Футбол па-еўрапейску. Што трэба ведаць пра ўдзельніц Еўра-2024?

Літаральна праз некалькі дзён пачнецца доўгачаканы чэмпіянат Еўропы па футболе — Еўра-2024, што пройдзе ў Германіі. 24 каманды, 6 груп — і толькі адзін пераможца, які стане вядомы праз месяц напружанай барацьбы.

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»

Амаль месяц на нямецкіх футбольных стадыёнах будзе праходзіць чарговы чэмпіянат Еўропы па футболе. Сярод удзельнікаў будуць фаварыты на чале з Францыяй і Партугаліяй, а таксама зусім новыя для Еўра зборныя: напрыклад, Грузія! 

«PALATNO» расказвае, у якой форме падышлі да спаборніцтваў нацыянальныя каманды, а таксама чаго чакаць ад галоўнай спартыўнай падзеі лета (калі не ўлічваць парыжскую алімпіяду!).

Што будзе адбывацца?

Чэмпіянат Еўропы па футболе пройдзе з 14 чэрвеня па 14 ліпеня ў Германіі. Турнір прымуць дзесяць нямецкіх гарадоў.

На Еўра кваліфікаваліся 24 каманды — Германія як гаспадыня турніру прайшла аўтаматычна. У турніры згуляюць Італія, Англія, дзеючы чэмпіён свету Францыя, Харватыя, Партугалія, Бельгія. Албанцы і румыны таксама будуць гуляць на еўратурніры — апошні раз яны прапусцілі чэмпіянат. Да іх далучацца сербы і славенцы, якія таксама не гулялі на Еўра-2020, а Сербія ўвогуле ўпершыню прайшла кваліфікацыйны этап пасля выхаду з саюза з Чарнагорыяй.

Сярод навічкоў — Грузія, якая прайшла на турнір пасля серыі пенальці. Зборную Расіі адхілілі ад удзелу з-за паўнамаштабнага ўварвання расійскіх войск ва Украіну.

Гід па камандах

«Palatno» расказвае, якія зборныя будуць выступаць на чэмпіянаце Еўропы ў гэтым годзе, а таксама тлумачыць, якія ў каманд моцныя і слабыя бакі.

Албанія

Албанія гуляе ў найлепшы футбол, які толькі можа. Бразільскі трэнер Сільвінью здзяйсняе рызыкоўныя перастаноўкі ў камандзе, які робяць вырашальнымі і пераможнымі гульні для албанцаў. Албанія згуляе ў групе з Італіяй, Харватыяй і Іспаніяй — абарона будзе вырашаць шмат, а контратака стане галоўнай зброяй каманды.

Прызначэнне Сільвінью змяніла многае ў камандзе. Напрыклад, футбаліст Крысціян Аслані змагаўся за гульнявы час у былога трэнера, а пад кіраўніцтвам Сільвінью стаў звычайным стартарам. Добрай гульні чакаюць ад Марыё Мітаджы, які марыць перайсці ў адну з еўрапейскіх ліг з маскоўскага «Лакаматыва».

У Сільвінью атрымалася за кошт ветэранаў камфортна адаптавацца маладым гульцам. У атацы ў албанцаў гуляе тройка — Асані, Броя і Сэфэрі.

Англія

Англічане ўсё яшчэ спадзяюцца, што менавіта вось гэтая зборная пераможа на Еўра. Калі не яна, то абавязкова наступная! У гэтым годзе ўсё ідзе гэтак жа: англічане лічаць, што калі ў іх не найлепшая, то лепшая пасля французаў зборная на турніры.

Для галоўнага трэнера Гары Саўтгейта гэта можа быць апошні турнір у якасці кіраўніка англійскай зборнай. Для Саўтгейта галоўным спадзяваннем на турніры стане Джуд Белінгем. Футбаліст правёў свой першы фінал Лігі чэмпіёнаў, а трэнер «Рэала» называе яго лепшым гульцом каманды. Яшчэ адзін гулец, для каго Еўра стане дэбютам, — 19-гадовы паўабаронца Кобі Мэйну.

Брамнікам ужо шосты год запар будзе Джордан Пікфард. У абароне ў англічан могуць быць праблемы, якія і паўплываюць на выступ каманды: Люк Шоў атрымаў траўму і прапусціў большую частку клубнага сезона.

