ISW: Расія распрацоўвае юрыдычную аснову для мабілізацыі беларусаў у сваё войска

Згодна з дагаворам пра «Саюзную дзяржаву», расіяне і беларусы маюць тэарэтычна роўныя правы ў РБ і РФ. Крэмль хоча, каб «роўныя правы» азначалі і «роўныя абавязкі», у тым ліку па службе ў войску. А Украіна ў чарговы раз прапаноўвае Расіі мірныя перамовы. Ідуць 1585-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: GettyImages

Фота: GettyImages

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 256 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 чэрвеня.

Найбольшая колькасць штурмавых дзеянняў арміі РФ зафіксавана на Пакроўскім кірунку, дзе абаронцы Украіны спынілі 31 паблізу Новааляксандраўкі, Біліцкага, Радзінскага, Сяргееўкі, у кірунках Тарэцкага, Зацішак, Дарожнага, Мацяшава, Васіллеўкі, Грышына і іншых.

На Славянскім кірунку расіяне здзейснілі 29 штурмавых дзеянняў у раёнах Крывой Лукі, Рэзнікоўкі, Закітнага і Каленікаў.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы атакавалі 24 разы паблізу Рыбнага, Дабраполля, Гуляйпольскага, Святапятроўкі, у бок Стараўкраінкі, Уздвіжаўкі, Цвятковага і Чароўнага.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 18 атак у раёнах Іллінаўкі, Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне 14 разоў атакавалі ў раёнах Ставак, Дробышава, Ліману і Азёрнага.

Украінскія падраздзяленні на Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбілі 11 атак паблізу Старыцы, у кірунках Казачай Лапані, Радзькоўкі і Лімана.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 10 баявых сутыкненняў.

* * *

На тэрыторыі Украіны знаходзяцца 721 300 расійскіх ваенных, паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў інтэрв’ю The Times.

Сырскі адзначае, што хаця Украіна ўтрымлівае ініцыятыву ў дронавай кампаніі, яна адначасова пакутуе ад недахопу войска. Расія мае перавагу ў балістычных ракетах, артылерыйскіх запасах і людскіх рэсурсах.

«Мы не павінны недаацэньваць ворага. Расія мае велізарны патэнцыял перш за ўсё ў адносінах да яе сістэм узбраення», — кажа галоўкам.

Па словах Сырскага, дроны паралізавалі здольнасць абодвух бакоў праводзіць маштабныя наступальныя аперацыі. Любое назапашванне войскаў у межах 40 кіламетраў ад лініі фронту пры добрым надвор’і можна хутка ўбачыць з дапамогай разведвальных БПЛА і знішчыць. «Гэта выключае разгортванне бронетэхнікі, паколькі яна будзе знішчана задоўга да дасягнення лініі сутыкнення. Так што цяпер нашы салдаты, як і салдаты праціўніка, фактычна вымушаны прасоўвацца пешшу, як і падчас Першай сусветнай вайны», — расказаў Сырскі.

Галоўкам паведаміў, што страты РФ у першай палове 2026-га пераважылі набор у армію: з 1 студзеня УСУ забілі ці цяжка паранілі 183 500 расійскіх ваенных — гэта больш, чым, як лічыцца, прызвалі ў Расіі за гэты перыяд.

* * *

У ноч на 27 чэрвеня Расія атакавала Украіну 129 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у т.л. рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 113 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

У ноч на 27 чэрвеня расійскія ваенныя атакавалі аўтазаправачныя станцыі ў Запарожскай і Харкаўскай абласцях. У Запарожжы ў выніку ўдару загарэўся рэзервуар з газам і адміністрацыйны будынак. Таксама ў горадзе часткова разбураны жылы шматпавярховы дом. Выратавальнікі выцягнулі з-пад завалаў двух чалавек. Дзевяць чалавек атрымалі траўмы, з іх двое дзяцей.

У Харкаўскай вобласці пад абстрэлам аказаліся дзве АЗС у Саланіцаўскай аб’яднанай тэрытарыяльнай грамадзе Харкаўскага раёна.

Раніцай расійскі БПЛА паразіў фермерскае прадпрыемства ў Чарнігаўскай вобласці, пашкоджаны складскія і гаспадарчыя будынкі. У іншым сяле пашкоджаны свіран са збожжам і мясцовы магазін. У прыгранічнай зоне расіяне атакуюць FPV-дронамі, за мінулыя суткі зарэгістравана 47 абстрэлаў.

У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку атак беспілотнікамі і авіябомбамі адзін чалавек загінуў, двое атрымалі раненні. Пашкоджаны адміністрацыйны будынак, 3 шматкватэрныя і 11 прыватных дамоў.

У ноч на 27 чэрвеня зафіксаваны ракетны ўдар па расійскім Валгаградзе, у прыватнасці па ваенным заводзе. Верагодна, гаворка ідзе пра АТ «ФНВЦ "Тытан-Барыкады"». Гэта адзін з ключавых заводаў расійскага ВПК у Валгаградзе. Прадпрыемства вырабляе пускавыя ўстаноўкі, артылерыйскія сістэмы і кампаненты для ракетных комплексаў «Іскандэр-М», «Ярс» і «Топаль-М». З 2022 года знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі з-за вытворчасці ўзбраення для расійскай арміі.

