ДПСУ: Назапашвання ваенных падраздзяленняў у Беларусі ля межаў з Украінай не назіраецца
Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны палкоўнік Андрэй Дземчанка паведаміў, што назапашвання ваенных падраздзяленняў у Беларусі ля межаў з Украінай не назіраецца. Але адзначаецца нарошчванне ваенных інфраструктурных аб’ектаў у глыбіні тэрыторыі РБ. Але ці будуць гэтыя аб'екты забяспечаныя салдатамі — вялікае пытанне. Ідуць 1584-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 257 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў зводцы 26 чэрвеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 штурм расіян ў раёнах Новааляксандраўкі, Радзінскага, Васіллеўкі, Грышына, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 27 атак у раёне Дабраполля і ў бок Уздвіжаўкі, Горкага, Раздзянкі, Роўнага, Стараўкраінкі, Гуляйпольскага, Чароўнага.
На Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках расіяне штурмавалі па 23 разы на кожным.
На Ліманскім кірунку армія РФ 17 разоў спрабавала ўклініцца ў абарону Украіны, атакуючы ў раёнах Зарэчнага, Ямпалю і ў бок Шыйкаўкі, Дробышава, Ліману, Азёрнага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы восем разоў атакавалі пазіцыі УСУ.
* * *
У ноч на 26 чэрвеня Расія атакавала Украіну 7 балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» (па Кіеўшчыне і Палтаўшчыне) і 189 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у т.л. рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 177 мэт — 3 балістычныя ракеты «Іскандэр-М» і 174 БпЛА на поўначы, поўдні, цэнтры і ўсходзе краіны.
26 чэрвеня армія РФ нанесла ўдар па Запарожжы, у выніку атакі раненні атрымалі 7 чалавек. Паветраная трывога ў рэгіёне працягваецца.
У выніку расійскага авіяўдару па Херсоне пашкоджаны аб’екты энергетычнай інфраструктуры горада. Часова без электразабеспячэння застаўся Цэнтральны раён.
Расіяне ў ноч на 26 чэрвеня атакавалі Адэскую вобласць. Пад ударам аказалася энергетыка, у выніку чаго ўзніклі праблемы са святлом.
Расія ў ноч на 26 чэрвеня атакавала Крэменчуг дронамі і балістыкай па прамысловасці, у горадзе часткова не было святла. Інфармацыі аб пацярпелых не было.
У ноч на 26 чэрвеня беспілотнікі атакавалі некаторыя рэгіёны Расіі. Дроны збівалі ў Маскве і вобласці. Таксама пад масіраваным ударам аказаўся хімзавод «Азот» у Тульскай вобласці.
Ноччу 26 чэрвеня беспілотнікі СБУ нанеслі ўдары па двух расійскіх караблях ваеннага забеспячэння і па сродках СПА ў Керчы ў рамках 40-дзённай аперацыі ў Крыме, якую напярэдадні зацвердзіў прэзідэнт Украіны.
Расійскія ўлады перакрывалі рух па Керчанскім мосце з 23:51 25 чэрвеня да 6:14 26 чэрвеня; на раніцу ў чарзе на надгляд з абодвух бакоў пераправы стаялі 2500 машын.
У часова акупаваных Крыме і Севастопалі абвешчаны рэжым «надзвычайнай сітуацыі рэгіянальнага характару», заявіў кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў раніцай 26 чэрвеня.
* * *
* * *
Расія плануе стварыць новыя ваенныя падраздзяленні ў 2026 годзе, аднак іх поўнае ўкамплектаванне застаецца пад пытаннем, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі ISW лічаць, што расійскае ваеннае камандаванне працягвае ствараць новыя фарміраванні ў асноўным намінальна. Па іх ацэнцы, незразумела, ці зможа Расія забяспечыць іх асабовым складам у адпаведнасці з устаноўленымі нормамі.
Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны генерал Аляксандр Сырскі 25 чэрвеня заявіў, што расійскае камандаванне «скарэктавала планы» і мае намер сфармаваць нявызначаную колькасць новых дывізій і пяць новых брыгад у 2026 годзе. У той жа час ISW адзначае, што пакуль невядома, ці ідзе гаворка аб стварэнні дадатковых падраздзяленняў ці пра працяг рэформ, пра якія РФ казала яшчэ ў канцы 2022 года.
У снежні 2022 года тагачасны міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў аб намеры стварыць 17 новых манеўраных дывізій. У прыватнасці, планавалася пашырыць пяць брыгад марской пяхоты да ўзроўню дывізій. Пазней расійскія ўлады паведамлялі, што рэалізаваць гэтыя планы збіраюцца на працягу 2023–2026 гадоў.
Па ацэнцы ISW, рэалізацыі гэтых планаў могуць перашкодзіць адразу некалькі фактараў: тактыка вядзення баявых дзеянняў, якая ў значнай ступені абапіраецца на пяхоту; праблемы з наборам ваенных; эканамічныя абмежаванні.
Менавіта таму, лічаць аналітыкі, Расіі будзе складана поўнасцю ўкамплектаваць новыя падраздзяленні пасля іх фармавання.
* * *
Нарошчванне ваенных інфраструктурных аб’ектаў пад уплывам Расіі назіраецца ў Беларусі ў глыбіні яе тэрыторыі, пры гэтым назапашвання ваенных падраздзяленняў ля межаў з Украінай не назіраецца, паведаміў у эфіры тэлемарафону спікер Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны палкоўнік Андрэй Дземчанка.
«У непасрэднай блізкасці ад нашай мяжы нарошчванне ўдарнай групоўкі ці, уласна, узмацненне вайсковых падраздзяленняў і тэхнікі, каб мы гэта фіксавалі, а таксама асабовага складу — на шчасце, гэтага не адбываецца. Але, як бачым, і па даных разведвальных падраздзяленняў, ціск на Беларусь з боку Расіі працягваецца, паколькі ў глыбіні гэтай краіны адбываецца нарошчванне розных ваенных інфраструктурных аб’ектаў — і палігонаў, і базаў, дзе можна размяшчаць асабовы склад», — сказаў ён.
«Таму наша задача — нарошчваць нашы абаронныя магчымасці і быць гатовымі да развіцця любых сітуацый», — дадаў Дземчанка.
* * *
Новы абмен палоннымі паміж Украінай і Расіяй можа адбыцца ў бліжэйшыя дні, паведаміў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў падчас зносін са студэнтамі Кіева-Магілянскай акадэміі.
У часе сустрэчы адна са студэнтак запытала кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны пра тое, ці існуюць для яго нейкія «чырвоныя лініі» ў пытаннях абмену. «Скажыце, калі ласка, а для вас каштоўнасць чалавечага жыцця існуе ці не?» — спытаў Буданаў. Студэнтка адказала, што чалавечае жыццё бясцэннае, і Буданаў працягнуў: «А калі яно бясцэннае, ці ёсць нешта, што можна ігнараваць?»
І ўжо пасля Кірыл Буданаў коратка анансаваў новы абмен палоннымі. «Дасць Бог, убачыце на днях абмен», — заявіў ён.