Беларусь трапіла ў зону вельмі высокай рызыкі катаванняў. Хронікі рэпрэсій 30 чэрвеня
Беларусь аднеслі да краін з вельмі высокай рызыкай катаванняў, праваабаронцы прызналі яшчэ 12 чалавек палітвязнямі, а ўлады працягваюць канфіскацыю маёмасці і адвольныя затрыманні. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за 30 чэрвеня.

Беларусь увайшла ў зону вельмі высокай рызыкі катаванняў
Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) сумесна з больш чым 200 мясцовымі арганізацыямі сеткі SOS-Torture Network распрацавала Глабальны індэкс катаванняў — інструмент для штогадовай ацэнкі рызыкі катаванняў і жорсткага абыходжання ў розных краінах.
Індэкс быў запушчаны падчас Глабальнага тыдня барацьбы з катаваннямі ў чэрвені 2025 года. У версіі за 2026 год ён ахоплівае 39 краін у пяці рэгіёнах свету, а ў будучыні арганізатары плануюць пашырыць даследаванне.
У Глабальным індэксе катаванняў 2026 года Беларусь аднесеная да краін з вельмі высокай рызыкай катаванняў.
У Беларусі +12 новых палітвязняў
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек: Дзмітрыя Вялава, Андрэя Сяргеева, Алега Стэфановіча, Лідзію Атаманюк, Віктара Нікіфарава, Мікалая Ланевіча, Андрэя Латышэвіча, Варвару Латышэвіч, Мікалая Пашкова, Ігара Сутырку, Таццяну Корсакаву і Дзмітрыя Корсакава.
Дзмітрыя Вялава асудзілі паводле артыкулаў аб садзейнічанні «экстрэмісцкаму фармаванню», распальванні варожасці і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку — да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Таксама вядома пра асуджэнне Андрэя Сяргеева паводле артыкулаў аб удзеле ў абароне Украіны і «садзейнічанні экстрэмісцкаму фармаванню», а Алега Стэфановіча — паводле артыкулаў аб ухіленні ад выплаты падаткаў і стварэнні або ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні».
Паводле праваабаронцаў, Лідзію Атаманюк, Віктара Нікіфарава, Мікалая Ланевіча, Андрэя і Варвару Латышэвічаў, а таксама Мікалая Пашкова ўтрымліваюць пад вартай ў межах палітычна матываванага пераследу, звязанага з праваабарончай дзейнасцю па абароне правоў дзяцей, закранутых узброеным канфліктам.
Ігара Сутырку ўтрымліваюць пад вартай паводле абвінавачання ў «здрадзе дзяржаве».
Таццяну Корсакаву і Дзмітрыя Корсакава асудзілі паводле абвінавачанняў у «здрадзе дзяржаве», незаконным перамяшчэнні праз мяжу і незаконных дзеяннях са зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі. Яны атрымалі адпаведна 12 і 14 гадоў пазбаўлення волі.
Грамадзяніна Украіны ўжо амаль два месяцы ўтрымліваюць у гродзенскім ІЧУ без прад'яўлення абвінавачання
29-гадовага Багдана Герыша затрымалі 6 траўня пры выездзе з Беларусі ў Польшчу праз пункт пропуску ў Гродзенскай вобласці. Апошні раз родныя размаўлялі з ім 8 траўня. Тады ён паведаміў, што атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля гэтага сувязь з ім перапынілася.
Паводле інфармацыі сям'і, цяпер Багдан утрымліваецца ў Кастрычніцкім ІЧУ Гродна. Адвакатка пакуль не змагла атрымаць дазвол на сустрэчу з ім і высветліць, з чым звязана ягонае зняволенне.
Падчас затрымання ў яго канфіскавалі дзеючы італьянскі від на жыхарства. Партнёрка Багдана, якая цяпер знаходзіцца ў Польшчы, цяжарная.
Праваабаронцы адзначаюць, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны беларускія сілавікі рэгулярна затрымліваюць грамадзян Украіны, а некаторых месяцамі ўтрымліваюць без прад'яўлення абвінавачання.
У Гродне прадаюць аўтамабіль палітвязня Аркадзя Кайчурэнкі
Аўтамабіль Lada Vesta 2019 года, які належыць Аркадзю Кайчурэнку, выставілі на аўкцыён. Таргі прызначаныя на 7 ліпеня, паведамляе @nebovkletku.
Аркадзь вярнуўся ў Беларусь у 2024 годзе, каб памяняць пашпарт. Пасля гэтага яго абвінавацілі паводле артыкулаў аб распальванні варожасці, закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, абразе прадстаўніка ўлады і абразе Лукашэнкі.
13 кастрычніка 2025 года яму прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у памеры 500 базавых велічыняў, а таксама абавязалі выплаціць 5000 рублёў «кампенсацыі маральнай шкоды» на карысць Андрэя Швеца.
Арыштаваныя некалькі ўдзельнікаў музычнага рэйву пад Стоўбцамі
Некалькі чалавек былі затрыманыя падчас закрытага музычнага рэйву, які праходзіў непадалёк ад Стоўбцаў у ноч з 21 на 22 чэрвеня. Суды прызначылі ім ад 10 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляюць крыніцы «Белсату».
Паводле суразмоўцы выдання, мерапрыемства не мела палітычнага характару і сабрала музыкаў, мастакоў, дызайнераў і іншых прадстаўнікоў творчых прафесій.
Паводле крыніц «Белсату», пасля прыезду сілавікоў пачаліся затрыманні ўдзельнікаў. Сярод затрыманых былі музыкі, выканаўцы аўтарскіх песень, а таксама некалькі непаўналетніх. Пасля допытаў на ўсіх склалі адміністрацыйныя пратаколы, аднак паводле якіх артыкулаў — пакуль невядома.