Аўстрыя

Аўстрыйцы ўразілі ў кваліфікацыі — другое месца ў сваёй групы пасля Бельгіі, а яшчэ ўзялі перамогу ў спарынгавай сустрэчы з немцамі. Але пасля такога поспеху ў галоўнага гульца каманды Дэвіда Алабы здарылася сур’ёзная траўма. Алаба ўжо дакладна прапусціць гэты чэмпіянат Еўропы.

Вялікая стаўка ў аўстрыйскай зборнай робіцца на галоўнага трэнера Ральфа Рангніка. Стыль футбола Рангніка — моцны ціск, хуткія пераходы і вельмі інтэнсіўная гульня. Эксперты лічаць, што ключавым момантам для аўстрыйскай зборнай будзе тое, як яны справяцца са сваімі чаканнямі.

Галоўнай зоркай каманды пасля Алабы лічыцца Марсэль Забітцэр. Яшчэ адным цікавым футбалістам, за якім абавязкова трэба будзе назіраць, стане Нікалас Зайвальд: эксперты лічаць, што ён рэдка памыляецца і можа дыктаваць тэмп гульні. Незвычайны і асаблівы футбаліст, які апошнія дзесяць гадоў фарміраваў аўстрыйскі футбол, — Марка Арнаўтавіч. Яму ўжо 35 гадоў, ён не толькі ветэран, але і той, на каго раўняюцца ўсе астатнія ў камандзе. Да турніру аўстрыйцы падыходзяць без свайго галкіпера Шлагера — яго заменіць Патрык Пенц. Чалавек, які будзе адказны за галы, — Міхаэль Грэгарыч.

Бельгія

Бельгія падыходзіць да Еўра-2024 у аптымальнай форме. Трэнер Дамінік Тэдэска спадзяецца, што серыя з непрайграных матчаў пяройдзе і ў групавы этап Еўра, а там ужо… У Тэдэскі заканчваецца кантракт гэтым летам, таму выступ каманды будзе ўплываць і на тое, ці атрымаецца ў яго застацца з бельгійскай камандай далей.

У бельгійцаў ёсць ахілесава пята — абмежаваныя магчымасці ў абароне, бо ў Ціба Куртуа ёсць праблемы з траўмамі. Хутчэй за ўсё, трэнер будзе рабіць стаўку на найлепшага паўабаронцу пакалення — Кевіна дэ Брэйнэ. У мінулым годзе ён стаў капітанам зборнай, таму ад яго залежыць шмат, каб каманда паказала добры вынік.

Венгрыя

За апошнія гады венгерская зборная працягвае ўдасканальвацца. Венграў лічаць «цёмным конікам» турніру, ад іх чакаюць неверагоднага выніку. Але група атрымалася ў іх вельмі небяспечная: Германія, Швейцарыя, Шатландыя…

Трэнер Марка Росі прывёў венграў да другой запар кваліфікацыі Еўра, выйшаў з камандай у Лігу нацый А, «нацыяналка» здолела перамагчы ў матчах Англію і Германію.

У венграў ёсць суперталент — Дамінік Сабаслаі. Цікавы факт: Венгрыя пакуль не прайграла ні аднаго матчу з моманту, калі Дамініка прызначылі капітанам зборнай. Абавязкова трэба паназіраць і за 20-гадовым абаронцам Мілашам Керкезам: яшчэ крыху і ён будзе запатрабаваны ў якім-небудзь топавым брытанскім клубе.

Асноўныя гульцы, з якімі Росі пабудуе каманду на гэтым Еўра, адгулялі на нямецкіх футбольных палях. Адзін з лепшых брамнікаў Еўропы Петэр Гулачы ўжо дакладна будзе дапамагаць камандзе. Яшчэ адзін стоўп у венгерскай абароне — Вілі Орбан, які нарадзіўся ў Германіі і нават не гаворыць па-венгерску. Аднак Орбан і Сабаслаі на цяперашні момант з’яўляюцца самымі важнымі гульцамі каманды.

Германія

У немцаў апошнімі гадамі ўсё ідзе так кепска, што ім рэальна пашчасціла была гаспадарамі чэмпіянату Еўропы, бо ў адваротным выпадку яны маглі ўвогуле не трапіць на турнір.

