У цыганскім пасёлку Магілёва пахавалі жанчыну, якая памерла пасля міліцэйскіх рэйдаў

У магілёўскім пасёлку Грабянёва пахавалі 67-гадовую Лідзію Юрчанку, якая памерла праз тры дні пасля ўварвання ў яе хату ўзброеных амапаўцаў, піша Свабода.

cygane_1.jpg


У хворай на анкалогію жанчыны адарваўся тромб, гэта стала прычынай смерці. Сваякі настойваюць, што нябожчыца не здолела перажыць стрэс.
Амапаўцы ўварваліся ў хату Лідзіі Юрчанкі позна ўвечары 16 траўня. Акрамя гаспадыні і чатырох непаўналетніх унукаў, у доме нікога не было. Жанчына, як магла, бараніла дзяцей. Прасіла міліцыянтаў не палохаць іх. Як расказвае старэйшая ўнучка, на гэта жанчыне загадалі «закрыць рот». Калі ж 13-гадовы ўнук паспрабаваў супакоіць бабулю, да галавы яму амаппавец прыставіў зброю. У кабеты падскочыў ціск. Яго збілі таблеткамі, калі міліцыянты сышлі.
Паводле сваякоў, два дні пасля ўварвання міліцыянтаў жанчына скардзілася на болі ў сэрцы, а 20 траўня памерла, седзячы на канапе. Пра тое, што прычынай смерці стала адарванне тромба, яе родзічы кажуць са словаў медыкаў, якія канстатавалі смерць.
Паводле іх, лекар хуткай дапамогі запэўніў, што тромб адарваўся праз стрэс. У пасведчанні аб смерці яе прычына пазначаная кодам 125.1А — гэта атэрасклератычная хвароба сэрца.
Дачка нябожчыцы кажа, што баіцца пакідаць у Беларусі сваіх дзяцей, бо няма гарантыяў іхнай бяспекі. Ці наважыцца вывезці іх за мяжу, пакуль не ведае. Паводле яе, падзеі 16 траўня сведчаць пра тое, што цыганоў хочуць выгнаць з Беларусі.
Праводзіць нябожчыцу ў апошні шлях прыйшлі жыхары Магілёва, не толькі з цыганскай супольнасці.

_______1.jpg