Святара не выпускаюць з-за кратаў, канфіскацыі і новыя суды. Хронікі рэпрэсій 8 красавіка
У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць святароў, звычайных людзей і былых чыноўнікаў: затрыманых не выпускаюць, маёмасць прадаюць, а новыя справы і прысуды становяцца вядомымі штодня.

Каталіцкага святара Анатоля Парахневіча не выпусцілі пасля затрымання
Як даведаліся вернікі, святара, затрыманага ў сярэдзіне сакавіка, не адпусцілі на волю, піша katolik.life.
Ужо больш за два тыдні ксёндз знаходзіцца за кратамі. Пры гэтым невядома, за што яго затрымалі і ў чым абвінавачваюць. Афіцыйных паведамленняў Касцёла няма.
У асяроддзі святароў вернікам таксама не даюць адказаў пра яго лёс. Некаторыя адзначаюць, што ніякай інфармацыі пра пробашча ў Альковічах няма.
Ксяндзу Анатолю 65 гадоў. У яго няма родных і блізкіх, таму даведацца нешта пра яго амаль немагчыма.
У Альковічах ён служыць з 2007 года, раней служыў у Ракаве і Заслаўі, навучаўся ў Беластоку.
Пры касцёле святар стварыў невялікі музей, дзе збіраў унікальныя рэчы: вышываныя арнаты XVIII стагоддзя, аздобленыя слуцкімі паясамі, калекцыю беларускіх рушнікоў і старадаўнія кнігі.
Улады прадалі кватэру былога суддзі, які адмовіўся судзіць пратэстоўцаў
У Пінску адбыўся аўкцыён, на якім прадалі кватэру былога суддзі Аляксея Пацко.
За яе змагаліся два ўдзельнікі, у выніку жыллё прададзена за 110 040 рублёў, піша @viasna_brest.
Сам Пацко адзначаў, што не ведае прычын продажу: кватэра была ўзятая ў крэдыт, які ён своечасова выплачваў.
Нягледзячы на гэта, улады прымусова пазбавілі яго маёмасці.
Палітычныя справы: новыя прысуды і суды
Веласіпедыста з Салігорска асудзілі па палітычным артыкуле
Яўгену Дзерунову 37 гадоў. Ён родам з Карэліі, але ўсё жыццё пражыў у Салігорску.
Пасля школы служыў у войску, працаваў слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі.
Яго галоўным захапленнем быў веласпорт: ён рэгулярна трэніраваўся, дзяліўся вынікамі, удзельнічаў у аматарскіх заездах.
Мужчыну затрымалі 30 чэрвеня 2025 года. Нядаўна яго асудзілі ў Мінскім абласным судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК.
Хутчэй за ўсё, яму прызначылі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі — у анлайне ён больш не з’яўляўся, піша «Наша Ніва».
Станіслава Прыгодзіча будуць судзіць завочна
31-гадовага Станіслава Прыгодзіча збіраюцца судзіць завочна.
Яму інкрымінаваныя:
— ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці);
— ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне або ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні»);
— ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі);
— арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады);
— арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі).
Суд прызначаны на 22 красавіка ў Гомельскім абласным судзе.
Мінінфарм абнавіў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго дадалі:
— старонкі ў Dzen «Илья Варламов» і «Першы»;
— Telegram-старонку «Афіша Беларусаў Бостана»;
— YouTube-канал «ПЕРШЫ РЭГІЁН».