У каманды малады трэнер Юліян НагельсманТоні Кроас вярнуўся ў нацыянальную зборную і можа зноў зрабіць нямецкі футбол паспяховым. Кроас заўсёды спакойны, ніколі не нервуецца. У гэтым годзе ён правёў, напэўна, адзін з лепшых клубных сезонаў у кар’еры. Для Тоні гэта будзе апошні турнір у шэрагу нацыянальнай зборнай. Разам з Кроасам па чэмпіёнскі тытул паедзе 21-гадовы Фларыян Вірц, які дапамог у гэтым сезоне «Баеру».

На браме ў Германіі традыцыйна будзе стаяць Мануэль Ноер, які доўгі час адыходзіў ад траўмы і пачаў рабіць дзіўнаватыя для яго самога памылкі («Баварыя» павінна памятаць паўфінал Лігі Чэмпіёнаў).

Грузія

Грузія ўпершыню згуляе ў чэмпіянаце Еўропы! Гэта ўжо ашаламляльнае дасягненне для грузінскай «нацыяналкі» — і ўсё гэта дзякуючы перамогам над Люксембургам і Грэцыяй. Грузіны прайшлі вялікі шлях за апошнія гады ў сусветным футболе. Цяпер галоўнай задачай будзе выйсці з групавога этапу, але, па шчырасці, для грузінскіх заўзятараў ужо радасць аказацца ў эліце еўрапейскага футбола.

Гулец, за якім абавязкова трэба сачыць на гэтым чэмпіянаце ў складзе грузінскай зборнай, — Хвіча Кварацхелія. Футбаліст гуляе ў «Напалі» і ўзначальвае новае пакаленне зорак у грузінскай нацыянальнай камандзе.

Данія

На Еўра-2020 датчане дайшлі да паўфіналу, але ці змогуць яны паўтарыць такі поспех у гэтым годзе — малаверагодна. Галоўны трэнер Каспер Х’юльманд шмат эксперыментаваў са схемамі гульні і выкарыстаў тры дзясяткі футбалістаў падчас кваліфікацыі, але адборачны этап падсвяціў тыя праблемы, якія могуць адгукнуцца з новай сілай падчас чэмпіянату.

Абаронцы Сайман К’ер і Андрэас Крыстэнсэн атрымалі траўмы, але ёсць і добрыя навіны: у Х’юльманда вельмі яркая і маладая атака з патэнцыялам. Расмус Хёйлунд забіў сем галоў у кваліфікацыі, а Ёнас Вінд стаў найлепшым у адборачным этапе. У каманды адна мэта — выйсці з групы.

Крысціян Эрыксен згуляе ў складзе «нацыяналкі»: вы можаце пра яго ведаць як пра футбаліста, у якога спынілася сэрца на мінулым Еўра.

Іспанія

Іспанцы едуць на Еўра-2024 з добрай асноўнай камандай і ў ліку фаварытаў. Галоўны трэнер іспанскай «нацыяналкі» — Луіс дэ ла Фуэнтэ. Хоць іспанскую Федэрацыю футбола апошнім часам штарміць (прэзідэнт Луіс Рубіялес пацалаваў футбалістку пасля фіналу чэмпіянату свету сярод жанчын і цяпер з’яўляецца ўдзельнікам некалькіх судовых спраў), де ла Фуэнтэ захоўвае спакой.

Лідар каманды — Родры, якога галоўны трэнер выкарыстоўвае ў паўабароне. На чэмпіянаце выступіць Ламін Ямаль, якому споўніцца 17 гадоў толькі за дзень да фіналу Еўра. Капітанам каманды застаецца Альвара Марата, хоць яго паспелі зненавідзець нават уласныя фанаты.

Італія

За тры гады з апошняга чэмпіянату Еўропы ў італьянскай зборнай шмат чаго змянілася. Галоўнае — трэнер: ім стаў Лучана Спалеці. Спалеці не баіцца прымаць непапулярныя рашэнні, ён нават забараніў футбалістам падчас кэмпаў гуляць у відэагульні. Італьянцы пачынаюць «Еўра» ў адной з самых складаных груп турніру.

Іконай каманды, вядома, з’яўляецца Джанлуіджы Данарума. Данаруму прызначылі капітанам зборнай у адсутнасць Імабіле і К’еліні, які скончыў кар’еру. Давідэ Фратэзі можа стаць адным з самых зорных футбалістаў у Італіі, але пакуль ён надта малады, каб займець гэты статус. Кароль нечаканасці і чалавек, якога ненавідзяць не менш, чым «Ryanair» — Джанлука Манчыні — таксама будзе ў «скуадры адзуры».

