Пагроза высылкі, новыя прысуды і «экстрэмісцкія» спісы. Хронікі рэпрэсій 13 красавіка
У Беларусі працягваецца ўзмацненне ціску: асуджаным па палітычных справах пачалі пагражаць высылкай з краіны, выносяцца новыя прысуды, а «экстрэмісцкія» спісы папаўняюцца праектамі і людзьмі. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя мы сабралі галоўнае за апошнія дні.

Палітвязням пачалі пагражаць высылкай з краіны
Праваабаронцам стала вядома, што людзей, якія знаходзяцца на стадыі апеляцыі перад накіраваннем на «хімію», прымушаюць падпісваць абавязацельствы. У іх указваецца, што ў выпадку паўторнага парушэння Крымінальнага кодэксу яны могуць быць выдвараныя за межы Беларусі.
Гаворка ідзе не пра адзінкавыя выпадкі — практыка мае сістэмны характар.
61-гадовую мінчанку асудзілі па чатырох палітычных артыкулах
Святлане Ангелейка 61 год, яна родам з Рагачова і жыла ў Мінску. Да нядаўняга часу працавала ў Мінскім праектна-канструктарскім тэхналагічным інстытуце.
Яе справу разглядалі ў Мінскім гарадскім судзе. Жанчыну абвінавацілі адразу па чатырох палітычных артыкулах:
— ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да прычынення шкоды Беларусі),
— ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці),
— ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі),
— ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Яе асудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі, дакладны тэрмін невядомы, піша Наша Ніва.
Заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса перавялі ў турму
Паводле інфармацыі былых палітвязняў, у лютым Павел Белавус перавялі ў магілёўскую турму № 4 — без рэчаў і без біркі.
Ёсць верагоднасць, што супраць яго распачалі новую крымінальную справу.
Нагадаем, заснавальніку Symbal.by і культурніцкаму менеджару прысудзілі 13 гадоў калоніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК).
Новыя «экстрэмісцкія фармаванні»
КДБ дадаў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» праекты «Heta Baza» і «НСООБЕ Остенланд».
Паводле інфармацыі ведамства, дачыненне да «Heta Baza» маюць Паліна Шайко, Уладзімір Чумакоў і Яўген Базюк.
«Heta Baza» — беларуская моладзевая асветніцка-адукацыйная ініцыятыва, якая працуе з снежня 2022 года. Яна займаецца распрацоўкай і рэалізацыяй адукацыйных і асветніцкіх праектаў на актуальныя для беларускага грамадства тэмы.
Суд у завочным фармаце: справа Аляксандра Зубрыка
Напрыканцы красавіка пачнуць завочна судзіць 28-гадовага Аляксандр Зубрык.
Яму інкрымінуюць:
— ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці),
— ч. 2 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак),
— ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі),
— арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады),
— арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
Судовы працэс пачнецца 27 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе.
Прысуд па «справе Гаюна» ў Гомелі
У Гомельскім абласным судзе 18 сакавіка вынеслі прысуд Кацярыны Дубаўцовай — жыхарцы Гомеля.
Яе прызналі вінаватай паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і прызначылі 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Паводле інфармацыі Гомельскай Вясны, справу звязваюць з маніторынгавым Telegram-каналам «Беларускі Гаюн».
Раней жанчына працавала ў «Гомсельмашы», уваходзіла ў БРСМ і была сяброўкай выбарчых камісій.
Знойдзены пашпарт Мікалая Статкевіча — выезд забаронены
Знайшоўся пашпарт Мікалай Статкевіч — дакумент знаходзіўся ў СІЗА № 1.
Разам з ім — турэмныя рэчы, у тым ліку «судовы» прысуд і рашэнне апеляцыі.
Як паведамляе Telegram-канал @statkevichm, таксама ёсць рашэнне «суда», якое забараняе яму пакідаць краіну і нават наведваць казіно.
Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»
Чарговае папаўненне адбылося і ў «Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У яго ўключылі старонкі ў Instagram «releasenow_by», «kalinoucy_offlcal», старонкі ў «Аднакласніках» «Сяржук Паўзун», «Вика Синица», старонку ў Threads «belkrainec», старонку ў «X» «Belsat in English», старонкі ў Facebook «Belsat in English», «Прп Парп», «NADZEYA-ВY.cо.uк», а таксама старонку ў TikTok «Vо1аVо1а».