Асобная думка. Пакістанскі цугцванг

Другі тыдзень крышацца клавіятуры і падвойнымі тэмпамі разраджаюцца акумулятары гаджэтаў у чарговай віртуальнай бойцы. На гэты раз нагодай для прадбачання канца сусвету ў асобна ўзятай крайне стала навіна аб незлічоным натоўпе пакістанцаў, якія нібыта ўжо тут, альбо шпарка пакуюць валізы ды штодня аблізваюцца на беларускія дранікі і беларускіх дзяўчат. Ці варта хаваць бульбу (якой нават самім ужо мала), вучыць урду з дыялектамі ды запісваць у школу кунг-фу жонак і дачок?

Ілюстрацыйная выява. pixabay.com

Ілюстрацыйная выява. pixabay.com

Пасля чарговай сустрэчы на вышэйшым узроўні адзін з яе ўдзельнікаў (калі не ініцыятар) важна заявіў, што дамовіўся аб накіраванні ў Беларусь ні больш ні менш, а 150 тысячаў спецыялістаў з Пакістану. Якіх менавіта спецыялістаў, у якіх галінах гаспадаркі — не ўдакладняецца, але ж гэта і не істотна. Нам любыя спецыялісты не перашкодзяць, абы хутчэй і больш. Калі што, то і перавучым — не ўпершыню. Але ж нягледзячы на ўжо рэгулярныя заявы пра касмічнага маштабу праекты, гэта выклікала сапраўдны шторм у сацсетках. Гэта таксама не ўпершыню, але ж з зайздросным пастаянствам кожны раз напал запалу пераходзіць усе межы, і дыскусіі пераўтвараюцца ў сваркі з пераходам на асобы.

У чарговы раз прыгадалася народнае «за пусты мех б’юцца». Адкінем лірыку і пачнем з таго, што паміж Пакістанам і Беларуссю прамога авіязлучэння няма. Вось няма і ўсё! І каб гэта паправіць трэба немалы час і яшчэ больш немалыя грошы. Толькі праз гэта на бліжэйшы час пытанне аб масавай мэтавай міграцыі пакістанцаў у Беларусь можна лічыць знятым.

Але ж пойдзем далей і ўявім сабе, што нейкім магічным чынам авіязлучэнне ёсць. Самы распаўсюджаны пасажырскі самалёт «Boeing 737-800» эканом-класа мае 189 месцаў. Няхай сабе скруглім да 200. «Белавія» мае 8 ці 9 такіх машын. Нават калі ўявіць, што ўсе яны будуць выкарыстаны для тэрміновай перавозкі пакістанцаў у Беларусь, то каб перавезці 150 тысячаў пасажыраў, выконваючы 8 рэйсаў у дзень (больш фізічна не атрымаецца) у аўральным рэжыме, спатрэбіцца амаль 3 месяцы. А яшчэ ёсць іншыя рэгулярныя рэйсы, таму з выкарыстаннем 2-3 самалётаў толькі перавозка, нават штодзённая, запатрабуе каля 1 году. Гэта лічбы без уліку абслугоўвання тэхнікі, прапускной здольнасці аэрапорту і гэтак далей. Але ж не забываемся, што авіязлучэння няма і нават праца над гэтым пытаннем яшчэ не пачыналася.

Пойдзем далей. Хто вам сказаў, што пакістанцы ўвогуле мараць аб Беларусі? Тым больш, спецыялісты ў любой галіне гаспадаркі. Інжынеры, лекары, іншыя кваліфікаваныя кадры з веданнем замежнай мовы паедуць сюды на заробак у 500-700 даляраў? Вы б самі паехалі? Такія грошы яны атрымліваюць, нікуды не выязджаючы і не маючы клопатаў з пералётамі, жыллём і вывучэннем новай мовы, не кажучы ўжо аб зусім іншым ладзе жыцця. Гэта пацвярджаецца тым фактам, што пасля «лёсавызначальнага» запрашэння ў Пакістане чамусьці не стаяць чэргі ў беларускае пасольства і ніхто не палае жаданнем ляцець ва ўмоўную Оршу ці Талачын на дапамогу квітнеючай беларускай эканоміцы.