Нідэрланды

У Нідэрландаў перад «Еўра» ёсць сур’ёзныя праблемы. У галоўнага трэнера Рональда Кумана іх усяго тры, усе яны звязаныя з траўмамі. Дэ Ёнг, Дэпай і Вірджыл ван Дэйк усё роўна паедуць на чэмпіянат — у футбольнай форме ці без яе. Куман разлічвае, што калі яны не будуць даступнымі на першых матчах турніру, то змогуць далучыцца да каманды падчас чэмпіянату.

Кваліфікацыйны этап для Нідэрландаў прайшоў таксама не вельмі ўдала і не без драмы. Частка гульцоў захварэлі перад матчам з Францыяй — і іх адправілі ўначы дадому. Але пазней высветлілася, што гэта не вірус, а проста нясвежая курыца кары на вячэры.

Самы цікавы гулец у нідэрландскай зборнай — Тыджані Рэйндэрс. За ім будуць назіраць і нідэрландскія заўзятары, і сапернікі. Ідэальнай лініяй для каманды Кумана была б Бэйлоў — ван Дэйк — дэ Ёнг — Дэпай, аднак наўрад ці чацвёрка гульцоў зможа з’явіцца ў такім складзе ў групавой стадыі.

Партугалія

Яшчэ адзін з фаварытаў турніру — Партугалія. Каманда перамагла ва ўсіх матчах адборачнага этапу, акрамя паражэння ад славенцаў. Безумоўна, партугальцы застаюцца і з паразай ад Славеніі аднымі з галоўных прэтэндэнтаў на чэмпіёнскі тытул.

Ужо вядома, што Крышціяну Раналду згуляе за партугальскую зборную на Еўра-2024. Аднак ён будзе не адзінай зоркай у камандзе. Бернарда Сілва можа аб’яднаць сілы ў атацы, каб павесці каманду за сабой. А зборную ўзначальвае Раберта Марцінес, які да гэтага працаваў з бельгійскай «нацыяналкай».

Польшча

Польшча забяспечыла выхад на гэты чэмпіянат у самых драматычных абставінах, якія толькі маглі быць: палякі перамаглі ў серыі пенальці Уэльс. Аднак чаканні ад каманды з Робертам Левандоўскім не такія вялікія. Выступ Левандоўскага будзе ключавым для ўсёй каманды, калі яна хоча чаго-небудзь дасягнуць на Еўра-2024.

Галоўны трэнер Міхал Прабеж уліўся ў каманду пасля звальнення партугальскага спецыяліста Фернанда Сантуша. Прабеж давёў каманду да чэмпіянату, але трэнеру не хапае досведу па-за межамі Польшчы — за выключэннем некалькіх месяцаў трэнерскай кар’еры ў Грэцыі больш за дзесяць гадоў таму.

Румынія

Ніхто не чакаў, а Румынія ўжо стала вядомая сваімі поспехамі ў сусветным футболе. У румынскай зборнай растуць і квітнеюць таленавітыя і маладыя гульцы. Румынцы няшмат забіваюць, таму ўсе гульні з іх удзелам будуць напружанымі.

Самым цікавым з іх будзе Джорджэ Пушкаш. Пушкаш не хапае зорак з неба, ён гуляў за «Рэдынг» і стаў галоўнай зоркай у румынскім футболе пасля Нікалае Станчу.

Сербія

Сербскія футбалісты едуць на Еўра-2024 без асаблівых чаканняў. Пасля перамогі над Партугаліяй у Лісабоне адборачны турнір прайшоў са знакам мінус. Галоўнага трэнера Драгана Стойкавіча мала хвалюе тактыка, ён любіць, калі каманда ззяе ў атацы. У сербскай каманды шмат праблем, але галоўная — з псіхалогіяй. Стойкавіча крытыкаваў нават экс-зорка «Манчэсцера» Неманья Відзіч за надта высокі заробак.

Душан Тадзіч — зорка гэтай каманды, які дамогся таго, каб стаць лідарам «нацыяналкі». Яму будзе дапамагаць Лазар Самарджыч, які нарадзіўся ў Берліне і адмовіўся гуляць за нямецкую зборную. У распараджэнні Стойкавіча будуць галкіпер Мілінкавіч-Савіч, пачынальнік атак абаронца Страхіня Паўлавіч і машына для галоў Аляксандр Мітравіч.

