У Магілёве затрымалі цыганскага барона. МУС: падазраецца ў збыце наркотыкаў
Сёння міліцыя затрымала ў магілёўскім мікрараёне Чапаеўка 48-гадовага цыганскага барона па мянушцы Ромка. Мужчыну падазраюць у збыце наркотыкаў і невыкананні рашэння суда аб пазбаўленні права кіравання транспартнымі сродкамі, паведамляе МУС. Спецаперацыя праходзіла пры падтрымцы супрацоўнікаў ДАІ і АМАПу.
— Напярэдадні нам паступілі звесткі аб датычнасці падазраванага да сістэматычнага збыту метадону, іншых наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. А сёння стала вядома, што дылер паспеў прадаць зелле некалькім людзям і мае намер ажыццявіць яшчэ адну аналагічную здзелку, — распавялі ў ГУБАЗіК МУС.
Па словах прадстаўніка ГУБАЗіК, толькі за адзін дзень ён не менш за тры разы прадаў грамадзянам наркотыкі.
Перад затрыманнем на аўтадарозе мужчына, па дадзеных міліцыі, паспеў праглынуць пакецік, як мяркуецца, з наркотыкам. Пры аглядзе аўтамабіля аператыўнікі знайшлі невялікую ёмістасць з вадкасцю, якую накіравалі на экспертызу.
Па раней устаноўленых фактах збыту наркотыкаў узбуджаны крымінальныя справы па ч. 3 арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў) — барон знаходзіцца ў статусе падазраванага.
Міліцыя паведамляе, што «мужчына неаднаразова судзімы за пагрозу забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці, актыўна падтрымлівае так званых крымінальных аўтарытэтаў і іншых прадстаўнікоў крымінальнага свету. Вядзе антыграмадскі і крымінальны лад жыцця. Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага заробку, у прадстаўніка дыяспары ў наяўнасці дарагое жыллё і аўтамашына. Яго асноўнай крыніцай прыбытку з'яўляецца збыт наркотыкаў, легалізацыя крымінальных аўтамабіляў, вымагальніцтва і махлярства, здзяйсняныя ў Расіі».
Прадстаўнік ГУБАЗіК абяцае і надалей змагацца з незаконным абаротам наркотыкаў «незалежна ад нацыянальнасці злачынца».
Нагадаем, у ноч на мінулую пятніцу мужчын, жанчын, падлеткаў цыганскай нацыянальнасці, што жывуць у Чапаеўцы, масава павезлі ў РАУС, а затым змясцілі ў ІЧУ. Прычына — інфармацыя аб тым, што нібыта тут невядомыя запіхнулі ў машыну і павезлі і забілі супрацоўніка ДАІ. Потым Следчы камітэт заявіў пра суіцыд лейтэнанта, а цыганы сталі цікавіцца, за што ім «наладзілі генацыд», «дзе шукаць абарону» і «хто будзе прасіць прабачэння». Прадстаўнікі дыяспары з Магілёва напісалі ліст памочніку кіраўніка дзяржавы па рэгіёне з просьбай іх абараніць — яны баяліся наступстваў сваіх выступаў у СМІ.
На днях старшыня незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку законнасці затрыманняў грамадзян цыганскай нацыянальнасці 16 траўня ў Магілёве.
Першы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Іван Падгурскі на пытанне, ці не лічыць ён, што МУС павінна папрасіць прабачэння перад цыганамі, якіх масава затрымлівалі ў Магілёве, адказаў: «Можа быць, і трэба. Не ведаю, ці будзем».
Што адбылося
Паведамленне аб тым, што ў Магілёве выкрадзены супрацоўнік міліцыі, з'явілася ўвечары 16 траўня. Увесь асабісты склад міліцыі Магілёўскай вобласці паднялі па трывозе, на дарогах усёй краіны выставілі блокпосты. Шукалі чорную «Волгу» з расійскім рэгістрацыйным нумарам.
Аднак праз некалькі гадзін цела лейтэнанта знайшлі ў пары кіламетраў ад Магілёва ў лесе з агнястрэльным раненнем у галаву. 18 траўня Яўгена Патаповіча пахавалі. 20 траўня СК выступіў з афіцыйнай заявай па справе аб гібелі інспектара ДАІ ў Магілёве. Асноўная версія — суіцыд. Версія аб выкраданні невядомымі на чорнай «Волзе» не пацвердзілася.
Каля цела Патаповіча знойдзены табельны пісталет міліцыянта. З яго ён стрэліў сабе ў галаву, паведамілі ў СК. Яго рукі сапраўды былі закутыя ў кайданкі, аднак следства прыйшло да высновы, што ён мог зрабіць гэта сам, таксама палажэнне рук дазваляла самастойна зрабіць стрэл у галаву.
Ніякіх слядоў барацьбы ці гвалту, акрамя агнястрэльнага ранення, на целе Патаповіча не выяўлена. На правай руцэ лейтэнанта засталася кроў.
Устаноўлена, што ў красавіку гэтага года Патаповіч ужо здзяйсняў спробу суіцыду. Следчыя даведаліся, што 1 красавіка ён нарыхтаваў паведамленні аб суіцыдальных намерах сябрам і калегам — і частку з іх нават разаслаў.
Увага!
Следства зараз шукае кіроўцу аўтамабіля, які дапамог Патаповічу дабрацца да месца, дзе пазней было знойдзена яго цела. Калі вам нешта вядома — патэлефануйце 102.
Пры чым тут цыганы
Паводле першапачатковай версіі, супрацоўніка ДАІ ў чорную «Волгу» заштурхалі трое невядомых асобаў цыганскай або каўказскай знешнасці ў мікрараёне Чапаеўка і вывезлі ў невядомым кірунку.
Таму у ноч на 17 траўня ў мікрараёне міліцыя «шманала» дамы прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасці, якіх тут нямала. На допыты вывозілі ўсіх: падлеткаў, жанчын, мужчын, — распавядалі TUT.BY мясцовыя жыхары. Апошніх пакінулі ў РАУС і ІЧУ мінімум на суткі, жанчын адпусцілі ў 4 гадзіны раніцы.
Нагадаем, 20 траўня ў СК заявілі: «У якасці падазраваных прадстаўнікі этнічнай меншасці не затрымліваліся ... Міліцыя адпрацоўвала ў рамках адной з версій».