаданне беларусаў заставацца людзьмі…» Больш за 570 тысяч еўра сабрана для палітвязняў](/img/v1/images/opera_snimok_2023_07_31_085147_salidarnasc.com.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Не, ну а як? Гэта ж трэба аддаць уласныя грошы чужым людзям. Грошай шкада. Чужых людзей — не. Вось нездарма ж сведкі стабільнасці так любяць традыцыйныя савецкія каштоўнасці. Таму што галоўная традыцыйная савецкая каштоўнасць, якая цалкам адпавядае іх светапогляду — памры ты сёння, а я заўтра.
Сведкі стабільнасці ведаюць, якімі словамі ў тэлевізары трэба распавядаць пра духоўнасць, саборнасць і салідарнасць. Але яны ж ведаюць, што ў тэлевізары адно жыццё, а ў халадзільніку іншае. Што правільныя словы ў тэлевізары трэба казаць, каб было чым запоўніць халадзільнік. А дапамагаць староннім табе людзям пры гэтым зусім не абавязкова.
І толькі гэта насамрэч лагічна. Таму што калі ідэалогія ўлады — чарка і шкварка, то не дзіўна, што прыхільнікі гэтай улады — людзі, якія падзяляюць гэтыя ідэйныя каштоўнасці. А іншых ідэйных каштоўнасцяў улада неяк не змагла прыдумаць. А як ёй прыдумаць? Яна сама складаецца з людзей, для якіх галоўная ідэйная каштоўнасць — чарка і шкварка на сваім асабістым стале. І, пагадзіся, што ідэя дапамогі чужым людзям у гэтую ідэалогію зусім не ўпісваецца. Ну вось ніяк яны адзін да аднаго не падыходзяць.
Ну вось яны і спрабуюць зразумець, навошта грамадзяне сумнеўнай палітычнай арыентацыі дапамагаюць іншым людзям. Які ў іх ёсць для гэтага схаваны карыслівы матыў. Таму што самі сведкі стабільнасці такімі глупствам без схаваных карыслівых матываў займацца б не сталі. Тым больш з рызыкай для асабістага дабрабыту.
А значыць, грамадзяне няправільнай палітычнай арыентацыі проста лепш умеюць хаваць свае карыслівыя матывы. Так што атрыманне матэрыяльнай дапамогі ад замежнай дзяржавы ў абмен на фінансаванне экстрэмізму — абсалютна лагічна. Зразумелае для сведак стабільнасці тлумачэнне на зразумелай ім мове. Таму што ніякага іншага тлумачэння прыдумаць не атрымліваецца.
P. S. Не атрымліваецца яшчэ з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.
Глядзіце таксама
![Салідарнасць — канцэпцыя, якая не ўкладаецца ў галаву сведак стабільнасці «Пакуль у беларусаў ёсць салідарнасць, у беларускай улады няма стабільнасці»](/img/v1/images/_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)