Славакія

Адна з пастаянных удзельніц футбольных турніраў апошнім часам — гэта Славакія. Хоць славакі асабліва нічым на іх не запамінаюцца, яны будуць імкнуцца паказаць добрую гульню. У адборачным этапе славакі перамаглі ў сямі матчах і толькі двойчы саступілі партугальцам.

Каманда пад кіраўніцтвам Франчэска Кальцоны ўключае ў сябе дасведчаных гульцоў: Мілан Шкрыньяр, Станіслаў Лаботка, Марцін Дубраўка, Марэк Гамшык. Самым цікавым гульцом у гэтай кампаніі выглядае Шкрыньяр, які ў 29 гадоў ужо стаў капітанам.

Славенія

Славенія будзе ўдзельнічаць у «Еўра» другі раз у гісторыі. Першы быў у далёкім 2000 годзе. Славенцы пачнуць групавы этап матчамі з англічанамі, датчанамі і сербамі. Хутчэй за ўсё, яны зоймуць апошняе месца ў групе. Аднак галоўны трэнер Мат’яж Кек лічыць, што канкурэнты яго зборнай робяць памылку, што недаацэньваюць славенскую «нацыяналку». У групавым этапе нас чакае адразу матч-рэванш: Славенія будзе помсціць за Еўра-2000, калі яшчэ Югаславія адыгралася з 0:3 і скончыла гульню ўнічыю.

Чалавек-легенда для славенскага футбола — Ян Облак — будзе гуляць у браме. Облак дамогся значных поспехаў у прафесійнай кар’еры, ужо дзесяць гадоў ён выступае за «Атлетыка Мадрыд», але значных поспехаў у шэрагах нацыянальнай зборнай у яго пакуль не было. Наступны гулец, на якога кладуцца спадзяванні славенцаў, — 21-гадовы Беньямін Шэшка. Шмат чаканняў і ад Беньяміна Вербіча, які апошнім часам мільгаў у навінавых стужках не як футбаліст, а як нядаўна разведзеная зорка, якая несур’ёзна ставіцца да бацькоўскіх абавязкаў.

Турцыя

Каманда туркаў будзе не самай моцнай на гэтым турніры, але сачыць за зборнай усё-ткі трэба. Напрыклад, за Хаканам Чалханоглу — капітанам каманды; футбалістам, які нарадзіўся ў Германіі, але вырашыў выступаць за Турцыю. Чалханоглу пачынаў з атакуючага паўабаронцы, але з часам пачаў гуляць глыбей, таму яго досвед будзе мець вырашальнае значэнне для каманды.

Зборнай кіруе Вінцэнца Мантэла, які да «нацыяналкі» правёў два гады з «Адана Дэмірспор».

Украіна

Украінцы змаглі прабіцца на Еўра-2024, нават нягледзячы на працяглае ўварванне расійскіх войск. Каманда пад кіраўніцтвам Сяргея Раброва здолела кваліфікавацца ў цяжкіх матчах і забраніраваць месца на турніры.

Большасць футбольных зорак украінскай зборнай гуляюць па-за межамі краіны. Раман Ярэмчук гуляе за «Валенсію», Арцём Доўбік выступае за «Жырону», таксама ў чэмпіянаце дапамогуць гульцы з англійскай лігі — Віталь Нікаленка, Ілля Забарны, Аляксандр Зінчанка і Міхайла Мудрык.

Францыя

Францыя падыходзіць да турніру як адна з фаварытак. Эксперты лічаць, што мы пабачым французскую зборную, якую бачылі на чэмпіянаце свету ў 2022 годзе, але ўжо без Рафаэля Варана і Уга Льярыса. Французы без праблем прайшлі кваліфікацыйны этап. Галоўны трэнер Дзідзье Дэшам застаўся на пасадзе, нягледзячы на размовы, што яго могуць змяніць — а ён увогуле заключыў кантракт з федэрацыяй да 2026 года.

Найлепшы бамбардзір ПСЖ усіх часоў і капітан зборнай Кіліян Мбапэ, які нядаўна падпісаў кантракт з мадрыдскім «Рэалам», будзе спрабаваць прывесці нацыянальную каманду да першага чэмпіёнства ў новай ролі. А яшчэ на «Еўра» мы пабачым маладога вінгера Брэдлі Баркола — на яго Дэшам ускладае вялікія спадзевы. Яшчэ адным цікавым гульцом у французскай зборнай стане Бенджамін Павар. Брамнікам будзе Майк Мэньян — пасля таго, як сышоў Льярыс. Антуан Грызман працягвае быць адным з самых важных і ўплывовых членаў зборнай.

