Ліквідацыя парафій, затрыманні ў ZROBIM і новыя «экстрэмісцкія» справы. Хронікі рэпрэсій, 9 красавіка
У Брэсцкай вобласці фактычна зьнішчаная грэка-каталіцкая супольнасць, у Мінску сілавікі затрымалі каля 50 супрацоўнікаў ZROBIM architects, а КДБ працягвае пашыраць спісы «экстрэмісцкіх фармаванняў». Расказваем, чым адзначыліся апошнія дні.

У Брэсцкай вобласці ліквідавалі ўсе грэка-каталіцкія парафіі
Пра гэта паведамляе @katolik_life.
У Вярхоўным судзе Беларусі 9 красавіка прайшло пасяджэнне па разглядзе скаргі грэка-каталіцкай парафіі ў Брэсце на рашэнне Брэсцкага абласнога суда аб ліквідацыі парафіі. На жаль, скаргу не задаволілі — прынята канчатковае рашэнне аб пазбаўленні супольнасці рэгістрацыі як рэлігійнай арганізацыі.
Пра гэта даведаліся вернікі, але ні структуры Каталіцкай царквы, ні дзяржаўныя органы не паведамлялі аб ліквідацыі парафіі Святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце.
Больш за тое, рашэннем мясцовых уладаў была ліквідаваная таксама грэка-каталіцкая парафія Святых Кірылы і Мятода ў Баранавічах. Разам з парафіяй у Івацэвічах, якая раней не прайшла перарэгістрацыю, агулам ліквідаваныя ўсе тры рэлігійныя арганізацыі грэка-католікаў (уніятаў) у Брэсцкай вобласці.
У мінскі офіс ZROBIM architects прыйшлі сілавікі: затрыманыя каля 50 чалавек
Па інфармацыі @zerkalo_io ад двух не звязаных паміж сабой крыніц, затрыманыя ўсе супрацоўнікі, якія знаходзіліся на месцы, — гэта каля 50 чалавек.
Прычына цікавасці сілавікоў да кампаніі пакуль невядомая.
Найбуйнейшы чат сваякоў вязняў прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
6 красавіка КДБ надаў такі статус Telegram-чату «СИЗО №1 Колядичи». Акрамя яго, у адпаведны спіс дадалі 10 тэлеграм-чатаў, 9 вайбер-чатаў і 3 суполкі ва «Укантакце».
Гэта самы буйны чат па падтрымцы сваякоў вязняў, дзе сабраныя розныя гайды, якія дапамагаюць людзям арыентавацца пасля затрымання блізкага.
Прызнанне яго «экстрэмісцкім фармаваннем» — чарговы крок да крыміналізацыі ўзаемадапамогі.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў адзначыў, што гэта ставіць пад пагрозу каля 1800 удзельнікаў чата. Фактычна пад пераслед могуць трапіць усе сваякі зняволеных, якія шукаюць або аказваюць дапамогу.
Гаворка ідзе не толькі пра родных палітвязняў, але і пра ўсіх, чые блізкія знаходзяцца ў СІЗА і каму патрэбная падтрымка.
Паводле Марозава, улады мэтанакіравана знішчаюць не толькі палітычную актыўнасць, але і любыя формы ўзаемадапамогі: калі нават абмеркаванне перадач і чэргаў у СІЗА становіцца «экстрэмізмам», пад крыміналізацыю можа трапіць любая дапамога.
Таму важна працягваць гаварыць пра рэпрэсіі: пакуль пра іх вядома, людзей складаней ізаляваць, а маштабы пераследу — схаваць.
Суд прызнаў «экстрэмісцкімі» шэраг акаўнтаў у Instagram
7 красавіка было прынятае рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» акаўнтаў у Instagram з назвамі:
- stas_stan_stas (прыватны акаўнт, 322 падпісчыкі);
- andrei_pushkarou (прыватны акаўнт Андрэя Пушкарова, прадстаўніка Беларуска-амэрыканскага задзіночання «БАЗА», 155 падпісчыкаў);
- malinov.kust (прыватны акаўнт музыкі, лідара групы «Дрымон» і журналіста-фрылансера Іллі Маліноўскага, 427 падпісчыкаў);
- alex_valacuga (прыватны акаўнт трэвэл-блогера, 2 253 падпісчыкі);
- belaruscongress СУСВЕТНЫ КАНГРЭС БЕЛАРУСАЎ 2.0 (512 падпісчыкаў);
- prytuliaj (акаўнт беларускага шэлтэра ў Варшаве, створаны для дапамогі палітвязням і палітэмігрантам з Беларусі, 205 падпісчыкаў).
9 красавіка гэтыя рэсурсы ўключаныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Палітвязням забараняюць пісаць вершы ў лістах
Па інфармацыі, якую @legal_initiative атрымала ад сваякоў палітвязняў, у некаторых папраўчых калоніях зняволеным забаранілі пісаць вершы ў лістах.
Зняволеным не тлумачаць, чым выкліканая забарона, але за «паэтычныя» лісты могуць выклікаць на размову ў адміністрацыю і нават пакараць. Пакуль складана сказаць, наколькі распаўсюджаная гэтая практыка, ці з'яўляецца яна афіцыйнай забаронай або вынікам самаўпраўства асобных супрацоўнікаў, а таксама ці дзейнічае яна ў асобных калоніях ці паўсюдна.
Спецслужбы працягваюць пісаць беларусам замежжа з прапановамі «супрацы»
Праваабаронца «Вясны» Анастасія Васільчук атрымала сёння ў Instagram паведамленне ад карыстальніка hemel_son — ён прапаноўваў ёй «узаемавыгаднае супрацоўніцтва» з магчымасцю «вярнуцца на Радзіму».
Напрыканцы свайго паведамлення ён у якасці «яркага прыкладу нашага пагаднення» прывёў кейс зніклай Анжалікі Мельнікавай.
Былая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава знікла ў сакавіку 2025 года. Дакладнай інфармацыі пра яе далейшае месцазнаходжанне няма.