Новыя затрыманні, пашырэнне «экстрэмісцкіх» спісаў і ціск на сваякоў зняволеных. Хронікі рэпрэсій 10 красавіка
Сілавікі зноў прыйшлі ў офіс ZROBIM architects, працягваецца крымінальны пераслед і затрыманні. Улады пашыраюць «экстрэмісцкія» спісы, уключаючы чаты сваякоў зняволеных, і выкарыстоўваюць новыя метады кантролю — аж да ўкаранення ботаў. Паралельна працягваюцца прысуды і спробы ціску на беларусаў за мяжой.

Сілавікі другі дзень запар прыходзяць у ZROBIM architects
Як распавяла «Люстэрку» крыніца, знаёмая з сітуацыяй, раніцай 10 красавіка ў мінскі офіс ZROBIM architects ізноў прыйшлі сілавікі. Як і напярэдадні, следчыя дзеянні праводзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў.
Паводле крыніцы, большасць з прыкладна 50 супрацоўнікаў, затрыманых 9 красавіка, ужо адпусцілі. Аднак заснавальнік кампаніі Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar), паводле папярэдніх звестак, застаецца пад вартай. Другі сузаснавальнік студыі, Аляксей Караблёў, знаходзіцца ў ЗША.
Чаты сваякоў зняволеных прызнаюць «экстрэмісцкімі» і захопліваюць праз ботаў
Стаў вядомы поўны спіс чатаў і суполак калоній і СІЗА Беларусі, прызнаных «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Telegram: «СИЗО № 1 Колядичи», «СИЗО-2 Витебск», «СИЗО-6 Барановичи/Брест», «СТ-1 г.Гродно/СИЗО», «г.Могилев СТ-4 СИЗО», «СИЗО/Тюрьма №8 Жодино», «Тюрьма 4 Могилев (НЕ СИЗО!)», «ИК-20 Мозырь», «Хоз.отряд СИЗО №1», «ИК 8 Орша Беларусь».
Viber: «СИЗО-3 г.Гомель», «ИК-1», «Антошкина», «ИК-8 Орша», «ИК-3 Витьба», «ИК-11 Волковыск», «Пятнашка Вейно», «ИУ „ИК № 17 г.Шклов“», «ИК-17 Шклов».
«Укантакце»: «ИК № 2 г. Бобруйска», «ИУ ИК-9 г. Горки, Беларусь», «ИУ ИК № 14» (д. Новосады).
Паведамляецца, што ў гэтыя чаты невядомыя пачалі дадаваць спецыяльны бот. У рэдакцыю @MAYDAYMog даслалі скрын з тэлеграм-чата аршанскай ПК-8, дзе новы ўдзельнік — «Get My Id Bot|Get Myld» — стаў выконваць функцыі адміністратара замест жывога чалавека. Што стала з папярэднім адміністратарам — невядома.
Пасля кожнага паведамлення бот публікуе аднатыпныя паведамленні з нібыта ID карыстальнікаў. Падобныя боты заўважаныя як мінімум яшчэ ў двух чатах. Перад іх з’яўленнем у чаты дадаваўся новы карыстальнік, які і запускаў бота.
На дадзены момант, акрамя чата жаночай ПК-4 у Гомелі, практычна выдаленыя чаты шклоўскай ПК-17 і аршанскай ПК-8.
+37 чалавек у «спісе экстрэмістаў»
10 красавіка МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Спіс папоўніўся яшчэ 37 прозвішчамі — цяпер у ім 6505 чалавек. Сярод іншых туды ўключылі дырэктара па вытворчасці кампаніі Belaruskicry Ягора Бужылава.
Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»
У чарговае абнаўленне ўключылі:
Telegram-каналы «White Pride», «Ребе АдольфШтейн»;
Instagram-старонкі «belaruscharlotte», «americacenterminsk», «wim646wim», «_south.legion_1960»;
старонкі ў Facebook «Инициатива ДАР (Дворовые активисты за рубежом)», «Razam Switzerland»;
TikTok-акаўнты «freekuhar», «BNR_Base-&-Fast».
Пасля дэпартацыі — спробы вербоўкі: гісторыя Уладзя Лабковіча
Праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч атрымаў паведамленне ў Instagram з прапановай «бесперашкоднага ўезду і выезду ў Беларусь» у абмен на інфармацыю.
Вядома, што гэты ж акаўнт пісаў і іншым беларусам за мяжой. Напярэдадні падобнае паведамленне атрымала таксама праваабаронца «Вясны» Анастасія Васільчук.
Пасля вызвалення з калоніі 13 снежня 2025 года, дзе Лабковіч адбываў сямігадовы тэрмін, яго прымусова вывезлі ва Украіну. Пашпарт яму не вярнулі — выдалі толькі даведку без тэрміну дзеяння. У пачатку красавіка стала вядома, што яго сапраўдны да 2027 года пашпарт анулявалі.
Прысуд валанцёру пошукавага атраду
29-гадовага Марка Верашчагіна асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Мужчына працаваў дальнабойшчыкам і машыністам аўтакрана, а таксама дапамагаў пошукава-выратавальнаму атраду «Сімуран» — каардынаваў пошукі і арганізоўваў транспарт, удзельнічаў у дзясятках аперацый.
У 2022 годзе ён жыў у Мазыры, пасля працаваў у ЗША, але вярнуўся ў Беларусь. У 2025 годзе зноў пачаў працаваць у таксі ў Баранавічах, піша «Наша Ніва».
Верашчагін знік з сацсетак 7 кастрычніка 2025 года — імаверна, тады яго і затрымалі. Паводле наяўнай інфармацыі, яму прысудзілі «хатнюю хімію».