Арганізатары Дня Волі папросяць Канстытуцыйны суд праверыць законнасць аплаты паслуг міліцыі

Арганізатары святкавання Дня Волі 24 сакавіка ў сталічным Кіеўскім скверы ініцыююць зварот у Канстытуцыйны суд з просьбай праверыць на адпаведнасць Асноўнаму закону краіны пастанову Савета міністраў № 49, якая ўвяла аплату паслуг міліцыі за забеспячэнне парадку падчас масавых мерапрыемстваў, паведаміла на прэс-канферэнцыі 23 траўня ў Мінску сустаршыня аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова. Пра гэта паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на БелаПАН.

Дзень Волі ў Кіеўскім скверы, фота Радыё Свабода

Дзень Волі ў Кіеўскім скверы, фота Радыё Свабода

Паводле яе слоў, падрыхтаваны адпаведны зварот у Палату прадстаўнікоў і Савет міністраў, якія маюць права ўносіць прапановы ў Канстытуцыйны суд. У КС таксама будзе накіраваны зварот «аб распачынанні вытворчасці аб выключэнні прагалаў і ліквідацыі прававой няпэўнасці ў дачыненні да гэтай пастановы».
«Пастанова № 49 фактычна пазбаўляе права на свабоду сходаў. Каб ліквідаваць няпэўнасць, Канстытуцыйны суд можа вынесці сваё рашэнне і даручыць Саўміну ўнесці змены ў закон аб масавых мерапрыемствах і даць азначэнне, што такое камерцыйнае і некамерцыйнае масавае мерапрыемства. Мы як грамадзяне павінны мець права на свабоду сходаў і не павінны за гэта плаціць, калі не маем з гэтага прыбытак», — сказала Кавалькова.
Акрамя таго, арганізатары Дня Волі ў Кіеўскім скверы падрыхтавалі іск па іх дамове з ГУУС Мінгарвыканкама і плануюць падаць яго найбліжэйшым часам. У выпадку адмовы яны маюць намер звярнуцца са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека.
Паводле слоў сустаршыні аргкамітэта БХД Віталя Рымашэўскага, 6 375 рублёў, якія патрабуе міліцыя, ужо сабраныя. Але арганізатары Дня Волі маюць намер іх выплаціць толькі пасля таго, як будуць пройдзеныя ўсе магчымыя юрыдычныя працэдуры па адмене пастановы № 49. Пры гэтым за нявыплату налічваецца пеня — прыблізна 400 рублёў на месяц.
«Мы свядома ідзем на павелічэнне расходаў, таму што рашэнне суда неабходнае для падавання скаргі ў камітэт ААН. Мы вядзем перапіску з міліцыяй, і ўжо ёсць поўны пакет дакументаў, і будзем падаваць у суд, каб разарваць дамовы. Спадзяемся, што ўжо ў наступным месяцы суд адбудзецца і будзе пастаўленая кропка. Пакуль да рашэння суда аплаты не будзе», — сказаў Рымашэўскі.
Кіраўнік руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч выступіў са справаздачай пра тое, як былі выдаткававаныя арганізатарамі грошы, сабраныя на святкаванне Дня Волі. Паводле яго слоў, без уліку паслуг па ахове міліцыі агульная сума выдаткаў склала прыблізна 500 рублёў. З іх выступленні музыкантаў абышліся ў 4,9 тыс. рублёў, сцэна і гук — у 1,9 тыс., інфармацыйная прадукцыя — у 400 рублёў, «хуткая» дапамога — у 240 рублёў. З дапамогай краўдфандынгу і на самім канцэрце ўдалося сабраць 3.336 рублёў, астатнія выдаткі былі пакрытыя за кошт арганізацый — заяўнікаў мерапрыемства.
Арганізатары Дня Волі 2 красавіка падалі ў ГУУС Мінгарвыканкама прэтэнзію аб неналежным выкананні абавязкаў супрацоўнікамі міліцыі на канцэрце ў Кіеўскім скверы 24 сакавіка. Абгрунтаваннем указалі затрыманне Змітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага на ахоўнай пляцоўцы, а таксама адмову ў даванні кантактаў з кіраўніцтвам міліцыі.
29 красавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў старшыню руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, сустаршыню БХД Вольгу Кавалькову на 30 базавых велічыняў (765 рублёў) кожнага. У дачыненні да іх былі складзеныя пратаколы на падставе ч. 2 арт. 23.34 КаАП за неаплату на працягу 10 дзён паслуг міліцыі па «ахове грамадскага парадку» на святкаванні Дня Волі 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы. Згодна з палажэннем аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, зацверджаным урадам у студзені, урэгуляванне рознагалоссяў паміж арганізатарам масавага мерапрыемства і органамі ўнутраных спраў «ажыццяўляецца ў адпаведнасці з умовамі заключаных дагавораў шляхам правядзення перамоў або ў судовым парадку».