Дарэчы, калі б нават вось зараз з’явіліся жадаючыя, на квіток трэба не менш за 500 даляраў на асобу, а яшчэ ж трэба штосьці мець у кішэні па прыбыцці, бо запрашэнні запрашэннямі, а есці хочацца штодня і жыць трэба недзе. Гэта базавыя пытанні, якія паўстаюць перад любым чалавекам, які вырашыў у карані змяніць жыццё эмігранцкім шляхам. Канешне ж, тут будзеш ставіць на кон усё, што ёсць і яшчэ пазычыш, але ж толькі ў выпадку, калі ведаеш, што адваротнага шляху не будзе. Гэты падыход не вельмі пасуе адукаванаму і кваліфікаванаму спецыялісту, якога так чакае аўтар чарговых абяцанак. Тым больш, што мясцовыя прапагандысты ўжо вызначылі схему «прыехаў-адпрацаваў-з’ехаў дадому», якая напоўніцу гучыць на іх каналах. Неверагодна прывабна, згадзіцеся?

З прымаючага боку ўсё выглядае таксама не вельмі добра. Прывезці людзей можна, але ж іх трэба прыняць, накарміць ды пасяліць. Інтэрнатаў у прадпрыемстваў не тое каб шмат, да і ўмовы там, мякка кажучы, такія сабе. Разлічваць на тое, што кваліфікаваныя спецыялісты будуць жыць у намётавых селішчах як баявікі «Вагнера» — таксама  не вельмі прывабна. А калі яны яшчэ прыбудуць з сем’ямі, то ім коўдры выдаваць каб неяк адгарадзіцца ад суседзяў? Пэўныя праблемы з жыллём абавязкова будуць!

Далей ідзе працаўладкаванне, з якім таксама пытаннечкі. Кваліфікаваным іншаземным спецыялістам прыйдзецца плаціць адпаведныя заробкі, якія будуць адназначна вышэйшымі за звыклыя грашы для мясцовых, і гэта цягам часу няўмольна прывядзе да сацыяльнага канфлікту ў самых розных яго выявах. То бок да таго, чаго як агню баяцца ўлады. Дзяцей і жонак іншаземцаў будуць цкаваць у крамах і школах, а «спецыялістаў» па старой традыцыі неўзабаве будуць намагацца проста біць. Гэта ўжо не кажучы аб татальнай сацыяльнай ізаляцыі, асабліва ў невялікіх мястэчках і гарадках. Якім будзе адказ? Зразумела, што нават самыя невялікія дыяспары будуць аб’ядноўвацца і адказваць. Падвоены, а то патроены страшэнны сон уладаў!

Безумоўна, гэта разумеюць і сілавыя структуры. Таксама яны разумеюць і тое, што ўсходнія госці маюць зусім іншы тэмперамент і вельмі моцныя ўнутраныя сувязі на кроўным узроўні. Яны не будуць махаць кветкамі перад АМАПам, але ж будуць гваздаць чым пад руку давядзецца. 150 тысячаў? Гэта занадта нават для ўсіх цацачных спецназаў краіны. Нават 50 тысячаў ужо занадта. Нешта мне падаецца, што гэтае ўсё з красамоўнымі акалічнасцямі калі не ўжо даведзена да сведчання запрашальніка, то будзе даведзена ў самы бліжэйшы час. Значна прасцей традыцыйна перамагаць вядомага бяззбройнага інтэрнэт-каментатара, але ж з тым, хто з дзяцінства з заплюшчанымі вачыма разбірае і збірае «Калашнікава», такі нумар не пройдзе. Тут можна і нарвацца.

Канешне, шмат хто з чытачоў можа абвінаваціць мяне ў тым, што лепей перабдзець і папярэдзіць навалу. Але ж, даражэнькія мае, што рэальна вы можаце з гэтым зрабіць? Толькі скуголіць у інтэрнэт-суполках, сварыцца і прыніжаць адзін аднаго праз тое, што апанент з вамі не згодны? А калі адкінуць свае асабістыя сваркі і крыўды, то можна было б зрабіць і прасунуць сайт аб сапраўдным становішчы на Беларусі для пакістанцаў, якія хочуць лепшай долі і жадаюць збегчы з сваёй краіны хоць куды. Напісаць там праўду аб тым, што тут насамрэч робіцца і што іх тут чакае. Вы не паверыце, але ж яны таксама карыстаюцца інтэрнэтам. Гэта так, у парадку антынавуковага трызнення... Але ўсё ж лепей, чым сварыцца і прадвяшчаць будучыя згвалтаванні. Хопіць ужо біцца за пусты мех.