Сякера ў натоўпе, вылет Мбапэ і амаль без сэнсацыяў: як прайшоў І тур Чэмпіяната Эўропы
Доўгачаканы турнір эўрапейскіх зборных на палях Нямеччыны ў разгары. Толькі што скончыўся першы тур, кожная з 24 камандаў згуляла. Зьвернем увагу на галоўнае на футбольных палях і вакол. Паліцыя па-сапраўднаму выратавала жыцьці заўзятараў.
Сякера і кактэйль молатава
Паліцыя Гамбурга страляла ў чалавека з сякерай перад матчам Эўра-2024. У цэнтры горада адбылася маштабная апэрацыя пасьля таго, як мужчына з сякерай пагражаў паліцэйскім. Паліцыя паведаміла, што яны стралялі і сур'ёзна паранілі мужчыну, якому пасьля была аказаная медыцынская дапамога.
Інцыдэнт адбыўся каля фан-зоны заўзятараў зборнай Нідэрландаў. У першапачатковай заяве паліцыі пазначалася, што мужчына пагражаў супрацоўнікам паліцыі сякерай і «запальным прыстасаваньнем», па-просту кажучы кактэйлем молатава.
Пазьней прадстаўнік паліцыі Гамбурга паведаміў, што падазраваны быў узброены сякерай і спрабаваў запаліць бэнзінавую бомбу, але паліцыянты ў адказ выкарысталі пярцовы балончык і стралялі ў яго. Відэаматэрыял, апублікаваны ў сеціве, паказвае чалавека, які трымае сякеру на вачах у паліцэйскіх, перш чым можна пачуць серыю меркаваных гукаў стрэлаў.
Паліцыя пакуль не ўстанавіла асобу мужчыны, і ўлады не пракамэнтавалі матывы, якія, на іх думку, стаялі за інцыдэнтам.
Расейскія сьцягі і іншыя скандалы
Сьцягі Расеі былі заўважаныя на трыбунах падчас матча адкрыцьця Нямеччыны супраць Шатляндыі (5-1), а таксама падчас гульні Сэрбіі і Англіі (0-1). Заўзятар з Расеі, які вывесіў сьцяг з надпісам «Белгарад» падзяліўся думкамі:
«Я з Белгарада і прайшоў доўгі шлях у Нямеччыну. Варонеж, адтуль на цягніку да Сочы, потым паляцеў у Ерэван, потым у Рым і нарэшце Мюнхэн. Куплялі квіткі яшчэ ўвосень. На дарогу ў адзін бок патраціў каля дваццаці тысячаў рублёў (220 эўра – гэта што за кошты такія для расейцаў? – заўвага ПХ).
Падтрымліваць на Эўра буду сэрбаў — нашых роднасных таварышаў. У нядзелю ідзем на іх матч з ангельцамі. Сьцяг, вядома, захаплю з сабой. І так, я там яшчэ ва вушанцы буду!»
У выніку ў Нямеччыне забаранілі наведваньне фан-зонаў Эўра-2024 з расейскай сымболікай. А раней зьявілася інфармацыя, што расейскія сьцягі забароненыя на матчах зборнай Украіны на турніры.
Таксама нямецкія ўлады заяўлялі, што жадаюць дазволіць на стадыёнах і ў афіцыйных фан-зонах сьцягі выключна краінаў-удзельніцаў Эўра-2024. Гэта таксама разглядалася як ахоўная мера, якая дазваліць пазьбегнуць магчымых правакацый у выпадку вывешваньня ізраільскіх і палестынскіх сьцягоў.
50 італьянцаў з нажамі мелі намер зладзіць бойку з албанцамі перад гульнёй паміж Італіяй і Албаніяй. Яны спадзяваліся паштурхацца ў рэстаране з албанскімі заўзятарамі. У італьянцаў пры сабе знайшлі нажы, самаробныя папяровыя бомбы і балаклавы.
Паліцыя затрымала фанатаў да сутыкненьня. Той жа ноччу яны былі адпушчаныя, ніякіх абвінавачаньняў ім не прад'явілі. Нягледзячы на тое, што затрыманыя могуць вольна перасоўвацца па Нямеччыне, ім рэкамендавалі вярнуцца ў Італію. Адзначаецца, што ў некаторых з затрыманых не было квіткоў на матч.
Ангельскія фанаты напалі на сэрбаў, якія адпачывалі ў бары перад матчам Эўра. У сэрбскіх заўзятараў пачалі кідаць розныя прадметы — «усё, што можна ўявіць», па словах відавочцы. У адказ сэрбы пачалі кідаць крэслы. Пасьля пачатку сутычкі на месца прыбылі 200 нямецкіх паліцыянтаў. Ангельскія заўзятары ўцяклі з месца здарэньня. Падчас бойкі пацярпеў адзін мужчына, як мяркуецца, з Бірмінгэма. Ён адмовіўся назваць сваё імя.
Іншыя ангельскія фанаты трапілі ў іншы, магчыма нават больш ганебны скандал. Як перадае ангельская прэса, у мінулую пятніцу брытанскіх фанатаў, якія сьпяваюць песьню «Дзесяць нямецкіх бамбавікоў», засьнялі на відэа ў Дзюсельдорфе.