Харватыя

Харваты працягваюць будаваць зборную каля капітана Лукі Модрыча. Ён старэе, але гэта не перашкаджае крыху ссунуць маладых і перспектыўных, каб Модрыч апошні раз вывеў харватаў бліжэй да чэмпіёнскага тытула.

Для галоўнага трэнера Златкі Даліча, верагодней за ўсё, гэта будзе апошні турнір. Модрычу ўжо амаль 40 гадоў, і гэта ўжо завяршальны этап для кар’еры харвацкай суперзоркі. У Даліча набралася ветэранская каманда, і ёсць толькі некалькі гульцоў, для якіх турнір можа стаць прарыўным — Лука Сучыч і Марцін Батурына.

Модрыча і Ёшка Гвардыёлу падзяляе 16 гадоў, але толькі яны ў зборнай з’яўляюцца гульцамі сусветнага ўзроўню. Ахоўваць браму будзе Дамінік Ліваковіч, які рабіць цуды на апошнім чэмпіянаце свету ў Катары.

Чэхія

Для чэшскай зборнай гэта будзе восьмы чэмпіянат Еўропы запар, але амаль увесь гэты час чэшская «нацыяналка» не атрымлівала той увагі, якую яна заслугоўвае. У апошніх дзесяці матчах чэхі прайгралі толькі адзін раз! А група на «Еўра» ў іх — з Партугаліяй, Грузіяй і Турцыяй.

Самы цікавы гулец у чэшскай зборнай цяпер — гэта Патрык Шык. Апошнімі месяцамі Шык змагаўся з траўмамі, але змог стаць найлепшым бамбардзірам і ў сваёй зборнай, і ў клубным чэмпіянаце Германіі. Дарэчы, Шык выступае за той самы непераможны «Баер».

Чэшскай зборнай кіруе дасведчаны 60-гадовы Іван Гашэк. Гашэк і раней кіраваў нацыянальнай камандай Чэхіі ў 2009 годзе, а ў гэтую каманду прыйшоў толькі ў студзені пасля адстаўкі Яраслава Шылгавы.

Шатландыя

Шатландыя рэдка гуляе ярка, але робіць гэта па адпрацаванай схеме. Трэнер Стыў Кларк змяніў настрой вакол каманды, што моцна адрозніла яго ад папярэднікаў. Кларк шмат працаваў у брытанскім футболе, а яго талент адзначаў нават Жазэ Маўрынью.

Галоўнай зоркай каманды з’яўляецца Джон МакГін. На яго талент спадзяюцца і ў яго вераць як у лідара каманды. Білі Гілмар едзе на Еўра-2024, каб даказаць усім, што ён выдатны футбаліст і можа гуляць на элітным узроўні. Яшчэ адным тузам у калодзе Стыва Кларка будзе Скот Мактамінэй, які ўжо мноства разоў даказаў сваімі важнымі галамі, што з’яўляецца зоркай «нацыяналкі».

Швейцарыя

Цяперашняя каманда стала самай паспяховай у футбольнай гісторыі краіны — пакаленне юнакоў, якое пятнаццаць гадоў таму перамагло на чэмпіянаце свету і цяпер перабралася ў буйныя дарослыя турніры. На паперы швейцарцы пачынаюць Еўра-2024 у самай слабай групе, і іх мінімальнай задачай будзе выхад з гэтай групы.

Галоўная праблема швейцарцаў ляжыць у атацы. У камандзе няма моцных гульцоў, якія могуць нападаць. Аднак галоўны трэнер Мурат Якін лічыцца выбітным экспертам па тактыцы, а яго моц палягае ў арганізацыі абароны.

Галоўная зорка каманды — Граніт Джака. Шмат хто палічыў яго пераход з «Арсенала» ў «Леверкузен» памылкай, але нямецкая каманда выйграла тытул і стала першай непераможнай камандай у Бундэслізе, а сам Джака быў лідарам каманды. Самы папулярны швейцарскі футбаліст Джардан Шакіры ўжо шмат гадоў радуе заўзятараў, але для яго гэта можа быць апошні турнір з нацыянальнай зборнай. Найбольш верагоднай заменай для траўмаванага Эмбалы наперадзе атакі можа стаць Зекі Амдуні.

Расклад турніру і групавы этап можна паглядзець тут.