* * * 

732197037_2082660872660485_1539731102308190293_n.jfif

* * *

Украіна заявіла аб гатоўнасці да магчымых сустрэч на ўзроўні лідараў і абмеркавання завяршэння вайны, аднак крок да гэтага павінна зрабіць і Расія, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце 26 чэрвеня.

«Украінскія воіны штодня даказваюць сілу ўкраінскай трапнасці. Дальнабойныя санкцыі Украіны, санкцыі сярэдняй далёкасці поўнасцю рэалізуюцца. Гэта нашы справядлівыя адказы Расіі за гэтую вайну — вайну, якую Расія пачала і якую павінна Расія закончыць», — адзначыў ён.

Зяленскі заявіў, што Расія павінна «забраць вайну з сабой з Украіны». «Украіна дала прапановы і ключавым партнёрам, і сябры Пуціна чулі ад нас, што сустрэча магчыма, і завяршэнне гэтай вайны магчыма. Трэба, каб Расія зрабіла гэты крок да міру», — падкрэсліў Зяленскі.

* * *

Украіна і Расія правялі 76-ы абмен палоннымі — як казаў кіраўнік Офіса Зяленскага Кірыл Буданаў. Дадому вярнуліся 160 украінцаў — ваеннаслужачыя, якія знаходзіліся ў палоне з 2022 года. Сярод вызваленых — 115 абаронцаў Марыупаля. Акрамя салдат і сяржантаў, дадому ўдалося вярнуць 58 афіцэраў.

Самаму малодшаму вызваленаму абаронцу споўнілася 26 гадоў. Самаму старэйшаму — 66.

«Усе вызваленыя пройдуць медыцынскі агляд, атрымаюць неабходнае лячэнне, грашовыя выплаты, дакументы, адправяцца на рэабілітацыю для вяртання ў грамадства пасля доўгай ізаляцыі ў расійскім палоне», — гаворыцца ў паведамленні.

Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Украіны выказаў падзяку ЗША і ААЭ за важнае пасрэдніцтва і садзейнічанне ў арганізацыі абмену.

* * *

Расія распрацоўвае юрыдычную аснову, каб прыцягнуць грамадзян Беларусі да сваіх узброеных сіл, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

ISW прагназуе, што Расія можа паспрабаваць завербаваць беларусаў у сваю армію з-за прававой канструкцыі Саюзнай дзяржавы. Згодна з дагаворам аб яе стварэнні, расіяне і беларусы маюць адзіны статус грамадзянства і тэарэтычна роўныя правы.

Крэмль можа пайсці далей і сцвярджаць, што роўныя правы азначаюць і роўныя абавязкі. То-бок, служба ва ўзброеных сілах Расіі стане абавязковай і для беларусаў, адзначаюць эксперты ISW.

Аналітыкі ISW папярэджваюць: расійскія чыноўнікі могуць настойваць на тым, каб беларусы служылі альбо ў расійскай арміі, альбо ў падкантрольных Маскве фарміраваннях Саюзнай дзяржавы. Пры гэтым прававой падставай стане менавіта адзінае заканадаўства Саюзнай дзяржавы — без якіх-небудзь асобных дамоўленасцяў з Мінскам.

«Магчыма, у будучыні расійскія ўлады запатрабуюць ад грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, фактычна анексаванай Расіяй, служыць у расійскіх узброеных сілах ці ў вайсковых фарміраваннях Саюзнай дзяржавы, якія знаходзяцца пад кантролем Расіі, у адпаведнасці з заканадаўствам Саюзнай дзяржавы», — адзначаюць у ISW.

Фактычна гэта азначае, што Беларусь можа ператварыцца ў дэ-факта анексаваную тэрыторыю, адкуль Расія будзе чэрпаць чалавечы рэсурс для вайны.

* * *

Міністэрства абароны ЗША не выкарыстала своечасова 910 мільёнаў долараў, нададзеных на ваенную дапамогу Украіне, гаворыцца ў справаздачы аўдытараў Operation Atlantic Resolve.

Згодна з апублікаванай справаздачай за першы квартал 2026 года, паказаная сума ў 910 мільёнаў долараў больш недаступная для заключэння новых кантрактаў з амерыканскімі вытворцамі зброі, паколькі скончыўся тэрмін для ўзяцця новых фінансавых абавязацельстваў.

У той жа час правілы Пентагона прадугледжваюць, што пратэрмінаваныя асігнаванні не азначаюць аўтаматычнага «згарання» грошай. Гэтыя сродкі хаця і закрыты для новых здзелак, аднак на працягу наступных пяці гадоў могуць прыцягвацца для пакрыцця дадатковых выдаткаў па ўжо падпісаных раней кантрактах.

Нагадаем, Ініцыятыва садзейнічання бяспецы Украіны (USAI) была створана Кангрэсам ЗША ў 2014 годзе для падтрымкі абароназдольнасці Украіны пасля анексіі Крыма. У адрозненне ад праграмы Drawdown (выманне зброі непасрэдна са складоў арміі ЗША), USAI прадугледжвае заказы новага ўзбраення, тэхнікі і боепрыпасаў у амерыканскіх абаронных прадпрыемстваў.

З лютага 2022 года Кангрэс ЗША надаў па праграме Ініцыятывы садзейнічання бяспецы Украіны (USAI) 33,51 мільярда долараў.