Папулярная сярод заўзятараў зборнай Англіі песьня аб нямецкіх бамбавіках, зьбітых Каралеўскімі ВПС Вялікай Брытаніі, зьявілася падчас Другой сусьветнай вайны. У Нямеччыне песьня лічыцца абразьлівай.
Паведамляецца, што ў мінулым месяцы паліцыю і МЗС Вялікай Брытаніі папярэдзілі аб штрафах для ангельскіх заўзятараў за абразы і кпіны на адрас удзельнікаў Другой сусьветнай вайны падчас Эўра-2024. Памер штрафаў можа дасягаць месячнага заробку.
Футбол больш за палітыку
У Албаніі парлямэнт не можа засядаць на сэсіі, бо дэпутаты масава паехалі ў Нямеччыну, каб паглядзець футбол. Албанія грае разам з Італіяй, Гішпаніяй і Харватыяй і мае ўсе шансы на апошняе месца ў сваёй групе В.
Праз футбол кардынальна зьмяніў пляны нават парлямэнт Албаніі. Паводле мясцовай прэсы, значная частка са 140 дэпутатаў, што ўваходзяць у склад палаты, скіруецца ў нямецкія землі, і таму пленарнае паседжаньне на гэтым тыдні адбылося не ў чацьвер, як звычайна бывае, а ў сераду. Шматлікія з албанскіх дэпутатаў падарожнічаюць на машыне, і на дарогу трэба больш за суткі. У прынцыпе, гэтыя ж дэпутаты застануцца на два іншыя двубоі ў групе, супраць Харватыі ў Гамбургу 19-га і супраць Гішпаніі ў Дзюсэльдорфе 24-га.
Па гэтай прычыне на гэтым тыдні ня будзе пленарнага паседжаньня ў парлямэнце. Гэта выклікала сапраўдны скандал.
«Гэта ганебны ўчынак», — заявіла албанская апазыцыя. Першую гульню албанцы пачалі фантастычна, ужо на 8 (!) сэкундзе гульні супраць Італіі яны забілі гол. Што стала самых хуткім галом у гісторыі чэмпіянатаў Эўропы. Але неўзабаве італьянцы двойчы адправілі мяч у албанскія брамы і супакоіліся да наступных сустрэчаў.
Фаварыты трымаюць марку
Апроч Італіі, якая дарэчы зьяўляецца пераможцам апошняга турніру і дзейным чэмпіёнам Эўропы, астатнія галоўныя зборныя прайшлі перш тур пасьпяхова. Ну амаль. Галоўнай сэнсацыяй бачыцца нечаканая параза Бэльгіі ад славакаў 0-1. Зрэшты, звышчаканьні ад краіны на захадзе нашага кантынэнту амаль неапраўданыя. Зборная Бэльгіі падыйшла да турніру з перадпэнсіянэрскага ўзросту галоўнымі зоркамі, якія так і ня здолелі (насуперак прагнозам) выйграць штосьці за апошнія 12 гадоў.
Залатое пакаленьне бэльгійцаў з Дэ Бруйнэ, Лукаку і ўжо былым футбалістам Азарам толькі робіць выгляд, што змагаецца сёньня за нешта істотнае.
А іншыя топ-каманды на кані: немцы ў фэерычным стылі незаўважылі прысутнасьць шатляндцаў у краіне (5-1), Гішпанія таксама вынесла іншую пэнсіянэрскую зборную – Харватыі з лікам 3-0.
Англія пры змрочнай, нецікавай, але эфектыўнай гульні была мацней за сэрбаў, дзякуючы адзінаму голу Джуда Бэлінгэма, які становіцца (ці нават ужо стаў) галоўным ангельскім футбалістам нашага часу. Пра Францыю будзе ніжэй, а іх супернікі па групе – моцная каманда Нідэрляндаў вырвала перамогу ў палякаў з лікам 2-1. І апошняя зборная, якая плянуе замахнуцца на перамогу ў турніры – Партугалія зь вечна маладым Крышціяну Раналду і чараўніком гульні з Манчэсьцер Юнайтэд – Бруну Фэрнандэшэм за 2 хвіліны да канца матча з чэхамі забілі вырашальны мяч (2-1).
Да плэй-оф – без Мбапэ
Адзін з найлепшых футбалістаў сьвету – форвард зборнай Францыі Кіліян Мбапэ напрыканцы сустрэчы з Аўстрыяй атрымаў траўму. Пры розыгрышы кутняга француз надзвычай няўдала сутыкнуў свой нос з плячом суперніка – і зламаў яго. Нос вядома, аўстрыец застаўся на нагах.
Мбапэ быў у крыві, Францыя з перамогай, але на бліжэйшыя дзьве гульні ў групе ён ня выйдзе. Калі яго зборная трапіць (а іншае складана ўявіць) у 1/8 фінала, там мы будзем мець гонар зноў пабачыцца з французскай суперзоркай. Сам Кіліян жартуе ў сацсетках, запытваючыся наконт таго, якую маску яму набыць. Так і ўяўляем, як яму піша заўзятар з-пад Слоніма, што ў Эўраопце на Цэнтральнай якраз зьніжкі на патрэбныя маскі.
Кіліян ірвецца ў бой, але ў гэтай зборнай Францыі амаль ідэальнае спалучэньне футбалістаў. Да гульняў на вылет без цяжкасьцяў праб’юцца і без яго.